Украінскія дакументалкі можна будзе паглядзець анлайн на кінафэсце — за даляр або наогул бясплатна
З 9 па 18 снежня можна будзе паглядзець дакументальныя стужкі пра Украіну. Адбудзецца гэта на кінафестывалі «1084. На мяжы», што пройдзе анлайн у Беларусі.
07.12.2022 / 17:37
Скрын: кадр з фільма «Украінскія шэрыфы»
1084 кіламетры — гэта працягласць агульнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай. Фестываль прапануе задумацца пра будучыню стасункаў паміж дзвюма нацыямі і бесстаронна абмеркаваць іх сучаснае становішча ды адносіны простых людзей адно да аднаго. Арганізатары абяцаюць не пакінуць без увагі і падтрымку беларусамі ўкраінскага народа, які змагаецца з акупантамі, а таксама падтрымку беларусаў украінцамі ў барацьбе з дыктатурай і тэрорам.
Арганізатары прапануюць беларусам паглядзець анлайн фільмы пра культуру і гісторыю Украіны, пра ўкраінскія гарады і іх жыхароў, якія перажылі расійскую акупацыю.
Фота: fest1084.org
Глядзець фільмы ў Беларусі бясплатна можна будзе па промакодзе. У любы зручны час з 9 па 18 снежня выберыце ў спісе цікавы вам фільм і націсніце «глядзець». Вас перанакіруе на платформу ўкраінскага анлайн-кінатэатра Takflix, дзе трэба будзе зарэгістравацца. Пасля ўваходу ўвядзіце промакод fest1084, каб мець магчымасць глядзець кіно бясплатна.
Калі вы хочаце паглядзець фільмы не з Беларусі, вам трэба будзе зрабіць усе тыя ж маніпуляцыі, але промакод на гэты раз будзе іншы. У адпаведным полі ўвядзіце TAKfest1084 — гэта дасць вам зніжку 50 % на квіток. Большая частка стужак будзе каштаваць каля $1,3. Палова грошаў ад продажу білетаў на Takflix ідзе рэжысёрам, частка з якіх цяпер абараняе сваю краіну. Набыты квіток дзейнічае 7 дзён.
Арганізатар фестывалю — праваабарончая грамадская арганізацыя «Звяно/Ланка». Фільмы будуць дэманстравацца на ўкраінскай ці рускай мовах, і ў залежнасці ад мовы фільма будуць даступныя ўкраінскія ці англійскія субтытры.