Латушка: Пасля 2020 года Макей пачаў шукаць выхад, якога часта шукаюць людзі пад псіхалагічным ціскам і які пачаў псаваць яго здароўе
«Ён найбольш з усіх ведаў прыватнае жыццё Лукашэнкі», — кажа Павел Латушка пра міністра Макея. Што магло стаць прычынай смерці і хто можа стаць наступным міністрам замежных спраў? Глядзіце ў відэа.
26.11.2022 / 21:28
«Я працаваў амбасадарам у Парыжы і Мадрыдзе. Замежныя амбасадары пыталіся ў мяне: «Ці магчыма, што Макей можа стаць канкурэнтам для Лукашэнкі на бліжэйшых выбарах, якія адбудуцца ў 2020 годзе?» Мой адказ тады быў: «Так, гэта магчыма».
Мне падаецца, што Макей у 2020 годзе здрадзіў сам сабе. У глыбіні гэта беларускі хлопец, што нарадзіўся на Гарадзеншчыне. З іншага боку, гэта той чалавек, які, працуючы першым памочнікам Лукашэнкі, працуючы 24 гадзіны, 7 дзён на тыдзень, меў непасрэдны доступ да Лукашэнкі. Ён мог патэлефанаваць, зняць трубку, мог выканаць любое асабістае даручэнне, не датычнае нават службовых абавязкаў. Зразумела, Лукашэнка не раздзяляе службовае і асабістае.
Ён той чалавек, які найбольш (я рызыкну гэта сказаць) з усіх дзяржаўных чыноўнікаў ведаў прыватнае жыццё Лукашэнкі», — сказаў Латушка.
Латушка мяркуе, што Макей пасля 2020 года перажываў вельмі моцны псіхалагічны ціск і ўнутранае падзенне.
«Ён быў усё ж такі першым памочнікам Лукашэнкі, кіраўніком адміністрацыі. А ў нашай сістэме ўлады трэба зразумець, што не прэм’ер-міністр другая асоба, а менавіта кіраўнік адміністрацыі фактычна кіруе краінай ці рэтранслюе кіраванне ад імя Лукашэнкі. Апусціўшыся на ўзровень міністра, ён зрабіў крокі, каб палепшыць адносіны з ЕС», — сказаў Павел Латушка.
На яго думку, такім чынам Макей зарабіў ачкі перад Лукашэнкам, але пасля 2020 года гэта ўсё абнулілася.
«Макей стаў нікім для Лукашэнкі», — расказвае Латушка.