Чалавецтва стала яшчэ на крок бліжэй да штучнага мяса. Навукоўцы даказалі яго бяспечнасць
Упраўленне па кантролі за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі ЗША абвясціла, што мяса, створанае ў лабараторыі з курыных клетак без неабходнасці забойства жывёлаў, такое ж бяспечнае, як і звычайнае.
17.11.2022 / 22:25
Адзін з курыных прадуктаў UPSIDE Foods / Фота: upsidefoods.com
Кампанія UPSIDE Foods, якая займаецца вырошчваннем мяса, завяршыла працэс кансультацый з амерыканскім Упраўленнем па кантролі за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі (FDA) перад выхадам на рынак. Агенцтва не знайшло прычын сумнявацца ў заявах кампаніі аб бяспецы лабараторнага мяса, піша Gizmodo.
UPSIDE Foods выкарыстоўвае невялікую колькасць курыных клетак + пажыўныя рэчывы без забою жывёл. Кампаніі на працягу доўгага часу безвынікова змагаліся за адабрэнне рэгулятарамі мяса з прабірак у ЗША. А без узгаднення FDA ніводзін вытворца не пачынаў выпускаць сваю прадукцыю ў таварным маштабе.
Нягледзячы на тое, што тэхнічна гэта не «працэс зацвярджэння», ацэнка FDA азначае зялёнае святло для тэхналогіі і метаду вытворчасці кампаніі.
Культываванае мяса на працягу многіх гадоў раскручвалася як патэнцыйнае рашэнне мноства экалагічных недахопаў традыцыйнай жывёлагадоўлі. Нягледзячы на тое, што некаторыя даследаванні ставяць пад сумнеў фактычную карысць для навакольнага асяроддзя вырашчаных у лабараторыі біфштэксаў, філе і галёнак, насамрэч цяжка вымераць уплыў гэтай тэхналогіі на клімат і забруджванне, бо «мяса без жывёл» застаецца пакуль што ў асноўным тэарэтычным прадуктам.
Культываванае мяса звычайна вырошчваецца ў вялікіх чанах, дзе невялікая колькасць жывёльных клетак падкормліваецца спецыяльным пажыўным матэрыялам / Фота: upsidefoods.com
Калі UPSIDE захоча прадаваць сваю прадукцыю ў крамах, ім давядзецца прайсці дадатковы кантроль з боку Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША і Службы бяспекі і інспекцыі харчовых прадуктаў.