Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Яе катавалі

Учора Лойка не выйшла на волю пасля 15-сутачнага арышту, бо была перазатрыманая па новым артыкуле. Сёння яе справу па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) разгледзелі ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Вынікам стаў чарговы арышт тэрмінам на 15 сутак.

14.11.2022 / 18:28

«На судзе Наста заявіла, што падчас арышту яе двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін. Наста моцна захварэла.

За ўвесь гэты час на Акрэсціна атрымалася перадаць лякарствы, аднак ёсць інфармацыя, што яны так і не дайшлі да Насты. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні без цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены», — паведамляе тэлеграм-канал @humanconstanta.

Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка і пазней асудзілі на 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).

Nashaniva.com