Выйшаў трэйлер фільма пра мушкецёраў з Венсанам Каселем і Евай Грын
У планах ужо і працяг, дзе ў цэнтры сюжэту будзе гісторыя Мілэдзі. У масоўцы былі занятыя 9 тысяч статыстаў і 650 коней.
05.12.2022 / 16:22
Венсан Касель, які падобны на Міхаіла Баярскага, сыграў у «Д'артаньяне» Атоса.
Французская кінастудыя «Патэ» паказала трэйлер фільма «Тры мушкецёры: Д'артаньян», першай часткі эпічнай сагі, якая складаецца з двух эпізодаў. Прыгодніцкі фільм зняў рэжысёр Марцін Бурбулон («Эйфель»). Сцэнар напісалі Мацьё Дэлапорт («9 прычын, каб жыць») і Аляксандр дэ ля Патэльер («Захавальнік Месяца», «Мегрэ», «Імя») на аснове літаратурнага твора Аляксандра Дзюма 1844 года, піша РБК.
«Ад Луўра да Букінгемскага палаца, ад сцёкавых канаў Парыжа да аблогі Ля-Рашэлі … У каралеўстве, што падзелена рэлігійнымі войнамі і знаходзіцца пад пагрозай брытанскага ўварвання, жменька мужчын і жанчын скрыжуюць шпагі і звяжуць свой лёс з лёсам Францыі», — гаворыцца ў апісанні праекта.
Аператарам на праекце выступіў Нікалас Балдук, які зняў фільмы «Вораг» і «Выдатная эпоха», музыку напісаў кампазітар Гіём Русель («Шнары Парыжа»).
Еўрапейскі блокбастар з бюджэтам $70 млн здымалі на працягу васьмі месяцаў у Францыі. Рэальнымі дэкарацыямі сталі інтэр'еры нацыянальных славутасцяў, сярод якіх Луўр, Дом інвалідаў, замкі Фантэнбло і Сен-Жэрмен, а таксама цытадэль Сен-Мала і гістарычны цэнтр горада Труа.
Франсуа Сівіль сыграў Д'артаньяна, ён вядомы па ролях у фільмах «Фрэнк», «Парыж. Горад мёртвых», «Покліч ваўка». Мілэдзі выканала французская актрыса Ева Грын («Апошняе каханне на Зямлі», «Летуценнікі»). Таксама ў карціне занятыя Венсан Касель, Рамэн Дзюрыс, Піё Мармай. У масоўцы былі занятыя 9 тысяч статыстаў і 650 коней.
«Тры мушкецёры: Д'артаньян» выйдзе ў пракат 5 красавіка 2023 года, а працяг гісторыі пад назвай «Тры мушкецёры: Мілэдзі» гледачы ўбачаць у снежні 2023 года. Ці пакажуць у Беларусі фільм, невядома.