З'явіліся новыя падрабязнасці пра стан Марыі Калеснікавай
Марыю Калеснікаву прывезлі ў бальніцу ў цяжкім стане. Адваката дагэтуль не пускаюць, а дыягназ адмаўляюцца гаварыць, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
30.11.2022 / 15:36
Бацька Марыі Аляксандр Паўлавіч знаходзіцца ў бальніцы Гомеля. Кантакты бацькі і дактароў адбываюцца ў прысутнасці супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.
Марыю прывезлі ўжо ў цяжкім стане. Невядома, калі ёй стала дрэнна, бо адваката не пускаюць з 17 лістапада.
Аперацыя прайшла планава і паспяхова, але Марыя ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане. Па словах дактароў, яна ў прытомнасці, неабходнае лячэнне і лекі ёй прадастаўляюцца.
Дыягназ не кажуць нават бацьку: нібыта неабходная заява або распіска аб тым, што Марыя дазваляе. Па непацверджанай інфармацыі, у Марыі прабадная язва.
Адваката да Марыі не пусцілі, бацьку таксама.
Калі вы ці вашы знаёмыя працуюць у бальніцы Гомеля і вы маеце больш інфармацыі пра Марыю Калеснікаву, пішыце нам у @nasa_niva_bot ці на nivanasha@gmail.com. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).