Кіслоты, энзімы і рэтынол. Топ касметычных сродкаў на восень і зіму — беларускія і замежныя
Восень — ідэальны час для таго, каб увесці ў догляд твару актыўныя інгрэдыенты. Вось якія класныя прадукты з рознымі актывамі ёсць сярод беларускіх брэндаў і замежных, піша Citydog.io.
17.11.2022 / 09:16
Саліцылавая кіслата
Знаходка для праблемнай скуры: аблушчвае скуру, ачышчае поры, змяншае запаленні. Ідэальны фармат — тонікі і сывараткі, але і ў ачышчальных гелях з саліцылавай кіслатой ёсць сэнс: так аблушчванне атрымаецца больш далікатным.
Галоўнае з саліцылавай кіслатой (як і з любым іншым актыўным інгрэдыентам) — не перабаршчыць: можна атрымаць сухасць і лушчэнне.
Ачышчальны гель для мыцця Caudalie Vinopure.
Маска для твару з фруктовымі кіслотамі «Беліта» Satin Skin.
Тонік ART & FACT.
Эксфаліянт Cream.ly Exfoliate My Skin.
Азелаінавая кіслата
Калі ў вас няма пастаянных праблем з высыпаннямі і вам не трэба моцнае аблушчванне на пастаяннай аснове, прыгледзьцеся да прадуктаў з азелаінавай кіслатой: яна больш мяккая і прыемная ў выкарыстанні, а яшчэ выдатна падыходзіць для адчувальнай скуры.
Крэм-карэктар G. Love.
Сываратка з азелаінавай кіслатой Don't Touch My Skin.
Рэтынол
Рэтынол працуе адразу з дзвюма праблемамі: і з высыпаннямі змагаецца, і ад маршчын ратуе. Карацей, калі падлеткавыя прышчы яшчэ не прайшлі, а маршчыны ўжо з'явіліся — рэтынол якраз для вас.
Пачынаць лепш з нізкай канцэнтрацыі: пары выкарыстанняў на тыдзень для пачатку цалкам хопіць.
Інтэнсіўны канцэнтраваны антыўзроставы сродак La Roche-Posay Redermic Retinol.
Сываратка з рэтынолам 0,4 % для скуры любога тыпу Don't Touch My Skin Retinol.
Сываратка SVR [a] Lift Smoothing Concentrate.
Увільгатняльны крэм Bielita Retinol & Collagen.
Вітамін С
Вітамін С — найлепшы сябра ўсіх, хто праводзіць за камп'ютарам больш часу, чым на вуліцы, — гэта значыць, для ўсіх нас. Асвятляе і выраўноўвае тон скуры, дадае ёй ззяння і жыцця — карацей, усяго таго, чаго восенню нам асабліва не хапае.
А яшчэ вітамін С — адзін з тых актыўных інгрэдыентаў, якія можна і нават трэба выкарыстоўваць раніцай. Калі ўсе папярэднія прадукты — хутчэй вячэрняя гісторыя, то сродкі са спісу ніжэй можна смела наносіць раніцай: вітамін С, апроч іншага, зніжае фотаадчувальнасць і працуе яшчэ і як антыаксідант.
Аднаўляльная эмульсія Masstige.
Сываратка Vitex Vitamin Active.
Сываратка SVR [C] Anti-Ox Radiance Concentrate.
Крэм-філер La Roche-Posay Pure Vitamin C Light.
Сываратка Liv Delano Glow Up.
Энзімы
Важны спойлер, які трэба было б размясціць у пачатку тэксту: і кіслоты, і рэтынол павышаюць адчувальнасць скуры да сонца — восенню і зімой гэта, магчыма, не так страшна, а вось летам без SPF іх выкарыстоўваць дакладна не варта.
Калі вы ўсё яшчэ не прыхільнік SPF, а аблушчвання і роўнага тону хочацца — прыгледзьцеся да прадуктаў з энзімамі: яны працуюць больш мякка і не павышаюць фотаадчувальнасць.
Энзімная пудра Babor.
Энзімны пілінг Sativa.
Энзімная пудра Bielita.