Адкуль з’яўляецца страх родаў і як яго пераадолець? Гутарым з перынатальным псіхолагам
Трывогі i страхі ў цяжарнай жанчыны — натуральная рэакцыя псіхікі на змены, якія будучая маці перажывае. Аднак у некаторых выпадках гэты стан бывае моцны і можа перашкаджаць у адаптацыі да новай ролі. Перынатальны псіхолаг Паліна Кузняцова расказала, як страх уплывае на дзіця, якая ёсць сувязь паміж трывогай падчас цяжарнасці і пасляродавай дэпрэсіяй і калі варта звярнуцца да спецыяліста.
13.11.2022 / 19:51
Фота: womens.es
З чым можа быць звязаны страх родаў?
Увогуле страх родаў — неад'емная частка натуральнага працэсу (як перад першымі родамі, так і наступнымі). У перынатальных псіхолагаў няма мэты «дастаць» яго цалкам, іх задача — даследаваць прычыны, дапамагчы падрыхтавацца да родаў.
«У першую чаргу страх родаў можа быць звязаны з негатыўным рэпрадуктыўным досведам жанчын у сям'і ці з блізкага асяроддзя, — расказвае Паліна Кузняцова.
— Наратывы, якія жанчына збірае вакол сябе з самага ранняга дзяцінства, уплываюць на тое, які страх у яе можа ўзнікнуць. Напрыклад, словы «ў нашай сям'і жанчыны нараджаюць цяжка» ці «пасля родаў жанчына перастае быць прывабнай для мужа» — устаноўкі, якія фарміруюць усвядомленыя і неўсвядомленыя страхі і трывогу».
Другое — страх, які звязаны з цялеснасцю. Напрыклад, страх болю, які фарміруецца пад уплывам часта досыць скажонага паказу родаў у кіно, СМІ, сацсетках. Ён можа быць шматразова ўзмоцнены, калі ў жанчыны ёсць досвед фізічнага ці эмацыйнага гвалту, траўматычны акушэрскі досвед.
«Наступны фактар — трывожны эмацыйны фон у сям'і. Гэта выпадак, калі жанчыне няма на каго абаперціся, а яна мае патрэбу ў людзях, якія маглі б у гэты перыяд яе падтрымаць і даваць магчымасць дзяліцца перажываннямі, натуральнымі для цяжарных жанчын», — пералічвае прычыны псіхолаг.
Чацвёртае — страх родаў можа быць звязаны з перфекцыянізмам, які ўласцівы шматлікім жанчынам у наш час.
«У многіх ёсць дастаткова жорсткі ідэалізаваны вобраз, як усё павінна быць як да, так і пасля родаў, — тлумачыць Паліна.
— Калі нешта ідзе не так (а ў цяжарнасці і родах ніколі нельга ўсё цалкам спрагназаваць і пракантраляваць), жанчыну гэта бянтэжыць.
Важна ўсвядоміць і прыняць, што роды — натуральны фізіялагічны працэс, які мы здольныя кантраляваць толькі збольшага.
Адэкватнай мерай кантролю пры падрыхтоўцы да родаў можа быць вывучэнне фізіялогіі і псіхалогіі родаў, выбар доктара, акушэркі, наяўнасць партнёра падчас родаў, людзей, якія выклікаюць у вас давер. Таксама выбар радзільнага дома і ўмоў знаходжання ў ім».
Фота: leleka.com.ua
Якая розніца паміж страхам і трывогай падчас цяжарнасці?
Па словах псіхолага, трывога — гэта эмацыйны стан, які ўзнікае ў чалавека натуральным чынам у сітуацыі нявызначанасці. Любая навізна ў нашым жыцці яе выклікае.
«Адаптыўная трывога дазваляе сабрацца, пачаць унутраную трансфармацыю. Яе аптымальны ўзровень неабходны, каб прыстасавацца да цяжарнасці і будучага мацярынства», — кажа яна.
Страх — гэта рэакцыя на нейкую канкрэтную небяспеку.
«Калі ёсць негатыўныя сцэнары, досвед, жанчынам паказана звяртацца да перынатальных псіхолагаў, праходзіць курс псіхатэрапіі.
Наша задача — нармалізаваць пэўную ступень трывогі і страху, навучыць спраўляцца з павышаным узроўнем», — тлумачыць яна.
Адкуль з’яўляецца страх зацяжарыць?
«Гэта можа быць звязана з нежаданнем у цэлым мець дзіця, праходзіць праз досвед цяжарнасці і родаў, — кажа псіхолаг.
— Мацярынства можа быць у іерархіі патрэбнасцяў пэўнай жанчыны на вельмі нізкіх пазіцыях. Дарэчы, гэты страх таксама можа паходзіць з нейкай траўматычнай гісторыі ўласных дзіцяча-бацькоўскіх адносін жанчыны, не вельмі сфармаванага мацярынскага антагенезу».
Фота: onclinic.ua
Таксама некаторыя жанчыны ўсё часцей пазбягаюць цяжарнасці па аб’ектыўных прычынах.
«Больш рэалістычна глядзяць, напрыклад, на партнёрства з нейкім мужчынам, эканамічную, палітычную сітуацыю. Жанчына ў такім сацыякультурным кантэксце можа не мець магчымасці даверыцца свету, паверыць, што ў яго можна прыводзіць новае жыццё», — расказвае Паліна.
Нежаданне нараджаць таксама можа быць звязана са страхам празмернага «зліцця» з дзіцем у першыя гады яго жыцця.
«Некаторыя жанчыны могуць пазбягаць цяжарнасці з-за страху будучай сімбіятычнай сувязі з дзіцем пасля родаў. Псіхолагі звычайна тлумачаць у такім выпадку, што гэта толькі адзін з этапаў, ён дастаткова непрацяглы ў маштабах усяго мацярынскага вопыту.
Часам такому страху спрыяе негатыўны дзіцячы эмацыйны вопыт самой жанчыны, калі прыхільнасць да бацькі не была дастаткова надзейная і бяспечная. Ёй проста няма адкуль узяць «будаўнічы матэрыял» для свайго будучага шчаслівага мацярынства», — кажа спецыялістка.
Ці трэба звяртацца перад цяжарнасцю да псіхолага, каб ён падрыхтаваў жанчыну?
Паліна не заахвочвае падыход залішняй псіхалагізацыі і медыкалізацыі цяжарнасці і родаў для кожнай жанчыны.
Цяжарнасць і роды — гэта натуральны працэс. У большасці выпадкаў у здаровай жанчыны ёсць усё неабходнае для таго, каб цялесна і эмацыйна прайсці праз гэты досвед.
«Працэс цяжарнасці доўгі ў тым ліку для таго, каб у жанчыны была магчымасць паступова эвалюцыянаваць, прывыкнуць і адаптавацца да таго, што яе жыццё зменіцца, — расказвае яна.
Фота: letidor.ru
Універсальнымі крыніцамі дапамогі і падтрымкі для будучых маці, акрамя пазітыўнага досведу іншых жанчын, стануць наведванне курсаў падрыхтоўкі да родаў і чытанне спецыяльнай літаратуры, тэматычных экспертных блогаў, відэа.
Паліна раіць некаторыя кнігі і блогі для цяжарных жанчын: Уільям Сірс «Ваш малыш ад нараджэння да двух гадоў» і «Рыхтуемся да родаў», Вэндзі Блумфілд «Жыццё пасля родаў», Людміла Петраноўская «Тайная апора. Прыхільнасць у жыцці дзіцяці», Ірына Рухава «200 пытанняў аб кармленні грудзьмі», Юлія Гіпенрэйтэр «Мець зносіны з дзіцем. Як?», блог Аляксандры Бутурлінай «Чаго хацець у родах», ютуб-канал Ніны Зайчанкі.
Што рабіць са страхам нараджаць?
Кожны трыместр цяжарнасці прысвечаны рашэнню пэўных псіхалагічных задач. Калі ў першым жанчына баіцца не стаць добрай мамай ці думае, што яе жыццё больш не будзе ранейшым, — гэта натуральны страх для такога этапу. З ім не трэба працаваць спецыяльна, калі ў жанчыны ёсць магчымасць размаўляць аб сваіх перажываннях з блізкімі, назіраць чужы шчаслівы рэпрадуктыўны досвед.
Калі жанчына баіцца не прыняць сваё дзіця, ігнаруе факт цяжарнасці, залішне ідэалізуе ці, наадварот, занадта катастрафізуе працэс ужо ў другім, а тым больш у трэцім трыместры, то тут трэба адназначна звяртацца да спецыяліста.
«У другім трыместры, калі жанчына адчувае варушэнні, з'яўляецца самая першая магчымасць кантакту з малым. Жанчына павінна звычайна эмацыйна рэагаваць на гэта. Калі эмоцый няма, то гэта таксама нагода для працы з псіхолагам па прыняцці цяжарнасці і будучага мацярынства», — тлумачыць Паліна Кузняцова.
Калі жанчына пазбягае падрыхтоўкі да родаў (напрыклад, не выбірае радзільню, не наведвае курсы, пазбягае куплі рэчаў для малечы), то тут таксама можа спатрэбіцца дапамога псіхолага з прапрацоўкай выцесненых трывогі і страху, адмовы прымаць будучыя змены.
Як страх уплывае на цяжарнасць і дзіця?
Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць, што ў жанчын з празмерным узроўнем трывогі падчас цяжарнасці, нараджаюцца больш узбуджаныя дзеці.
«Хочацца паўтарыць, што ў нас няма задачы не адчуваць страх ці трывогу перад родамі. Задача — ведаць свае індывідуальныя шляхі расслаблення і ўмець імі карыстацца, ссоўваць фокус увагі, калі фіксуем іх.
Страх родаў актуалізуецца ў трэцім трыместры цяжарнасці, таму дастаткова шмат жанчын звяртаюцца ў гэты перыяд з такім пытаннем», — кажа Паліна.
Фота: iz.ru
Ці звязаны паміж сабой страх родаў і пасляродавая дэпрэсія?
«Пасляродавая дэпрэсія можа запускацца як гарманальнай перабудовай (рэзкім падзеннем у жанчыны ўзроўню эстрагену і прагестэрону), так і псіхагеннымі фактарамі, — неўсвядомленымі і непрапрацаванымі страхамі і трывогамі. Варта таксама размежаваць паняцці пасляродавай дэпрэсіі і мацярынскай маркоты (baby blues)», — расказвае псіхолаг.
Мацярынская маркота (baby blues) — дабраякасны эмацыйны стан, які часта назіраецца на працягу першых дзесяці дзён пасля нараджэння дзіцяці. Найбольш частым сімптомам з'яўляецца нематываваны плач, ён можа спалучацца з радаснымі пачуццямі. Могуць быць скаргі на адчуванне дэперсаналізацыі, спустошанасці.
Гэты стан таксама можа суправаджацца раздражняльнасцю, адсутнасцю цеплыні ў стаўленні маці да дзіцяці.
Чым больш непрапрацаваных страхаў, трывог у жанчыны было падчас цяжарнасці, тым вышэйшая верагоднасць, што мацярынскі блюз будзе працякаць ярка i можа ў канчатковым выніку перарасці ў пасляродавую дэпрэсію.
«Калі блізкія не даюць выліць негатыўныя пачуцці, страхі, трывогі падчас цяжарнасці, то верагоднасць з'яўлення пасляродавай дэпрэсіі вялікая», — кажа псіхолаг.
Як адрозніць пасляродавую дэпрэсію ад мацярынскай маркоты?
Мацярынская маркота — гэта кароткатэрміновы стан. Ён праходзіць і рэдка спалучаны з функцыянальнымі парушэннямі.
Пасляродавая дэпрэсія можа ўзнікаць у першы год пасля нараджэння дзіцяці.
Адбываецца парушэнне сну, адсутнічаюць сілы, змяняецца апетыт і вага, цікавасць да дзіцяці, узнікае пачуццё безнадзейнасці і роспачы, плаксівасць. Гэта не проста пераменлівасць настрою, а функцыянальныя парушэнні.
«Гэта вельмi сур'ёзны званочак для блізкіх, каб своечасова прапанаваць дапамогу, пачаць шукаць спецыялістаў, — лічыць псіхолаг. — Прыклад развіцця і праходжання пасляродавага псіхозу ў вонкава шчаслівай жанчыны выдатна праілюстраваны ў фільме «Талі» і кнізе Ксеніі Красільнікавай «Не проста стамілася».
Чаму ў некаторых жанчын пасля родаў існуе страх узяць дзіця на рукі?
Ён звязаны са страхам нашкодзіць дзіцяці, жанчына ўспрымае малога як вельмі далікатнага, а сябе як недастаткова падрыхтаваную для гэтага кантакту.
Асабліва гэта праяўляецца, калі ў дзіцячым ці юнацкім узросце не атрымалася пазітыўнага ўзаемадзеяння з маленькімі дзецьмі.
Напрыклад, нарадзіўся брат, сястра спрабавала яго даглядаць, а старэйшыя крытыкавалі яе, казалі не чапаць, расказвалі, што можна нашкодзіць.
«Такім чынам, фармавалі вобраз дзіцяці, як кагосьці выключна далікатнага і ўразлівага, транслявалі дзяўчынцы сваю трывогу, няўпэўненасць, неабходнасць высокай ступені кантролю і поўную адсутнасць радасці і спантаннасці пры ўзаемадзеянні з дзіцем.
Усе гэтыя пасланні ўплываюць на тое, што дарослая жанчына будзе адчуваць сябе няўпэўнена з дзіцем, ёй будзе складана давяраць сабе, дазволіць сабе атрымліваць задавальненне ад узаемадзеяння з малым», — кажа яна.
Паліна любіць сваім пацыенткам расказваць гісторыю сваіх першых родаў.
«Пасля іх на абход прыйшла акушэрка. Спытала, ці памыла я дзіця. Я адказала, што не, бо не ведаю яшчэ, як гэта правільна рабіць, каб не нашкодзіць малому.
Яна майго сына смела ўзяла адной рукой, хутка падставіла пад ваду, вымыла і пераапранула, як кошка кацяня. Я вылупіла вочы, думала, што з ім зараз нешта адбудзецца.
Акушэрка па-добраму на мяне паглядзела, сказала не перажываць, таму што немаўляты не настолькі далікатныя, як падаюцца, яны вельмі жывучыя, у іх шмат сіл, патэнцыялу.
Гэта было выдатным падтрымліваючым тэрапеўтычным пасланнем ад старэйшай, упэўненай у сабе жанчыны да менш дасведчанай маці», — падсумоўвае псіхолаг.