Беларускія кіберпартызаны заявілі пра ўзлом расійскага Раскамнагляда
Групоўка «Кіберпартызаны» заявіла, што нанесла ўдар па Галоўным радыёчастотным цэнтры Раскамнагляда — структуры, якая займаецца цэнзурай інтэрнэту і, у прыватнасці, блакуе антываенныя рэсурсы.
19.11.2022 / 10:29
«З пачатку вайны гэта арганізацыя сочыць за праціўнікамі пуцінскага рэжыму ў інтэрнэце, вышуквае непажаданыя дыктатуры рэсурсы, піша даносы ў ФСБ і пракуратуру РФ, спрабуе дамагчыся блакавання сэрвісаў, якія дапамагаюць даносіць праўдзівую інфармацыю», — напісалі ў сваім канале «Кіберпартызаны».
Кіберпартызаны сцвярджаюць, што ўзламалі ўнутраную сетку ГРЧЦ, выпампавалі дакументы, перапіскі і пошту супрацоўнікаў, сістэмы сачэння за імі (два тэрабайты інфармацыі), зашыфравалі працоўныя станцыі, пашкодзілі дамен-кантролер.
«Праца галоўнага крамлёўскага цэнзара парушаная. У нас таксама велізарная колькасць матэрыялаў, якія даказваюць маштабнае сачэнне ў сетцы і спробы ўсталяваць татальны кантроль за ўсімі, хто за апошнія 20 гадоў выказваўся супраць пуцінскага рэжыму», — паведамляюць кіберпартызаны і прыкладаюць скрыны.
«Мы ўсур'ёз пакуль яшчэ нічога не пачыналі», — кпяць кіберпартызаны, выкарыстоўваючы фразу Уладзіміра Пуціна, якой ён апраўдваў адступленне расійскай арміі з поўначы і ўсходу Украіны.
«Кіберпартызаны» — групоўка IT-спецыялістаў, якая ўзнікла ў 2020 годзе ў адказ на фальсіфікацыю выбараў у Беларусі і рэпрэсіі. Пасля пачатку вайны ва Украіне кіберпартызаны ажыццявілі некалькі акцый кіберсабатажу, каб ускладніць дзеянні расійскіх войскаў.
Чытайце таксама: Прадстаўніца кіберпартызанаў расказала колькі іх і раскрыла дэталі аперацый. У тым ліку на чыгунцы
Кіберпартызаны на застаўцы сваёй інфармацыі выкарысталі таксама лагатып Палка імя Кастуся Каліноўскага — беларускага добраахвотніцкага фарміравання, якое ваюе за незалежнасць Украіны. Хакеры напісалі: «Рускі ваенны карабель, ідзі нах… з Беларусі і Украіны!».