«Масквіч» хутка вернецца на дарогі Беларусі, але гэта будзе не масквіч, а аньхоец
Пра тое, што расіяне збіраюцца адрадзіць марку «Масквіч», загаварылі адразу пасля таго, як стала вядома, што Renault сыходзіць з Расіі. Вырабляць іх маюць на нацыяналізаваным заводзе Renault у Маскве. А днямі стала вядома, якім будзе новае аўто.
20.11.2022 / 14:39
За гучнымі заявамі пра «адраджэнне» легендарнага савецкага брэнда стаіць тое, што цяпер замест аўтамабіляў маркі Renault у Маскве проста наладзяць крупнавузлавую зборку кітайскіх JAC JS4. Іх і будуць прадаваць пад маркай «Масквіч».
JAC JS4. Фота: ccarprice.com
У Маскве плануюць збіраць як аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання, так і электрамабілі. Згодна з данымі ў базе Расстандарта, машына з бензінавым рухавіком будзе выпускацца пад назвай «Масквіч 3», а электрамабіль будзе мець назву «Масквіч 3е».
Улічваючы той факт, што беларускі рынак новых аўто моцна залежыць ад расійскага, можна не сумнявацца, што праз некаторы час пасля таго, як «Масквічы» паступяць у продаж у РФ, яны з'явяцца і ў Беларусі. Гэта ў сваю чаргу яшчэ больш павялічыць долю кітайскіх аўто на нашым рынку.
Аб тым, што беларусы вымушана робяцца «больш лаяльнымі» да аўто кітайскіх брэндаў, падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі гаварыў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода.
Прагназуецца павелічэнне долі кітайскіх марак у продажы. Іх доля ў кастрычніку ўжо перавысіла 60%. Пачынаючы з чэрвеня, Geely з'яўляецца абсалютным лідарам па продажы легкавых машын у краіне. Цалкам верагодна, што Geely ўтрымае сваю пазіцыю. 17 лістапада «БелДжы» прэзентавала седан Emgrand7 New. Кошт новай мадэлі пакуль не агучылі, але ў любым выпадку гэта будзе самае даступнае аўто ў лінейцы, паколькі на бягучы момант у Беларусі выпускаюць толькі паркетнікі Geely.
Тым не менш, агульныя лічбы продажу новых аўто ў Беларусі выглядаюць апакаліптычна. Чакаецца, што ў гэтым годзе дылерамі будзе прададзена каля 14 тысяч новых легкавых аўтамабіляў. Тады як у мінулым годзе гэтая лічба перавышала 40 тысяч.
Кітайская кампанія JAC Motors месціцца ў горадзе Хефэй правінцыі Аньхой. JAC расшыфроўваецца як Хуайхэйская аньхойская кампанія — па назве правінцыі і геаграфічнага рэгіёна, па назве ракі Хуайхэ. Гэта не самы вялікі вытворца аўтамабіляў у Кітаі, кампанія вырабляе каля 500 тысяч машын за год, пераважна грузавых бусаў і пікапаў. Электрамабілі JAC выпускае ў партнёрстве з «Фольксвагенам».