Археолагі дазналіся, што елі старажытныя рымляне на трыбунах Калізея

Археолагі, якія вывучаюць каналізацыйную сістэму Калізея ў Рыме, знайшлі ў ёй рэшткі ежы, якую ўжывалі гледачы падчас гладыятарскіх баёў і іншых відовішчаў у старажытным амфітэатры, пабудаваным дзве тысячы гадоў таму, піша Бі-бі-сі.

25.11.2022 / 12:47

Фота: AP

Даследаванне, якое працягвалася ўвесь гэты год, дапамагло спецыялістам не толькі вывучыць складаныя гідратэхнічныя збудаванні пад Калізеем, але і лепш зразумець звычкі жыхароў Старажытнага Рыма і іх паўсядзённае жыццё.

У прыватнасці, археолагі выявілі ў каналізацыйнай і дрэнажнай сістэмах насенне інжыра, вінаграду, вішні, ажыны і дыні, а таксама сляды алівак, грэцкіх арэхаў і іншай ежы, якую гатавалі проста на трыбунах у імправізаваных мангалах.

Акрамя таго, там знайшлі парэшткі жывёл, якіх выкарыстоўвалі ў баях і розных гульнях на арэне: косткі мядзведзяў, львоў і ягуараў, а таксама сабак, сярод якіх былі нават таксы.

Сярод іншых знаходак — больш за 50 бронзавых манет познерымскага перыяду, а таксама сярэбраная манета прыкладна 170-171 гг. нашай эры, адчаканеная ў гонар дзесяцігоддзя праўлення імператара Марка Аўрэлія.

У ходзе даследавання археолагі расчысцілі каля 70 метраў дрэнажных сцёкаў і каналізацыйных каналаў пад Калізеем, які застаецца адной з самых наведвальных славутасцяў Італіі.

L'indagine ha interessato il collettore Sud, ostruito e fuori uso più o meno dal 523 d.C., quando il Colosseo ha smesso di essere anfiteatro per poi essere una sorta di condominio, fortezza, ospedale e persino filanda

Martina Almonte, RUP del progetto #idraulicadelColosseo pic.twitter.com/6WOifNmzzs

— Colosseo • Foro Romano • Palatino (@ParcoColosseo) November 24, 2022

«Такія знаходкі даюць нам уяўленне пра вопыт і звычкі тых, хто прыходзіў сюды падчас працяглых імпрэзаў», — сказала дырэктар археалагічнага парку Калізея Альфансіна Русо.

Работы вяліся ў раёне паўднёвага калектара амфітэатра, які быў забіты і не выкарыстоўваўся фактычна з 523 года нашай эры, калі Калізей прыйшоў у заняпад і перастаў быць арэнай (у розны час яго выкарыстоўвалі ў якасці крэпасці, бальніцы і нават прадзільнай фабрыкі).

A selection of fruit seeds, stones, & pits recovered from the drainage system of the Colosseum in #Rome, remains of the snacks eaten by #Roman spectators watching the games in the arena up to 1900 years ago #RomanArchaeology pic.twitter.com/qrSSRQUIYB

— Dr Jo Ball (@DrJEBall) July 2, 2022

Паколькі старажытная сістэма каналізацыі была фактычна запячатана смеццем і зямлёй, а вада туды не паступала, многія пахаваныя там рэчы засталіся некранутымі альбо вельмі добра захаваліся. Каб іх дастаць, археолагі выкарыстоўвалі дроны з дыстанцыйным кіраваннем.

«Калі ўзброімся фантазіяй, — кажуць археолагі, — мы можам уявіць, як зіхоткія манеты кідаюць у натоўп, і адна з іх падае на пясок арэны, а затым выносіцца разам з крывёю людзей і жывёл у каналізацыю, каб праз больш як 1500 гадоў расказаць нам пра зачараванне і вар'яцтва тых гульняў і тых дзён».

Nashaniva.com