У Палац мастацтва спусцілі спіс нядобранадзейных мастакоў. Патрабуюць прыбраць з выставы траціну прац

10 лістапада ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Дэкарт-22», дзе выстаўлены працы з керамікі, шкла і тэкстылю таленавітых беларускіх аўтараў. Але цяпер з выставы хочуць зняць ці не траціну прац. Зверху паступіў сігнал, што частка мастакоў — палітычна нядобранадзейныя. 

14.11.2022 / 16:04

Некаторыя мастакі ў 2020 годзе падпісалі адкрыты ліст супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, у іншых блізкія сваякі цяпер у калоніі па палітычных артыкулах, у кагосьці ў сацсетках былі пратэсныя публікацыі. З гэтых прычын творцаў цяпер спрабуюць адхіліць ад выставы.

«Выстава павінна працаваць да 9 снежня. У выніку сёння могуць зняць працы з экспазіцыі.

Чакаецца, што ад траціны да паловы аўтараў будуць «выдаленыя» з выставы. Мастакі чакаюць, хто з іх у спісах. Пакуль усіх праінфармавалі, што спісы дайшлі разам з патрабаваннем прыбраць работы, але прозвішчы не назвалі», — сказала крыніца «Нашай Нівы».

Паводле яе слоў, у выхадныя выстава працавала ў поўным аб’ёме.

«У панядзелак выхадны, і за гэты час Саюз мастакоў будзе спрабаваць максімальна выратаваць экспазіцыю — будуць пераконваць «галоўных мастацтвазнаўцаў» з сілавых структур і Міністэрства культуры, што калі прыбраць частку прац, то экспазіцыя страціць цэласнасць, і што ўсе аўтары абсалютна ідэалагічна бясшкодныя. Пакуль некаторым аўтарам было рэкамендавана замяніць свае прозвішчы на подпісах пад творамі», — адзначыла яна.

Фота: artpalace.by

Інфармацыю пра гэта пацвердзіў «Нашай Ніве» і адзін з мастакоў. Паводле яго слоў, спісы прыйшлі ў пятніцу раніцай. Колькі ў іх чалавек, ён не ведае.

«Адно зразумела: што калі ўсіх «нядобранадзейных» зняць з экспазіцыі, то зала, напэўна, застанецца пустой, і выстава стане нецікавай. Але, магчыма, я памыляюся», — гаворыць ён.

Nashaniva.com