Гэты беларускі комік выступаў за Украіну, а цяпер ладзіць стэндап на роднай мове 

Стэндап-коміка Максіма Канавала ва Украіне ведаюць лепш, чым у роднай Беларусі. У Кіеў хлопец пераехаў 10 гадоў таму, за гэты час зладзіў сотні выступаў і паўдзельнічаў у тэлешоу «Рассмяшы коміка» з Уладзімірам Зяленскім. «Наша Ніва» пагутарыла з Максімам пра гумар падчас вайны, канцэрты ў падтрымку Украіны і тое, як гэта — стаць адным з піянераў беларускамоўнага стэндапу.

03.12.2022 / 12:46

Усе фота: архіў Максіма Канавала

«Беларусы хочуць перамогі Украіны»

«НН»: Пандэмія, рэпрэсіі, вайна ва Украіне — ці прымусілі гэтыя падзеі людзей па-іншаму ставіцца да гумару?

МК: Мне падаецца, што гумар усю гісторыю чалавецтва быў спосабам адцягнуцца ад звычайнага жыцця, таго, што адбываецца навокал. Гумар — гэта дапамога і для гледачоў, і, часцей за ўсё, для саміх артыстаў, выратаванне. Калі ты назіраеш за стэндапам, твой мозг у любым выпадку рэагуе на жарты, нават калі навокал адбываюцца жудасныя падзеі. Як казалі мае ўкраінскія сябры-комікі: калі ты чытаеш пра жудасныя падзеі навокал, твой мозг быццам спайваецца, а калі прыходзіш на стэндап — расспайваецца.

Каб твая псіхіка змагла перамагчы ўсё тое, што адбываецца навокал, трэба даць ёй нейкае ратаванне, каб не з’ехаць з глузду, і гумар — якраз-такі гэтае ратаванне. Расспайванне ж адбываецца і з гледачамі, і з артыстамі, пасля выступаў адчуваеш сябе ўзбуджаным: маўляў, працягваем рабіць усё дзеля перамогі, каб цемра адступіла.

«НН»: Пра што вы самі жартуеце зараз?

МК: Не ведаю, кім трэба быць, каб праз усе падзеі навокал твае жарты не змяніліся. Магчыма, для гэтага трэба быць комікам з Расіі, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца і працягваць жартаваць пра коцікаў і сабачак.

Безумоўна, вайна і пратэсты ў Беларусі адбіваюцца на творчасці, гэтыя тэмы не можаш ігнараваць. Добры комік — транслятар навакольных падзей, ён павінен абмяркоўваць гэтыя тэмы, пераасэнсоўваць іх і дзяліцца сваім меркаваннем з гледачамі. Нельга ігнараваць тое, што адбываецца проста каля цябе, бо ты здрадзіш і сабе, і тваім аматарам.

«НН»: Вы былі адным з удзельнікаў дабрачынных канцэртаў «Доброго вечора, ми з України!», дзе выступалі разам з украінскімі зоркамі накшталт Дзімы Манаціка. Колькі краін аб’ехалі разам з імі?

МК: Былі ў Польшчы, Германіі, Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхіі, Ірландыі і Ізраілі. Восем краін, але шмат дзе мы правялі па некалькі выступаў, так што атрымалася, калі памятаю, 14 канцэртаў.

Удзельнікі «Доброго вечора, ми з України»

Першы канцэрт у Варшаве мы зладзілі 1 красавіка, тады прайшло крыху больш за месяц з пачатку вайны. Ніхто не ведаў, што рабіць, усе пастаянна чыталі навіны і перажывалі, і таму канцэрты сталі выратаваннем і для нас, і для гледачоў. Усе сродкі з канцэртаў мы накіравалі ў дабрачынны фонд «Маша», які дапамагае ўкраінскім дзецям, плюс на саміх выступах гледачы маглі данаціць для УСУ ці ў іншыя структуры на карысць Украіны.

Мы пабачылі, як гэтыя канцэрты трэба людзям, як яны іх аб’ядноўваюць. У гледачоў было шмат сцягоў Украіны, калі-нікалі бачыў і бел-чырвона-белыя сцягі Беларусі. Людзі і смяяліся, і плакалі, і напрыканцы спявалі разам гімн Украіны. Адчувалася, што мы разам робім вельмі добрую справу, і таму меў вельмі яркія пачуцці.

3 красавіка мы выступалі ва Уроцлаве, гэта быў дзень, калі ў Бучу і Ірпень увайшлі УСУ, і па сацсетках ва ўсім свеце разляцеліся жудасныя кадры адтуль. Эмацыйна было цяжка, але мы ведалі, што мусім выступаць. Больш за ўсё Пуцін і яго асяроддзе хочуць, каб Украіна здалася, а гэтага нельга рабіць, і нават у жудасных абставінах трэба працягваць працаваць. Ды і багата людзей ва ўсім свеце зараз данаціць, валанцёрыць і яшчэ неяк дапамагае Украіне, каб наблізіць перамогу.

Калі мяне запрасілі прыняць удзел у гэтых канцэртах, я разумеў, што частка ўкраінцаў будзе негатыўна ставіцца да беларусаў. Усіх беларусаў часам прыраўніваюць да рэжыму, маўляў, з нашай маўклівай згоды на тэрыторыю Украіны ляцяць ракеты, я ж ставіў сабе задачу пераканаць, што беларусы не такія і насамрэч хочуць перамогі Украіны.

«НН»: Можа, удзельнічаеце і ў беларускіх імпрэзах?

МК: Безумоўна, бо я з Беларусі, заставаўся беларусам і ва Украіне. Хаця і з’ехаў з Беларусі ў 2012 годзе, усё, што адбываецца там, мяне датычыць і праходзіць праз мяне.

Пэўную частку грошай за выступы, што ёсць на нашым ютуб-канале, мы ахвяравалі беларускім палітвязням. Андрусь і Міхась, нашы комікі, цяпер гастралявалі па Еўропе, зладзілі канцэрты ў Вільні, Берліне, Гамбургу і Празе і таксама ахвяравалі амаль тысячу еўра палітвязням. Часам мы, аб'яднанне комікаў Pan Standup, робім дабрачынныя імпрэзы, і калі ёсць канкрэтны запыт з Беларусі ці з Украіны, мы можам туды ахвяраваць.

«Абмяркоўвалі з гледачамі Чарнабаеўку і Арастовіча»

«НН»: Даўно вы ў Варшаве?

МК: З пачатку сакавіка. Да гэтага жыў у Кіеве, пераехаў туды напрыканцы 2012 года. Там жа застаў пачатак вайны.

Трэба сказаць, што мы з жонкай не верылі ў напад Расіі. Нам раілі сабраць трывожны чамаданчык, але я казаў, што нам ён не патрэбны і ўсё будзе добра. Аднак нашы сябры-ўкраінцы ставіліся да гэтага больш песімістычна, казалі нам, што ў іх аўто заўсёды запраўленае палівам і што, як нешта пачнецца, можна будзе паехаць да іх на кватэру ў Вінніцы, усё ж такі гэта далей ад мяжы.

24 лютага ў мяне, як напэўна і ў многіх, зазваніў тэлефон, і знаёмая сказала мне: «Максім, пачалося». Спачатку нават не зразумеў, пра што гаворка. Потым палез у навіны і ўсё ўбачыў, ужо была чуваць паветраная трывога, усе тэлефанавалі адно аднаму.

Нашы сябры запрасілі нас з сабой, мы вагаліся, але ўсё-ткі прынялі рашэнне паехаць у Вінніцу. І ўвесь дзень 24 лютага мы прабіраліся туды па заторах. Калі ў мірны час гэта заняло б тры гадзіны, то 24 лютага мы ехалі дванаццаць гадзін. Прыбылі, засяліліся да сяброў. Там таксама пачалася паветраная трывога, мы пайшлі ў бамбасховішча.

Раніцай 25 лютага ў працоўным чаце жонкі напісалі, што некаторыя з яе калег едуць з Вінніцы на некалькіх машынах у Ярэмчу — гэта горад на захадзе Украіны недалёка ад Букавеля. Мы зноў вагаліся, але вырашылі, што на захадзе было б спакайней, таму паехалі з імі.

Шлях у Ярэмчу заняў у нас увесь дзень 25 лютага. Па прыбыцці мы засяліліся ў гасцініцу і, пачынаючы з 26 лютага, некалькі дзён валанцёрылі: жонка ляпіла варэнікі, я дапамагаў фізічнай працай. Не ведалі, што рабіць. Тады быў вельмі складаны час, яшчэ ж праходзіў рэферэндум у Беларусі, усе спрачаліся, ці пойдзе беларуская армія на Украіну.

Пасля рэферэндуму прапанаваў жонцы выехаць на нейкі час, каб і самім не нервавацца, і не хваляваць мясцовых. Калі ты тлумачыш усім, што мы даўно ва Украіне і ніколі не падтрымлівалі Лукашэнку, да цябе ставяцца лепш. Але спачатку, магчыма, і быў нейкі негатыў у наш бок.

Так мы вырашылі з’ехаць з краіны, тым больш што калега жонкі з працы сабралася ў Румынію. Яна планавала туды ехаць адна і на машыне з беларускімі нумарамі, мы вырашылі скласці ёй кампанію. 1 сакавіка мы паехалі з Ярэмча ў бок румынскай мяжы, ноччу перайшлі мяжу і апынуліся ў Еўропе. Ноч правялі ў Румыніі і потым паехалі ў бок Польшчы, за два дні даехалі да Варшавы.

«НН»: Чым займаліся ў першы час пасля пераезду?

МК: У першыя месяц-два перажываў стрэс і шок. Пастаянна гартаў стужку навін, чытаў, і галава не думала пра працу і нешта яшчэ, думкамі быў ва Украіне. Перапісваўся са знаёмымі, пытаўся, ці ўсё ў іх у парадку.

У сярэдзіне ці ў другой палове сакавіка са мной звязаліся хлопцы, з якімі некалі пазнаёміўся на стэндап-фестывалі, гэта гурт «Стэндап Поланд». Яны запрасілі мяне паўдзельнічаць у разгонах — гэта такі фармат, калі комікі проста сядзяць на сцэне і размаўляюць адзін з адным і з гледачамі. Вырашылі, што рабіць сапраўдны стэндап яшчэ занадта рана, бо ўсе вельмі пагружаныя ў навіны.

Мы размаўлялі з гледачамі, расказвалі ім гісторыі і абмяркоўвалі з імі навіны, звязаныя з вайной. Згадвалі Чарнабаеўку, Арастовіча і ўсё, што на той момант было актуальна. Зрабілі так адзін раз, другі і трэці і пабачылі, што гэта дапамагае: гледачы выходзілі са стрэсу, хай і на дзве гадзіны, і самі комікі хаця б часова не гарталі навіны, а ўсе разам перажывалі нейкі досвед і абмяркоўвалі яго.

Потым мы больш глыбока пазнаёміліся з хлопцамі, якія цяпер складаюць Pan Standup. Раней яны жылі ў Беларусі, я — у Кіеве, таму мы не надта перасякаліся. Хлопцы вырашылі паехаць з канцэртамі па Польшчы, каб збіраць данаты для Украіны, і я далучыўся да іх: падаецца, выступаў ва Уроцлаве і ў Варшаве.

Разам мы вырашылі зрабіць аб’яднанне беларускіх комікаў у Варшаве, каб маглі сябе ідэнтыфікаваць і рабіць канцэрты. Разумеем, што цяпер маем моц, досвед і іншыя фактары, каб выступаць не толькі ў Варшаве, але і па ўсёй Польшчы і не толькі, бо хлопцы нядаўна ездзілі ў Вільню, Гамбург і Прагу. Так што будзем спрабаваць ладзіць імпрэзы ў Еўропе, развіваць наш Youtube-канал і сацсеткі.

«НН»: Гэта з самага пачатку было аб’яднанне беларускамоўных комікаў?

МК: Хутчэй аб’яднанне беларускіх комікаў, бо ўсе мы з Беларусі. Але я жыў у Кіеве, хлопцы жылі ў Мінску ці ў Польшчы, толькі з адным комікам мы былі добра знаёмыя, бо ён таксама жыў у Кіеве.

Спачатку мы рабілі выступы па-руску. Першы наш беларускамоўны канцэрт адбыўся 30 чэрвеня ў Варшаве і вельмі нам спадабаўся. Быў вялікі глядацкі попыт — прыйшло недзе 80—100 чалавек, гэта добрая лічба.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Pan Standup (@panstandup)

Вырашылі, што будзем рабіць канцэрты і па-беларуску, і па-руску. У нас ёсць ютуб-канал, дзе мы плануем выкладаць выключна беларускамоўны кантэнт. Паглядзім, як усё будзе далей. Спадзяюся, што канцэрты на роднай мове будуць часцейшыя, а, можа, мы і цалкам на яе пяройдзем.

«Гэта не спрынт, а марафон»

«НН»: Падрыхтоўка да выступаў па-беларуску неяк адрозніваецца ад падрыхтоўкі да рускамоўных канцэртаў?

МК: Цяжкае пытанне. Збольшага мае жарты былі напісаныя па-руску, і калі рыхтуешся да выступаў па-беларуску, проста іх перакладаеш. Пакуль у мяне няма жартаў, напісаных адразу па-беларуску. Хтосьці з нас доўга рыхтуецца да выступу, перакладае словы са Slounik.org, а хтосьці лепш ведае мову і мае шмат практыкі, і таму ён перакладае рускамоўныя жарты адразу на сцэне.

Некаторыя жарты і я пішу адразу па-беларуску. Напрыклад, мой жарт пра тое, як бабуля з Ліды ўсё расказвала мне чатырохрадкоўе «Антон-калатон, поўна ср*ка верацён». Але такіх жартаў у мяне пакуль вельмі мала.

Магчыма, усё будзе мяняцца. Шлях да беларускай мовы і выступаў на ёй — гэта не спрынт, а марафон, які ты праходзіш паступова і часам робіш шмат памылак.

«НН»: Давялося неяк пракачваць мову для гэтай працы?

МК: Безумоўна. Я і цяпер разумею, што ў мяне шмат русізмаў. Але гэтага нельга саромецца, бо немагчыма проста прачнуцца раніцай і пачаць гаварыць па-беларуску, ты дакладна будзеш рабіць памылкі. Калі хочаш размаўляць свабодна, трэба практыкавацца, чытаць па-беларуску і глядзець беларускі кантэнт, каб мова прысутнічала ў тваім жыцці і ты мог і слухаць яе, і размаўляць на ёй. Добра, калі тваё асяроддзе таксама цябе падтрымлівае.

«НН»: Беларускамоўны стэндап нясе нейкую місію?

МК: Не ведаю, магчыма, рана казаць пра нешта ўзвышанае. Як любы беларускамоўны кантэнт, такі стэндап мае місію пазнаёміць як мага больш людзей з роднай мовай, паказаць, што можна рабіць кантэнт на мове і ён будзе карыстацца попытам. Магчыма, той, хто сумняваецца ці выбірае паміж рускамоўным або беларускамоўным кантэнтам, цяпер пабачыць: мы маем нешта сваё, якаснае, і можна ўключыць гэта ўвечары або падчас снядання, парагатаць ці даведацца нешта новае.

Можа гэта і ёсць місія: даказаць тым, хто лічыў, што ў нас няма свайго кантэнту, стэндапу і беларускага ютубу, што насамрэч усё наадварот. Беларускі ютуб набірае ход, і з’яўляецца ўсё больш кантэнту для любых гледачоў.

«НН»: Раскажыце пра Pan Standup у асобах.

МК: Гэта вельмі добрыя хлопцы, усіх іх люблю і паважаю.

Пачнём з Андруся Райна. Ён адказвае, напрыклад, за наш YouTube, пастаянна капаецца ў нейкіх наладках, працуе, каб нашы відэа пабачыла як мага больш людзей. Андрусю гэта цікава, і ён пастаянна нас падштурхоўвае: давайце працаваць яшчэ, рабіць не толькі стэндап, але і падкаст, шоу ў новых фарматах.

Яшчэ адзін наш чалец — Міхась Ільін, журналіст «Еўрарадыё». Гэта комік, які шмат выступаў і выступае, у яго дужа добрая беларуская мова, таму ён часцей за ўсё вядзе нашы беларускамоўныя імпрэзы. Па панядзелках мы ладзім у Варшаве выступы фармату «праверка матэрыялу», гэта калі комікі распавядаюць новыя жарты. Міхась на гэтых праверках выступае па-беларуску.

Потым назаву Дзіму Саўяна. Гэта мой вялікі сябар, які, як і я, жыў у Кіеве і потым пераехаў у Варшаву. Ён іграе на гітары і сінтэзатары, можа спяваць песні проста сходу — гледачы ў зале прыдумляюць назву песні, і Дзіма яе вельмі смешна выконвае. Зайздрошчу таму, як хутка ў яго працуе мозг, я так не ўмею.

Саша Калінкін — таксама вельмі добры комік, ён пераехаў у Польшчу крыху раней за нас. Саша цудоўна выступае па-беларуску, смяёмся, што ён робіць гэта нават больш арганічна, чым па-руску. Саша дужа добра заходзіць на залу, у яго вельмі прыемная аўра, ды і чалавек ён вельмі добры. На нашым ютуб-канале ёсць яго маналог, і я ўсім раю яго паглядзець, бо ўжывую яго прынялі выдатна.

Падчас пратэстаў Саша быў у Беларусі і трапіў на Акрэсціна. Гэты вопыт жудасны, але, як казалі раней, камедыя — гэта трагедыя плюс час,

і Саша вельмі кранальна і смешна пераасэнсоўвае тую гісторыю.

Яшчэ ў нас ёсць Ягор Анісімаў, комік, які раней жыў у Мінску, а цяпер ён з намі. Гэта вельмі малады хлопец, але, нягледзячы на ўзрост, комік ён вельмі моцны. Ягор можа выступаць па-беларуску хоць паўгадзіны, а то і больш, і ў мяне гэта выклікае захапленне, бо для мяне пакуль максімум — 15 хвілін.

І Дзіма Нарышкін, хлопец, на якога ў Мінску збіраўся цэлы StandUp Comedy Hall. Пэўны час ён з калегамі рабіў там імпрэзы, і ўсё было добра. Яны прывозілі туды комікаў, я і сам прыязджаў з выступам у Мінск. А потым хлопцам пачалі закручваць гайкі, Дзіма з’ехаў у Польшчу, і цяпер мы ўсе разам.

Чытайце таксама:

Найлепшыя беларускія стэндаперы — хто яны?

6 беларускамоўных ютуб-каналаў, якія вы маглі прапусціць

«Нічога не панятна, но так непрыятна». Слава Камісаранка апублікаваў свой першы стэндап на беларускай мове

Nashaniva.com