У Брэсце КДБ разгортвае «справу стралковых клубаў»
Як стала вядома «Нашай Ніве», камеры Івацэвіцкага РАУС, прызначаныя для ўтрымання людзей, затрыманых за адміністрацыйныя справы, перапоўненыя. Мы пакуль не ведаем, ці звязана гэта са справай стралковых клубаў, якую лукашэнкаўцы раскручваюць у абласным цэнтры.
27.11.2022 / 15:02
Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Скрыншот з відэа
На гэтым тыдні чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра хвалі затрыманняў у Брэсце і Брэсцкай вобласці.
У прыватнасці, масава затрымлівалі кіроўцаў-дальнабойнікаў. Затрымлівалі таксама людзей, якіх судзілі па артыкуле 23.34 у 2020 годзе. Працягваюць затрымліваць і рандомна: у пошуках беларускай і ўкраінскай сімволікі, перапостаў з незалежных рэсурсаў, кантактаў з незалежнымі структурамі.
Ëсць і іншая лінія затрыманняў. Па інфармацыі «Нашай Нівы», Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў Брэсце лепіць аналаг справы «Белага легіёна» — спрабуе даказаць, што мясцовыя гурткі па навучанні стральбе рыхтавалі людзей да паўстання супраць дыктатуры.
Нагадаем, што справа «Белага легіёна» ў 2017 годзе была шытая белымі ніткамі і развалілася. Імаверна, яна была прыдуманая, каб застрашыць народ падчас пратэстаў «недармаедаў».
Наша інфармацыя пра логіку затрыманняў на Берасцейшчыне пакуль фрагментарная.
У прыватнасці, як стала вядома «Нашай Ніве», камеры Івацэвіцкага РАУС, прызначаныя для ўтрымання людзей, затрыманых за адміністрацыйныя справы, перапоўненыя. Ізалятар «забіты, ажно сядзець не было дзе», — расказвае чалавек.
Калі вы маеце больш інфармацыі пра колькасць і логіку затрыманняў, напішыце нам у @nasa_niva_bot ці на nivanasha@gmail.com. Альбо асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Усяго ў Беларусі з 2020 года заведзена да 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў, іх фігурантамі сталі дзясяткі тысяч людзей. Не менш за 50 тысяч чалавек прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманні. Дакладныя лічбы невядомыя. З прапаганды, якой суправаджаюцца рэпрэсіі, вынікае, што лукашэнкаўцы помсцяць за 2020 год і хочуць дабіцца, каб беларусы больш ніколі не патрабавалі свабодных выбараў і права народа самому выбіраць уладу. Такіх масавых рэпрэсій за апошнія паўстагоддзя не ведала ніводная краіна Еўропы.