Сабака ўжо два гады чакае гаспадара на чыгуначным прыпынку пад Мінскам. І не мае шанцаў дачакацца
На чыгуначным прыпынку «Клыпаўшчына» пад Мінскам сабака ўжо два гады чакае свайго гаспадара, паведамляе тэлеканал «Мір 24». Яго любяць і падкормліваюць, але глабальна памагчы нічым не могуць.
05.12.2022 / 19:41
Жыхары вёскі Клыпаўшчына падкормліваюць дварняка і спрабуюць яму стварыць максімальна камфортныя ўмовы для жыцця. Так, адзін з мужчынаў змайстраваў будку, якая дапаможа бяздомнаму сабаку перажыць зімовыя маразы.
«Тут як бы ён у нас і застаўся, бо няма куды дзецца. Ён чакае, чакае і спадзяецца. Як любая жывёліна, прывыкае да свайго гаспадара, любіць яго», — расказала мясцовая жыхарка Ірына.
Гаспадар сабакі памёр два гады таму. Пасля гэтага яму спрабавалі знайсці новы дом, і гэта нават удавалася, але кожны раз ён усё адно збягаў і вяртаўся на сваё месца. Таму жыхары вёскі празвалі дварняка Хаціка, па аналогіі са знакамітым японскім сабакам.