У Казахстане падпісалі новыя законы: адмяняецца смяротнае пакаранне, сваякам прэзідэнта забаранілі займаць дзяржаўныя пасады

Некалькі законаў, распрацаваных пасля змены Канстытуцыі Казахстана, падпісаў 5 лістапада прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў. Адзін з дакументаў прадугледжвае стварэнне з наступнага года Канстытуцыйнага суда замест існуючай цяпер Канстытуцыйнай рады, пажыццёвым членам якой з'яўляецца экс-прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў, паведамляе Радыё Азаттык.

05.11.2022 / 18:37

Такаеў паставіў подпісы пад законамі аб упаўнаважаным па правах чалавека, аб пракуратуры, а таксама пад папраўкамі, якія мяняюць сістэму абрання дэпутатаў мажылісаў, уводзяць выбарнасць акімаў раёнаў і гарадоў абласнога значэння.

Такаеў заявіў, што рэформа Канстытуцыі азначае «пачатак новай эпохі ў гісторыі Казахстана».

Нягледзячы на абяцанні Такаева не перарабляць Канстытуцыю, летам у Асноўны закон былі ўнесены змены праз рэферэндум, восенню новыя папраўкі прыняў парламент. На рэферэндуме ў чэрвені былі адобраны дзясяткі паправак, якія, акрамя іншага, выключылі з Канстытуцыі ўсе згадкі пра першага прэзідэнта. Восенню сталіцы вярнулі ранейшую назву Астана. Горад больш за тры гады называўся Нур-султанам — у гонар экс-прэзідэнта Назарбаева (у 2019 годзе Такаеў прапанаваў «увекавечыць» яго імя і пераназваў горад). Нядаўнія ініцыятывы Такаева былі ўспрынятыя многімі як частка працэсу «дэназарбаевізацыі», які стартаваў пасля студзеньскіх падзей.

У пачатку года масавыя антыўрадавыя пратэсты — іх удзельнікі выступалі супраць палітычнай спадчыны Назарбаева, карупцыі і непатызму — перараслі ў беспарадкі, загінулі 238 чалавек. Пасля кровапраліцця Назарбаеў, на думку экспертаў, страціў былыя пазіцыі, якія захоўваліся за ім і пасля адстаўкі ў 2019-м, а Такаеў, наадварот, узмацніўся.

Каманда Такаева называе распрацаваныя па яго прапанове заканадаўчыя змены рухам да дэмакратызацыі.

Крытыкі, праваабаронцы і актывісты лічаць распрацаваныя Такаевым змены павярхоўнымі і недастатковымі.

Nashaniva.com