«Вясковы ідыёт». У ЗША выйшла кніга пра Хаіма Суціна
У амерыканскім выдавецтве Melville House выйшаў англамоўны раман Стыва Стэрна «Вясковы ідыёт».
22.11.2022 / 21:30
Вокладка кнігі: The Village Idiot by Steve Stern; Published by Melville House, 2022. У аснове вокладкі — партрэт Суціна аўтарства Амедэа Мадыльяні, яго найлепшага сябра, 1916 г.
74-гадовы амерыканскі габрэйскі пісьменнік Стыў Стэрн напісаў вельмі дзіўны раман — «Вясковы ідыёт» (The Village Idiot). Перад чытачом паўстае белетрызаванае жыццё мастака Хаіма Суціна — генія родам са Смілавічаў, выгнанца і местачкоўца. Неахайны мастак з трагічным лёсам, інтэлектуальны эскапіст ператвараецца ў Стэрна ў прарока сучаснага мастацтва, піша ізраільскае выданне «КульБыт» і публікуе інтэрв'ю Ліны Ганчарскай з аўтарам — Стывам Стэрнам.
Змешваючы біяграфічныя факты і выдумку, аўтар рамана імкнецца надаць плоць і кроў голым косткам таго нямногага, што вядома пра Суціна. Ён уваскрашае выродлівыя твары з суцінскіх карцін, выгнутыя ветрам дрэвы, акрываўленыя валовыя тушы і мёртвых птушак, і гэта, як ні парадаксальна, ажыўляе апавяданне.
Кніга прасякнута гумарам і болем, насычана п'янкой атмасферай Парыжа, які ў часы Суціна быў культурнай сталіцай свету — месцам, дзе ўсё падавалася магчымым.
У «салодкім нябесным бязладдзі» карцін Суціна, вар'яцкіх і прыземленых,
у акце дзёрзкай творчай алхіміі Стэрн змешвае жыццё мастака з габрэйскім фальклорам і містыкай, і робіць гэта на дзіва вынаходліва: дзеянне нясецца так імкліва, што вам хочацца прышпіліцца.
Жыццё ў палоне
«Вясковы ідыёт» адкрываецца цудоўнай сцэнай гонкі на лодках па Сене цудоўным вясновым днём 1917 года.
Побач працягваецца крывавая бойня Першай сусветнай вайны, а некалькі выдатных мастакоў вырашылі зладзіць рэгату, на чале якой — Амедэа Мадыльяні, які па-каралеўску сядзіць у ванне, запрэжанай чарадой парусінавых качак. Але ў яго, у адрозненне ад канкурэнтаў, ёсць сакрэтная перавага: яго неразлучны сябар Хаім Суцін штурхае ванну пад вадой.
Справа ў тым, што вынаходлівы італьянец угаварыў Суціна, вечна нямытага мастака-няўдачніка (які, дарэчы, не ўмеў плаваць), надзець гідракасцюм і ісці па дне Сены. Дэзарыентаваны і збіты з панталыку Хаім, ліхаманкава ўдыхаючы паветра з балона, спатыкаецца аб падзеі свайго мінулага і будучага жыцця.
Гэта, зразумела, абсалютна незвычайнае жыццё. Ён нарадзіўся ў беларускім мястэчку Смілавічы, уцёк у Мінск, потым ненадоўга ў Вільню, потым, нарэшце, у Парыж, дзе вёў жабрацкае існаванне падчас Années Folles — «Вар’яцкіх гадоў», так у Францыі называлі 1920-я. Так было, пакуль у яго жыцці не з'явіўся, як у казцы пра Папялушку, амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс. Ён ацаніў талент мастака-жабрака і прыцягнуў да яго сусветную ўвагу. Але,
нягледзячы на вядомасць Суціна ў Новым Свеце, калі пачалася Другая сусветная вайна, Амерыка не выдала яму ўязной візы.
Паколькі пра жыццё Суціна вядома зусім мала, а ўсё астатняе — апокрыфы, то, паводле аднаго з іх, ён памёр у акупаваным нацыстамі Парыжы. Згодна з іншай легендай, ён сканаў у катафалку па дарозе ў Парыж. Трэці апокрыф прыпісвае яму смерць ад перытаніту ў выніку шматгадзіннай аперацыі. Пішуць, што ў шпіталь ён трапіў па фальшывых дакументах (для габрэя гэта было немагчыма) і нібыта быў пахаваны пад чужым імем. За труной Суціна, паводле апокрыфа, ішлі два чалавекі: Пабла Пікасо і Жан Както.
Усё яго нядоўгае жыццё Хаімам Суціным рухаў неаслабны запал маляваць. Дзіцем ён маляваў, хоць бацька і браты з яго за гэта кпілі і нават білі. Ані калекцыянеры, якія падтрымлівалі яго, ані сябры (як Мадыльяні), якія заступаліся за яго, ані жанчыны, якія змагаліся за яго, не перакрывалі для яго жывапіс, маляванне было для яго перадусім.
Але потым па Еўропе панёсся нацызм, знішчаючы ўсё габрэйскае на сваім шляху, у тым ліку цэлае пакаленне таленавітых мастакоў. Некаторым, як Суціну, удалося пазбегнуць палону. Але ўсё сваё жыццё ён знаходзіўся ў іншым палоне, пра які гаворка са Стывам Стэрнам у інтэрв'ю ніжэй.
Фантазія Стыва Стэрна спарадзіла на свет і іншыя падрабязнасці неіснуючай біяграфіі: у рамане Мадыльяні апоўначы цягне Суціна з публічных дамоў на злачынствы, а на досвітку — на дуэлі. Хаім круціць раманы з прыўкраснымі жанчынамі, якія спаборнічаюць за права стаць ягонай каханкай. Паказальная сцэна ў рэстаране на Манпарнасе, дзе Суцін, які толькі што прыбыў у Парыж, выпадкова выклікаў пажар і не можа нават папрасіць прабачэння, бо не ведае французскай.
Суцін і Мадыльяні апынуліся ў цэнтры залы, стоячы пад дугавой лямпай, ахутанай дымам. Там да іх далучыўся таўстатвары бармэн з апаленымі бровамі і барадой, чый несуцешны гумар наводзіў на думку, што ён з такім жа поспехам мог бы быць уладальнікам рэстарана. Спыніўшы стогны, ён павярнуўся да іх.
— Жа сюі дэзале, — сказаў Хаім на сваёй пачатковай французскай.
Мелася на ўвазе: «Мне шкада».
«Нешта ад князя Мышкіна»
Стыў Стэрн нарадзіўся ў Мемфісе, штат Тэнэсі, у 1947 годзе. Вучыўся ў амерыканскіх і ангельскіх універсітэтах, апублікаваў шмат кніг і зборнікаў апавяданняў, натхнёных габрэйскім фальклорам, атрымаў прэмію О'Генры, дзве прэміі Pushcar Prize, прэмію Эдварда Люіса Уоланта (за габрэйска-амерыканскую мастацкую літаратуру), Нацыянальную габрэйскую кніжную прэмію, а яго раман «Анёл забыцця» быў названы газетай Washington Post адной з найлепшых кніг 2005 года.
Стэрн, які выкладае ў каледжы Скідмар, таксама ўдастоены некалькіх вядомых навуковых узнагарод, у тым ліку стыпендыі Фулбрайта і стыпендыі фонду Гугенхайма.
Стыў Стэрн. Фота: Sabrina Jones
Ліна Ганчарская пагутарыла са Стывам Стэрнам пра яго новы раман, знаходзячыся ў Тэль-Авіве; яе суразмоўца быў у сябе дома, у Мемфісе.
— Назва, на мой погляд, недвухсэнсоўна адсылае да рамана «Ідыёт» Дастаеўскага. Ці мелі Вы гэта на ўвазе?
— Што датычыць водгаласу Дастаеўскага ў назве кнігі, то ён быў непазбежны, і
я мяркую, што ў Хаіме Суціне было нешта ад князя Мышкіна, якога ўсе вакол лічылі бажавольным. Але, шчыра кажучы, я больш думаў пра shtot meshugener, вясковага ідыёта — стандартны персанаж габрэйскай літаратуры.
Сярод дзеючых асоб казак на ідыш заўсёды сустракаюцца ўстойлівыя архетыпы: напрыклад, шадхен (сват), бадхен (вясельны блазан, ён жа тамада), ента (пляткарка) і гэтак далей. І заўсёды ёсць больш ці менш звар'яцелы персанаж, адсталы местачковец-недарэка, злёгку нават юродзівы, якому часта дастаецца ад людзей.
У маім уяўленні мястэчку, дзе нарадзіўся Хаім, не хапала свайго ўласнага ідыёта — абавязковай рысы местачковага пейзажа. І паколькі хлопчыка лічылі паўдуркам за тыя трансгрэсіўныя карціны, якія ён маляваў, я палічыў цалкам натуральным, што жыхары Смілавічаў маглі б прызначыць яго shtot meshugener. Гэтая рэпутацыя адправілася ўслед за ім у Парыж і захавалася там сярод яго суайчыннікаў.
Але, калі пакінуць убаку дзіўную і эксцэнтрычную натуру, Суцін быў геніем. Яго карціны былі арыгінальнымі, натхнёнымі і дзіка прыгожымі. Так што калі яго — нямытага, непісьменнага, нецывілізаванага, які дрэнна размаўляў на любой мове, акрамя ідыша, лічылі ідыётам, то гэта адназначна быў ідыёт-савант.
— Яго называлі мастаком пераўтворанай плоці. Свае тушы ён маляваў на парыжскім Цэнтральным рынку, дзе, напэўна, мяснікі пасмейваліся з яго. Можна толькі здагадвацца, што прымусіла Суціна пісаць разабраныя тушы; магчыма, так ён вызваляў сябе ад вобразаў местачковага галоднага дзяцінства?
— Так, ён маляваў разабраныя тушы на рынку, але яшчэ больш быў вядомы тым, што прыцягваў гэтыя тушы — цэлымі! — у сваю кватэру, дзе ператвараў іх у экспрэсіўныя нацюрморты; яны раскладаліся, на іх зляталіся мухі. Гэта прыводзіла да скандалаў з суседзямі і нярэдка заканчвалася выклікам паліцыі. Аднойчы ён сказаў, што ў дзяцінстве назіраў, як мяснік перарэзаў горла ягняці. Тады ён хацеў закрычаць, але крык засеў у яго ў горле і так і не вырваўся вонкі.
Я мяркую, што ўсе карціны з мёртвымі жывёламі, якія ён маляваў так апантана, былі ў нейкай ступені спробай вызваліць гэты крык; і хоць ён сцвярджаў, што яму ніколі не ўдавалася выказаць тое, што ён адчуваў, самі карціны служаць свайго роду пасмяротным крыкам душы, які мастак здабываў з істотаў, няздольных выказаць свой боль.
— Суцін у вашай кнізе — такі, якім ён быў, ці ўсё-ткі злёгку выдуманы? І калі выдуманы, чым ён адрозніваецца ад рэальнага Суціна?
— Упэўнены, што любая белетрызаваная версія сапраўднага гістарычнага персанажа асуджаная, урэшце, стаць выдумкай. Мой Суцін, безумоўна, гібрыд чалавека і міфа. Адна з прычын, па якой я палічыў яго імаверным героем сваёй будучай кнігі, палягала ў тым, што пра яго жыццё напісана так мала; сам ён ніколі не пісаў пра сябе ані слова і ўмеў замятаць сляды.
Ён увесь час прыкладаў намаганні да таго, каб сцерці сваё мінулае.
Такім чынам, беднасць вядомых нам падрабязнасцяў біяграфіі Суціна давала мне большую свабоду для інтэрпрэтацыі. Таму я з задавальненнем прыдумляў розныя версіі таго, што з ім адбывалася.
Вось што непазбежна здараецца, калі чалавека ператвараюць у персанажа. (смяецца)
З другога боку, я быў, без сумневу, заінтрыгаваны тым, што пра яго усё ж такі вядома, і шчыра жадаў захаваць і даследаваць у сваім аповедзе крайнасці яго натуры.
Хаім Суцін усё жыццё быў маргіналам і мізантропам, які пакутаваў ад шматлікіх фобій, у тым ліку боязі вады (ён насамрэч баяўся вадаправода і таму рэдка мыўся). Ён быў нявыхаваны, малапрыемны і ненавідзеў самога сябе: словам, мой тып хлопца. Але як магло здарыцца, што такі чалавек, выхаваны ў асяроддзі, настолькі процілеглым мастацтву, дзе стварэнне выяў лічылася злачынствам, — якім чынам ён з ранніх гадоў набыў несуцішны запал да малявання? Гэта загадка, разгадаць якую мы, можа быць, і ніколі не зможам, аднак я, тым не менш, імкнуўся дакапацца да ісціны.
Мой раман, насамрэч, з'яўляецца аповедам пра гэтыя намаганні. Так што калі я трохі сагнуў, перагнуў і скруціў характар Суціна, спрабуючы прасунуць сваю тэму, я зрабіў не больш, чым сам мастак у сваіх гратэскавых партрэтах, калі ён спрабаваў вырваць ісціну са сваіх персанажаў.
— Партрэты яго падобныя да стоп-кадра, які захапіў твар у момант моцнага хвалявання; ён перадае рысы асобы, скажоныя унутраным эмацыйным рухам. Можа, таму, што ён быў «абсалютна дзікім чалавекам», як ахарактарызаваў Суціна адзін з сучаснікаў? І гэтая «дзікасць» зыходзіць непасрэдна з яго досведу мястэчка, над якім лунаў цень пагрому?
— Гэтая тэма драматычна ўвасобілася ва ўцёках Хаіма ад свайго мінулага — мінулага, якое ўключала ў сябе не толькі беднасць і жорсткае абыходжанне з ім бацькоў, але і калектыўную гісторыю і культуру ідышкайта (габрэйскага духу, габрэйскасці — Рэд.), што, урэшце, было непазбежным. Я хацеў паказаць, што нават пасярод Парыжа, які ў той час быў культурным цэнтрам свету, габрэйская спадчына Хаіма Суціна, яго мінулае пераследавалі яго да канца дзён. Большая частка гэтай складанай спадчыны звязаная з фальклорнай традыцыяй, якая не пакідала Хаіма на працягу ўсяго жыцця: яго наведвалі здані, яго наведвалі фантастычныя істоты з народных уяўленняў ўсходнееўрапейскіх габрэяў. Канфлікт паміж Суціным-мастаком і яго стаўленнем да сваёй культуры зрабіў яго захапляльным і ў некаторым сэнсе гатовым героем для майго твора.
— Ці можна сказаць, што Суцін, як Густаў Малер, усё жыццё ўцякаў ад свайго габрэйства?
— Так, у мяне стварылася адчуванне, што Хаім Суцін уцякаў са штэтла (габрэйскага мястэчка) усё сваё жыццё, у адрозненне ад Шагала і іншых габрэяў, якія ўцяклі з Усходняй Еўропы і трапілі ў парыжскі «Вулей».
Суцін не ўключаў ніводнай габрэйскай выявы ў свае працы, у адрозненне ад Шагала, які эксплуатаваў габрэйскую тэму, калі ўжо казаць наўпрост. Штэтл у Шагала паўстае ў рамантызаваным выглядзе, што для Суціна было немагчымым. І мне захацелася, каб за ім, за Суціным, рушыла ўслед мястэчка, каб яго здагналі забабоны свету, з якога ён бег.
— Скажыце, а як наогул суадносяцца рэальнасць і выдумка ў вашых кнігах?
— Я мяркую, што ў некаторым сэнсе ўсе мае персанажы існуюць у свайго роду лімінальнай прасторы паміж іх уласным гістарычным момантам, гэта значыць часам, у якім ім давялося жыць, — і міфамі іх племені, якое часта ставіцца да іх варожа. Гэта канфлікт, які, хацелася б спадзявацца, надае ўніверсальнае значэнне апавяданню.
— Ваш раман «Вясковы ідыёт» пачынаецца са сцэны, у якой Суцін у вадалазным касцюме цягне лодку-ванну з Мадыльяні. Ці імкнуліся вы пераламіць адчуванне жыцця дзвюх гэтых трагічных постацяў у гісторыі мастацтва, скрозь прызму гумару?
— О так, я хацеў паспрабаваць загладзіць тое, што было непазбежна трагічным у лёсе Суціна, з дапамогай гумару — так падказаў мой інстынкт. Так што я думаю пра «Вясковага ідыёта» як пра камічны раман. Акрамя таго, я ўжо казаў, што ён баяўся вадаправода, баяўся прымаць ванну, таму ад яго заўсёды дрэнна пахла, і вырашыў паіранізаваць на гэтую тэму.
— Мне здаецца, гэта вельмі габрэйскі камічны раман… І ўсё ж у фінале вы вырашылі падарыць Суціну бачанне не якога-небудзь гарэзлівага духу з габрэйскага фальклору: яму з'яўляецца нябожчык Мадыльяні, яго самы блізкі сябар.
— Што ж, я наўмысна падтасоўваў храналогію жыцця Хаіма падчас яго знаходжання пад вадой. У спадзяванні даць чытачу адчуванне, што ўсе падзеі яго жыцця — мінулае, сучаснасць і будучыня — адбываюцца адначасова. Час для яго стаў вельмі падатлівым. Гідракасцюм з паветраным шлангам закліканы вярнуць яму стан дзіцяці ва ўлонні маці з непашкоджанай пупавінай.
Я таксама меў на ўвазе габрэйскую легенду пра Анёла Забыцця. Ведаеце яе? Легенда абвяшчае, што анёл адкрывае ўсёабдымныя веды кожнаму дзіцяці ў яго эмбрыянальным стане. Яшчэ да нараджэння дзіця ведае ўсё пра ўладкаванне свету ад пачатку да канца;
да таго ж анёл навучае яго разуменню Торы.
Але за секунду да нараджэння анёл дае пстрычку малому пад нос (адсюль і лагчынка забыцця — след пальца анёла), і дзіця забывае ўсё, што ведала.
Я хацеў падарыць Хаіму падобны досвед: у вадалазным гарнітуры яму даступнае ўсё яго жыццё як сапраўдная рэальнасць. Але калі ён вяртаецца на сушу ў кампаніі свайго вялікага сябра Мадыльяні, памяць пра ўсё, што ён перажыў, засланяецца непасрэднасцю таго слаўнага дня лодачных гонак: канец кнігі — гэта яе пачатак. Так што, нягледзячы на яго смерць, Хаіму трэба будзе жыць — усё астатняе жыццё.
Габрэі павінны ўпарціцца ў часе
Стыў Стэрн у Парыжы. Фота: Sabrina Jones
— Стыў, а як здарылася, што вы выбралі для сябе галоўнай крыніцай творчасці ідышскі фальклор?
— На самай справе гэта доўгая гісторыя, але я пастараюся быць сціслым. Я рос у рэфармісцкай грамадзе на амерыканскім Поўдні, у той самы час, калі габрэі з усіх сіл імкнуліся быць нябачнымі. Нашу сінагогу можна было прыняць за пратэстанцкую царкву: рабін насіў царкоўнае адзенне і стаяў на алтары пад хорамі; у літургіі было вельмі мала габрэйскай мовы. У выніку, калі я пакінуў Мемфіс у познім падлеткавым узросце, я амаль нічога не ведаў пра габрэйскія традыцыі. Пражыўшы некалькі гадоў наравістым жыццём свайго пакалення, я вярнуўся ў Мемфіс, дзе выпадкова ўладкаваўся на працу ў мясцовы фальклорны цэнтр. (Я пісаў апавяданні, а фальклор, прынамсі, быў так ці інакш звязаны з літаратурай.) Там быў пастаянны праект, які ўключаў даследаванне каранёў габрэйскай грамады горада, і ўрэшце я натрапіў на кіраўнікоў праекта. І яны, як ні дзіўна, узялі мяне да сябе.
Даследаванне прывяло мяне да таго, што я пачаў браць інтэрв'ю ў тых, хто выжыў з насельнікаў некалі квітнеючага старога гета на Паўночнай Мэйн-Стрыт у Мемфісе пад назвай Pinch. Гэта былі дзеці першых імігрантаў, самі ўжо не першай маладосці, якія працавалі ў мясцовых крамках і жылі ў шматкватэрных дамах у старым раёне.
Па меры таго, як я збіраў іх гісторыі, Pinch пачаў ажываць для мяне. І, хоць гэта можа здацца перабольшаннем, адраджэнне гэтага старога гета аказалася для мяне такім жа кранальным, як калі б нейкі закінуты кантынент вынырнуў з марскіх глыбінь. Я адчуваў, што пасля таго, як на працягу многіх гадоў змяшчаў свае апавяданні ў адносна безаблічныя пейзажы, я нарэшце знайшоў дом для сваёй літаратуры. І я палічыў, што гэта перст (Божа, дапамажы мне) лёсу.
Але права ўласнасці на Pinch патрабавала як ладнай адказнасці, так і годнага зместу. Я зразумеў, што для таго, каб стварыць аўтэнтычны партрэт гэтай мясціны, мне трэба зразумець свет, які імігранты прывезлі на Паўночную Мэйн-Стрыт. Менавіта тады я пачаў даследаваць літаратуру, культуру і гісторыю ўсходнееўрапейскай мяжы аседласці, і працягваю рабіць гэта дагэтуль.
Я зразумеў, што гэтыя людзі жылі ў двух сусветах: зямным, які быў напоўнены беднасцю, прыгнётам і строгімі законамі кашруту; і духоўным, да якога належалі не толькі прарокі і анёлы Торы, але і дэманы, дыбукі, големы і іншыя насельнікі містычных тэкстаў. Я і не падазраваў, што юдаізм настолькі прасякнуты містыкай. Шматлікая літаратура, якую спарадзіла Тора — мідраш, агада, легенды і іншая — гэта казкі, якія камфортна існуюць як у міфічным, так і ў гістарычным вымярэнні. У Кабале ёсць апісанне сітра ахра — іншага боку светабудовы, поўнага звышнатуральных істотаў. Якія таксама засяляюць два сусветы — урываюцца ў нашу рэальнасць па ўласным жаданні і складаюць неад'емную частку яе атмасферы. Я даведаўся, што габрэйская традыцыя заўсёды ўключала чароўныя элементы магіі, і адчуў, што абавязаны паспрабаваць прыўнесці гэтае магічнае вымярэнне ў свае кнігі. Я мяркую, што ў гэтым маё прызначэнне, добра гэта ці дрэнна — не ведаю.
— Да таго часу вы ўжо ведалі ідыш?
— Маё чытанне літаратуры на ідышы спалучалася з паралельным вывучэннем самой мовы, але я не магу прэтэндаваць на бегласць.
— А што тычыцца іўрыта? Вы ж, апроч іншага, былі лектарам па праграме Фулбрайта ва ўніверсітэце Бар-Ілан у Тэль-Авіве.
— У 2002 годзе я выкладаў творчае пісьмо ва ўніверсітэце Бар-Ілан групе студэнтаў, якія пішуць на англійскай мове. Да прыезду ў Ізраіль я прайшоў гутарковы курс іўрыта, але мне гэта амаль не дапамагло. Я падазраю, што мой досвед жыцця ў вашай краіне быў шмат у чым падобны на досвед большасці амерыканцаў, якія упершыню наведалі Ізраіль: я быў ашаломлены і зусім не гатовы да той буры пачуццяў, якую ўскалыхнула ўва мне гэтае месца.
Так, разумею, гэта клішэ. Але
я заўсёды лічыў сябе габрэем з дыяспары і падтрымліваў выслоўе Грэйс Пэйлі пра тое, што габрэі не павінны займаць прастору, а павінны зацяцца ў часе.
Ізраіль заўсёды быў для мяне нечым накшталт завяршэння гісторыі, у якой, як мне здавалася, не павінна быць канца. Знаходжанне там цалкам разбурыла гэта стаўленне і прымусіла мяне ліхаманкава чытаць гісторыі першых піянераў, кібуцаў, войнаў і шматразовых пераўвасабленняў Іерусаліма. Я выдаткаваў шмат часу, каб нагнаць упушчанае.
Я таксама быў вымушаны перагледзець сваё даволі прадузятае стаўленне да ізраільскай палітыкі і цяпер не магу ўдзельнічаць у дыскусіях пра Ізраіль з маімі амерыканскімі сябрамі, якім я больш не давяраю ў разуменні заблытаных і супярэчлівых плыняў гісторыі краіны.
Тым не менш, я думаю, што маё самае глыбокае і самае незабыўнае ўражанне ад Ізраіля звязана з чыстай, зіхаткой прыгажосцю гэтай зямлі.