За выступ перад работнікамі «Беларуськалія» прафсаюзнага лідара асудзілі на 2,5 года калоніі
У Мінскім абласным судзе 15 лістапада асудзілі палітзняволенага Аляксандра Мішука паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы). Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук, паведамляе «Вясна».
15.11.2022 / 13:51
Аляксандра затрымалі 25 мая 2022 года на працоўным месцы. У яго дома і ў кабінеце на працы правялі вобшукі. Мужчыну на працягу двух месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА-1 Мінска. Чатыры месяцы Аляксандру не дазвалялі спаткацца з жонкай.
Падчас другога судовага пасяджэння зачытвалі паказанні сведкаў, у тым ліку адміністрацыі ААТ «Беларуськалій», актывістаў Беларускага незалежнага прафсаюза. Старшыня пярвічнай арганізацыі «Белхімпрафсаюз» Андрэй Рыбак, які таксама выступаў у судзе, адзначыў, што яго прафсаюз быў супраць забастоўкі, а незалежны прафсаюз забастоўку падтрымліваў.
Пракуратура паставіла ў віну Аляксандру яго выступленне перад работнікамі з «мэтай стварэння забастовачнага камітэта». У сваю чаргу Аляксандр тлумачыў сваё выступленне як эмацыйнае, паколькі ў той час усе знаходзіліся пад уздзеяннем эмоцый з-за масавага гвалту з боку сілавікоў.
14 лістапада на чарговым пасяджэнні пракурор запрасіў Аляксандру 3 гады калоніі.
15 лістапада суддзя Мінскага абласнога суда Вікторыя Паляшчук прызнала Аляксандра Мішука вінаватым паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і асудзіла яго на два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Аляксандр Мішук — віцэ-старшыня Беларускага незалежанага прафсаюза (БНП) і старшыня пярвічнай арганізацыі БНП «Беларуськалій».