Вынесены прысуд Мікалаю Казлову і іншым членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска вынеслі прысуды па крымінальнай справе супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Іна Зубко, паведамляе «Вясна».

03.11.2022 / 11:20

Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у «Маршы новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Суддзя Анастасія Кулік прызначыла палітвязням тэрміны, якія 2 лістапада запрасіла пракурор Іна Зубко: Антаніне Кавалёвай — 1 год калоніі, Аксане Аляксеевай — 1,5 года калоніі, Мікалаю Казлову — 2,5 гады калоніі.

«Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны. Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле божых законаў», — сказаў Мікалай Казлоў у апошнім слове.

Nashaniva.com