Эксперт патлумачыў мэты радыкальных выказванняў Дзмітрыя Мядзведзева

Апошнім часам былы расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў публікуе ў тэлеграме ўсё больш хамскія і крыважэрныя допісы. Пагражае Польшчы падзелам, Вашынгтону — ядзерным апакаліпсісам. У расійскі Дзень народнага адзінства ён заявіў: мэта Расіі — спыніць Сатану. Але чаму далёка не дурны палітык, калісьці вядомы як прагрэсіўны тэхнакрат, пачаў фактычна капіяваць фрык-стэндапы Рыгора Азаронка? Якую мэту пераследуе Мядзведзеў? Ці сам ён піша свае пасты? На гэтыя пытанні «Нашай Ніве» адказаў Максім Самарукаў, расійскі палітолаг, намеснік рэдактара сайта carnegie.ru.

04.11.2022 / 20:26

«Мядзведзеў не сам піша гэтыя тэксты, — адразу папярэджвае Самарукаў. — Чаму ўсе ўпэўненыя, што ён сам іх складае і што ён сам так сапраўды думае? 

Пішуцца гэтыя пасты ягонай прэс-службай, гэта дакладна вядома. Нейкі час таму ў яго змяніліся работнікі прэс-службы, разам з гэтым была прапанаваная вось такая больш агрэсіўная палітыка. Гэта вядома з крыніц, інфармацыя даставерная.

Ці чытае гэтыя допісы сам Мядзведзеў? Напэўна, так, хаця б час ад часу, і, напэўна, ухваляе гэта, калі такія допісы з’яўляюцца ў ягоным афіцыйным канале». 

Але навошта гэтыя тэксты, якія выклікаюць ужо проста горкі смех, самому Мядзведзеву?

«Па-першае, у кагосьці яны выклікаюць смех, але ў кагосьці і захапленне.

Па-другое, усе іншыя варыянты Мядзведзеў ужо паспрабаваў. 

Наратывы, якія ён прасоўваў падчас свайго прэзідэнцтва, не прынеслі яму вялікай папулярнасці. Той рэфарматарскі, ліберальны імідж спрацаваў хіба толькі на гарадскую інтэлігенцыю і моладзь — але яны зусім ненадзейны рэсурс, на іх абапірацца нельга. Дый ім заўсёды будзе мала лібералізму, — тлумачыць эксперт. — А сёння рашэнні прымаюць увогуле зусім іншыя людзі. І лёс Мядзведзева, яго кар’ера залежаць зусім не ад таго, што думае маскоўская інтэлігенцыя. Ягоныя пасты накіраваныя не столькі на нейкі народ — яны накіраваныя ў першую чаргу канкрэтна на Пуціна.

Разумееце, у Мядзведзева ёсць гіганцкае дасягненне: ён адзіны правераны чалавек у атачэнні Пуціна, якому была давераная ўлада. І Мядзведзеў не стаў злоўжываць уладай супраць Пуціна. Гэта адзіны такі прыклад. 

Наўрад ці гэта адбудзецца, але калі раптам Пуцін вырашыць у 2024-м альбо 2030-м паставіць пераемніка зноў, то відавочна, што выбіраць таго пераемніка будзе не народ, а сам жа Пуцін. І адна прычына, каб выбраць Мядзведзева, прычым вельмі важкая, ужо ёсць. Гэта тое, што ён не стаў трымацца за ўладу. А цяпер ствараецца і другая: з'яўляецца ўражанне, што Мядзведзеў падзяляе пуцінскія погляды на свет, што ён гатовы набіраць папулярнасць сярод ультрапатрыятычных колаў. Бо калі разглядаць перспектывы чарговага транзіту ўлады, то немагчыма ж ваяваць з Захадам і пасля перадаць кіраўніцтва Расіяй чалавеку з іміджам празаходняга ліберала. Таму трэба стварыць Мядзведзеву новы, больш актуальны сённяшняй рэальнасці вобраз». 

Праўда, Максім Самарукаў упэўнены: пытанне пераемніка малаймавернае, усё рыхтуецца пад тое, каб у 2024 годзе перавыбраць Пуціна.

Таму ёсць яшчэ адна прычына, чаму ў тэлеграме Мядзведзева з’яўляецца адкрытая дзіч. Апошнім часам ён зусім не цяжкавагавік у расійскай палітыцы. І гэтая актыўнасць у тэлеграме — адзін з нешматлікіх варыянтаў для яго, каб заставацца ў публічнай прасторы, мяркуе Самарукаў. 

«Пуціну ж прыносяць агляд СМІ і тэлеграм-каналаў. І Мядзведзеў у тыя падборкі заўсёды трапляе. Адпаведна, Пуцін пра яго хаця б ведае. Бо асабістых сустрэч жа няма, толькі па вялікіх святах, і тое — пасля каранціну.

І такія допісы — у тым ліку для таго, каб трапіць на вочы Пуціну такім чынам, — кажа палітолаг. — Апаратных рэсурсаў у Мядзведзева проста няма. Пасада намесніка кіраўніка Рады бяспекі — што гэта? Ён нічым не кіруе. І гэтая рыторыка яго пастоў — спосаб выжыць, застацца ў першых шэрагах расійскай эліты. 

Фота Reuters

Давер Пуціна ў Мядзведзева, безумоўна, ёсць. Гэта паказваюць нейкія мерапрыемствы, якія час ад часу ладзяць з удзелам Мядзведзева: яго кудысьці возяць, паказваюць. І гэты давер заснаваны якраз на тым, што ён апраўдаў чаканні падчас прэзідэнцтва — галоўны, калі не адзіны, сённяшні мядзведзеўскі актыў. 

Варта адзначыць: у СМІ, у тэлеграме актыўныя якраз тыя персоны, каму не хапае апаратнага ўплыву. Тыя, хто сапраўды можа прымаць рэальныя рашэнні, не маюць патрэбы ў такой публічнасці. Што, часта Мішусцін выказваецца? Ці Сабянін? Уплывовыя персоны прысутнічаюць у СМІ вельмі абмежавана.

А вось тыя, у каго ўплыву нашмат менш, яны бачаць вайну як шанец падняцца. Але інструментаў у іх мала — і даводзіцца праз медыя вось так «мацаваць» свой імідж. І таксама праз свае выказванні яны прабіваюцца ў зводкі СМІ, такім чынам трапляючы на вочы Пуціну.

І актыўнасць нейкага персанажа ў СМІ — знак, што ніякіх іншых рычагоў у яго няма. Той жа Кадыраў. Так, гэта асаблівы губернатар, са сваімі тысячамі байцоў, асаблівымі паўнамоцтвамі. Ці Прыгожын са сваімі «вагнераўцамі». Але гэта людзі не першага шэрагу расійскай палітыкі — гэта людзі, якія праз медыя і гучныя заявы якраз спрабуюць у гэты першы шэраг прабіцца.

Тое ж і з уцечкамі ды інсайдамі. Уцечкі могуць арганізоўвацца тымі ж людзьмі, якія ў іх і фігуруюць. Прыгожын майстар такога жанру: расказаць журналістам, які ён уплывовы.

Тое ж тычыцца і інфармацыі брытанскага журналіста Мэцьюза, што Патрушаў і Бортнікаў пераканалі Пуціна пачаць вайну. Я б успрымаў гэта скептычна. Ды і згадаем пасяджэнне Рады бяспекі 21 лютага, калі Мікалай Патрушаў нешта не выказвае энтузіязму, наадварот, усім выглядам намякае, што лепш бы перамовы.

Ды і ўвогуле ўсё сведчыць пра тое, што для Пуціна Украіна — гэта вельмі важная асабістая тэма. Ён усё з ёю носіцца, усё намагаецца неяк вярнуць пад крыло Расіі, і я не думаю, што Пуціна патрабавалася пераконваць. Ён даўно да гэтага сам ішоў і рыхтаваўся, усё сведчыць пра гэта». 

Але калі вайна — асабістая справа Пуціна, то што адбываецца паміж ім і Лукашэнкам? Ёсць нейкія дамоўленасці паміж імі, каб Беларусь не ваявала? 

«Мяркую, што дамоўленасцяў няма, проста таму, што Пуцін захоўвае для сябе адкрытымі ўсе варыянты. І самі ўявіце: сустрэча, Пуцін кажа, каб Беларусь далучалася да вайны, а Лукашэнка адказвае, што не хоча. Можаце ўявіць такую сітуацыю? Я — не. 

Лукашэнка зараз настолькі залежны ад Крамля, што проста не можа адказаць «не». Ён можа ўдакладніць загад Крамля, унесці карэктывы, можа змякчыць… Але проста ўзяць і адмовіцца — ужо не можа. Ужо не тая сітуацыя. 

І Лукашэнка не зможа адмовіць Крамлю таксама таму, што гэта прамая і зразумелая пагроза. А калі Лукашэнка адправіць сваіх салдат ваяваць — гэта яшчэ трэба паглядзець, чым скончыцца. Таму калі выбар прыйдзецца рабіць, калі Крэмль дакладна захоча ўцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні, для Лукашэнкі больш небяспечна будзе адмовіць Пуціну, чым адпраўляць салдат ва Украіну». 

Nashaniva.com