Павел Лібер анансаваў запуск беларускага аналага Revolut
Павел Лібер расказаў у твітары пра ўсё новае, што з'явіцца на платформе «Новая Беларусь».
07.12.2022 / 22:00
Так выглядае платформа «Новая Беларусь»
У канцы першага квартала 2023 года, па словах Паўла Лібера, плануецца запуск аплатнай сістэмы на платформе і еўрапейскіх банкаўскіх сэрвісаў для беларусаў у краіне (аналаг Revolut/Paysera ад Еўрапейскага банка, які гатовы працаваць з беларусамі пасля санкцыйнай валідацыі). Там будзе ланцужок наўпрост банк — чалавек.
У хуткім часе выйдзе раздзел «Мне цікава», дзе будуць падборкі кантэнту па тэмах. Напрыклад, «Пацешыць дзяцей» збірае дадаткі, сайты, музыку, ютуб для дзяцей, а таксама дапамагае прасоўваць нішавыя тэматычныя сэрвісы, схаваныя за кучай палітычных навін.
У партнёрстве з культурнымі ініцыятывамі і камандай ByMapka будзе дадавацца на карту пласт культурных мясцін, звязаных з Беларуссю, — архітэктура, аб'екты ў музеях.
Будуць сабраныя не толькі фізічныя, але і анлайн-бізнэсы беларусаў, гатовыя даваць працу і зніжкі беларусам.
Павел Лібер. Фота: Dev.by
У партнёрстве з ABBA (Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой) ствараецца і хутка будзе запушчана сістэма верыфікацыі беларускіх бізнэсаў для ўзаемадзеяння з бізнэсамі ўнутры экасістэмы (каб быць упэўненым, што гэты бізнэс не спансаваў рэжым, вайну і г. д.).
Таксама ідзе праца над модулем выстаў беларускіх мастакоў, фатографаў і ілюстратараў з магчымасцю замаўляць або купляць іх творы.
Асобна ствараецца аб'яднанне адукацыйных прадуктаў для дзяцей і дарослых, а таксама дабудоўваецца платформа для навучання дзяцей (у краіне і дыяспарах) беларускай мове, літаратуры, гісторыі па праграмах і на ўзроўні адзінкавых вебінараў для дзяцей і дарослых.