«Эта транслитерация для меня как жителя восточной Беларуси является непонятной». Лацінку ў Беларусі хоча адмяніць магілёўскі адэпт Пуціна

Дзяржаўныя СМІ знайшлі гісторыка, які пагадзіўся «навукова» абгрунтаваць неабходнасць змены цяперашняй афіцыйнай транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў на лацінку. На старонках «СБ.Беларусь сегодня» на гэту тэму выказаўся кіраўнік Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. Аргументацыя ягоная, праўда, вельмі дзіўная. 

08.12.2022 / 18:18

Паводле Барысенкі:

«Гэтая транслітарацыя беларускай мовы лацінскім алфавітам, прычым з выкарыстаннем якіх-небудзь знакаў, зусім чужых беларускай мове — для мяне як жыхара ўсходняй Беларусі з'яўляецца незразумелай. Думаю, жыхары Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей з цяжкасцю разумеюць, пра што там ідзе гаворка.

Разгойдванне сітуацыі вакол лацінізацыі пачалося не сёння, а яшчэ з дзясятак гадоў таму. Але тым не менш, спасылкі на тое, што без гэтай лацінкі немагчыма пражыць, а з рускай мовы па-беларуску ці па-англійску немагчыма перадаць якія-небудзь гукі, не мае пад сабой сур'ёзнай асновы. І вось гэта выкарыстоўваюць нашы нацыянальна афарбаваныя «таварышы», спрабуючы прывесці гэты момант у наша жыццё. Думаю, мы павінны даць гэтаму адпаведную ацэнку».

Другая частка выказвання зразумела куды хіліць — да адмовы як асновы для транслітарацыі ад назваў на беларускай мове і замены іх на рускамоўныя. Яна заканамерная для прыхільнікаў «рускага свету», да якіх належыць і Барысенка, які пасля пачатку вайны ва Украіне паспеў засвяціцца ў сацсетках з пастамі ў падтрымку Пуціна і вайны.

Апеляцыя ж да таго, што транслітарацыя ў цяперашнім выглядзе нібыта незразумелая частцы беларусаў, увогуле абсурдная. Хоць бы нават таму, што

транслітарацыя робіцца зусім не для беларусаў, а для іншаземцаў, якія не ўмеюць чытаць кірыліцу. І ў гэтым выпадку зыходзіць трэба акурат з іх патрэбаў, а не з патрэбаў беларусаў, незалежна ад таго, з якой часткі краіны яны паходзяць.

А для малапісьменных гісторыкаў, якія сваёй неабазнанасцю нават ганарацца і хваляцца, ёсць надпісы на кірыліцы: транслітараваныя на лацінку надпісы арыгінальныя кірылічныя не адмяняюць, а толькі дапаўняюць.

Тыя ж «незразумелыя» Барысенку знакі афіцыйна прынятай у Беларусі транслітарацыі большасці іншаземцаў якраз вельмі добра зразумелыя, бо

яны ёсць у многіх еўрапейскіх мовах. У тым ліку і тых, якія дзяржаўныя ў краінах, з якімі Беларусь мяжуе (Літва, Латвія, Польшча), і для грамадзян якіх з мэтай заахвочвання іх прыезду ў Беларусь у аднабаковым парадку адкрыты бязвізавы рэжым.

Не кажучы ўжо пра тое, што падзел беларусаў на «ўсходніх», «заходніх» і якіх бы то яшчэ з іх такім выразным культурным размежаваннем выглядае дзіўна на фоне таго, што тыя ўлады, у падтрымку якіх горача выступаюць людзі кшталту Барысенкі, пастаянна прасоўваюць тэзіс пра «народнае адзінства». Аж да таго, што заснавалі дзяржаўнае свята з такой назвай, абвясцілі мінулы 2021 год «Годам народнага адзінства» і збіраюцца неўзабаве нават паставіць гэтаму «адзінству» помнік. 

Увогуле, калі кіравацца логікай спадара Барысенкі, то ў такім выпадку трэба выступаць і супраць таго, што дзе-нідзе ў Беларусі — напрыклад, у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» — надпісы дублююцца па-кітайску, бо кітайскія іерогліфы дакладна зразумелыя толькі адзінкавым беларусам. Але муляе Барысенку чамусьці толькі лацінка. Ды і не яму аднаму.

Чытайце таксама:

«Я хачу бачыць рускую мову, а не пшэцкую лацінку». Бухгалтарка з райцэнтра змагаецца супраць беларускай лацінкі

Як правільна пісаць беларускай лацінкай? 

Nashaniva.com