БТ кажа, што Еўропа патанае ў цемры. А вось што адбываецца з асвятленнем у цэнтры Барысава
Пакуль БТ пужае беларусаў адсутнасцю святла ў Еўропе, у Барысаве нават «на галоўным праспекце горада» ў 6 вечара — цемра. І піша пра гэта дзяржаўнае выданне «Мінская праўда», якая час ад часу дае на сваіх старонках дазаваную крытыку.
06.11.2022 / 19:05
Ілюстрацыйнае фота
«Праблема разбітых дарог зусім не новая для жыхароў Барысаўскага раёна. Але гэта не значыць, што з ёй можна проста змірыцца і пусціць на самацёк (у самым літаральным сэнсе). А калі да гэтага пытання дадаецца яшчэ адсутнасць асвятлення на вуліцы ў вячэрні час сутак, выйсця не застаецца — даводзіцца тэлефанаваць на прамую лінію», — даводзіць выданне.
З гэтай праблемай па дапамогу да намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Івана Маркевіча звярнулася Лідзія Мікалаеўна з райцэнтра.
Жанчына ўсхваляваным голасам распавяла аб тым, у якім страху яна жыве. Бо ісці з працы даводзіцца позна, калі ўжо цямнее, а на вуліцы нічога не бачна.
«Іду ў шэсць гадзін па вуліцы 8 Сакавіка — святла там няма. Іду па галоўным праспекце горада — у шэсць гадзін святла няма. На вуліцы цёмна, — дзеліцца Лідзія Мікалаеўна. — Пераходжу дарогу, а тут машына на такой хуткасці, што я ледзь паспела адскочыць!
У той самы дзень патэлефанавала ў райвыканкам. Сказалі, што разбяруцца. Потым я звярнулася да галоўнага энергетыка горада. Сказалі пакінуць заяўку на 115. У нас тут так: пакуль мы не скажам, што звернемся ў аблвыканкам, ніхто нас не чуе», — перадае словы жанчыны выданне.
Іван Маркевіч, паводле «Мінскай праўды», зафіксаваў сігнал і даў распараджэнне Барысаўскаму райвыканкаму разабрацца.