«Эліза Ажэшка і яе рэцэпты яднання для беларусаў». Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
1863 і 2020 гады для Беларусі вельмі падобныя — нечаканае яднанне і кансалідацыя грамадства, а на коне — вызваленне нашай радзімы. Як важна не сварыцца ў такія часы паміж сваімі і не шукаць ворагаў там, дзе іх няма — усё гэта добра ведала польскамоўная пісьменніца з Беларусі Эліза Ажэшка, пра якую ў чарговым выпуску на сваім Youtube-канале расказвае паэт, перакладчык, знаўца літаратуры Андрэй Хадановіч.
14.11.2022 / 18:53
У чарговым выпуску праграмы Хадановіча:
- як Багушэвіч прысвяціў Ажэшцы свой верш;
- чаму польскія крытыкі называюць пісьменніцу малодшай сястрой Адама Міцкевіча;
- складаны шлях Ажэшкі да любові да Гродна — як гэта было;
- хто здрадзіў сям'і Ажэшкі падчас паўстання 1863 года;
- якой была стратэгія барацьбы пісьменніцы за свабоду.
Вось некалькі думак з новага відэа.
Усе мы часам пачуваемся бяссільнымі, пачуваемся няздольнымі паўдзельнічаць у грамадскім руху, супрацьстаяць ворагу, які мацнейшы, але гэта радасць прычыніцца да агульнай справы хаця б драбніцаю, яшчэ калі цябе бачаць не чужаком, а сваім і патрэбным.
Сама Ажэшка прызнавалася: сціснутыя зубы і бяссільныя слёзы паразы паўстання зрабілі з яе пісьменніцу і грамадскую дзяячку. Яна проста прыняла іншую доўгатэрміновую стратэгію стваральнай дзейнасці — будаванне сваёй айчыны, свайго дома перад абліччам варожай імперыі, якая гэты дом і гэтую айчыну руйнуе. Сёння мы знаходзімся перад абліччам той самай імперыі. Мы адчуваем у горле слёзы і сціскаем зубы ў тым жа адчуванні няздзейснасці тут і цяпер нашых мар на перамогу ў паўстанні 2020-га, мы жывём у досведзе вайны 2022-га, мы спадзяёмся на перамогу святла над цемраю, але Эліза Ажэшка падкідвае нам рэцэпт: не спяшайцеся сварыцца і запісваць у ворагі тых, хто можа паслужыць, тых, хто дзесяцігоддзямі паводзіўся як чужы.
Памятайце наш налёт снабізму, калі людзі мянялі сваю грамадскую пазіцыю? Як мы іранічна казалі: «Пераабуваецца». Усё гэта дзяленне грамадства на неверагодных і свядомых, усё гэта бурканне незадаволенасці старых змагароў: «А дзе вы, а дзе вашы твары былі ў 2001-м, 2006-м ці 2010-м?» Ажэшка паказвае, як гэта неістотна на фоне яднання, якое мусіць адбывацца, і раней ці пазней абавязкова адбудзецца.
Памятаем, што сёння мы самі з'яўляемся ўстановамі культуры, таму чытаем беларускую літаратуру, глядзім новы выпуск пра неверагодную Элізу Ажэшку, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся гэтым відэа з сябрамі і сяброўкамі.