«Каштоўную паштоўку мінулага стагоддзя знайшоў на сметніку». Калекцыянер Віталь Мурашкевіч — пра сваё хобі
Бабруец Віталь Мурашкевіч — бібліятэкар, перакладчык, а адначасова — калекцыянер, філакартыст, папулярызатар і шукальнік гарадской даўніны, як ён сам сябе называе ў аўтарскім блогу ў інстаграме. Віталь збірае бабруйскія паштоўкі і мае ці не самую багатую іх калекцыю ў горадзе. У гутарцы з 1387.by калекцыянер распавёў, калі і чаму распачаў збіранне, ці дарагое гэта хобі — філакартыя, якія адкрыцці пра Бабруйск атрымалася зрабіць дзякуючы паштоўкам.
12.12.2022 / 23:09
Віталь Мурашкевіч на фоне гасцініцы «Бярэзіна і Еўрапейская». На паштоўцы ў руцэ калекцыянера — гасцініца на пачатку ХХ стагоддзя. Фота: 1387.by
«Хацелася спакойнага і разважлівага хобі»
— Віталь, калі і чаму ты пачаў збіраць паштоўкі?
— Улетку 2021 года. На фоне паслякавідных падзей мне захацелася спакойнага разважлівага хобі. У інтэрнэце я сустрэў у продажы арыгінал старой бабруйскай паштоўкі па даволі нізкай цане — усяго некалькі соцень расійскіх рублёў. Задумаўся — можа, купіць?
Да гэтага я мала ведаў пра паштоўкі. Сутыкаўся з імі як з дадатковым матэрыялам, калі нешта тлумачыў пра Бабруйск дзецям, што прыходзілі да мяне ў бібліятэку. Шмат на якія рэчы тады не звяртаў увагі, напрыклад, на адваротны бок паштоўкі. І мяне здзіўляла, як людзі ва ўзросце адразу пераварочваюць паштоўку і глядзяць, што там напісана, захапляюцца почыркам.
Я набыў тую паштоўку — з чыгуначным мостам праз Бярэзіну. Даставілі мне яе з Расіі. Так выпадкова распачалося маё хобі, хоць, насамрэч я лічу, што выпадковасцяў у жыцці не бывае.
— Атрымліваецца, твая калекцыя вельмі маладая. Колькі ў ёй цяпер паштовак?
— Некалькі соцень. Прынцыпова цяпер не лічу. На самым пачатку, памятаю, падлічыў, і потым дзесьці месяц-два не мог здабыць ніводнай паштоўкі. Гэта можна лічыць забабонамі, але так насамрэч атрымліваецца. Калі ў цябе тысяча паштовак, магчыма, табе патрэбны грунтоўны каталог. У мяне пакуль не так шмат. У той жа час, у Бабруйску ў мяне, напэўна, найбольшая калекцыя паштовак, і ў ёй ёсць экзэмпляры, якіх ні ў кога больш няма.
«Маё калекцыянаванне — выключэнне з правілаў»
Віталь Мурашкевіч паказвае сваю калекцыю паштовак. Фота: 1387.by
— Наколькі філакартыя распаўсюджаная? Ці шмат у цябе ў Бабруйску канкурэнтаў?
— Калі ты не ў тэме, можа здавацца, што ніхто нічога не збірае, і калекцыянераў увогуле няма. Я ўбачыў, што яны ёсць, калі сам пачаў займацца калекцыянаваннем.
Паштоўкі калекцыянеры часта ўспрымаюць як дадатковы матэрыял — збіраюць разам з манетамі, маркамі і г. д. Я ж разглядаю філакартыю як цалкам самастойнае хобі.
Росквіт філакартыі ў свеце прыйшоўся на 1920—1930-я гады і цягнуўся да 1960-х. Цяпер паштоўка, магчыма, на 4—6 месцы па папулярнасці ў калекцыянераў. Кожны збірае сваю тэму. Хтосьці занурыўся ў гісторыю роднага горада на паштоўках — як я, хтосьці збірае іншую тэматыку.
У Бабруйску паштоўкі збіраюць, можа, з дзясятак чалавек. Але не кожны калекцыянер гатовы паказваць, што ён назбіраў. Маё калекцыянаванне — хутчэй выключэнне з правілаў, бо я імкнуся як мага шырэй паказаць сваю калекцыю. Мая мэта — асветніцкая. А ёсць людзі, якія не любяць і не могуць дзяліцца сваімі ведамі.
Таксама хачу дадаць, што калі чалавек збірае нейкія прадметы, то ён проста збіральнік. Калекцыянерам ён становіцца, калі так ці інакш вывучае сваю калекцыю, выдае нейкі каталог ці піша артыкулы ў газеты.
Беларускія паштоўкі — нятанныя
Віталь Мурашкевіч паказвае сваю калекцыю паштовак. Фота: 1387.by
— Распавядзі, як і дзе ты збіраеш? Ці ёсць у цябе нейкія крытэры — вось гэтую паштоўку я абавязкова вазьму, а гэтая не такая і каштоўная?
— Асноўную масу паштовак набываю праз аўкцыёны, шукаю праз гугл. Ёсць некалькі адмысловых сайтаў, дзе абавязкова знойдзецца нешта пра Бабруйск.
Я збіраю не ўсе паштоўкі, надрукаваныя ў Бабруйску, бо не ўсе яны пра Бабруйск. Для маёй калекцыі каштоўная кожная паштоўка пра Бабруйск і бабруйцаў, незалежна ад таго, дзе яна была надрукаваная — хоць у Аргенціне ці ў Аўстраліі.
Калі я вырашаю набыць нейкую паштоўку, я аплачваю яе, потым дамаўляюся пра дастаўку, за якую плачу дадаткова. Часта менавіта дастаўка атрымліваецца самай дарагой. Паштоўкі ж каштуюць па-рознаму. Хоць беларускія ўсе пераважна нятанныя.
Бывае, што мне дораць паштоўкі ці перадаюць па сімвалічным кошце. Так надоечы атрымалася з трыма наборамі паштовак, якія выпусціў наш тэатр імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў 2017 годзе да VI фестывалю нацыянальнай драматургіі.
«Самыя «паштовачныя» гарады — Гродна, Пінск»
Віталь Мурашкевіч паказвае сваю калекцыю паштовак. Фота: 1387.by
— Чаму беларускія паштоўкі дорага каштуюць?
— Па-першае, іх мала захавалася. Па-другое, каб зрабіць паштоўку, патрэбная была фотатэхніка, таму найбольш выяў мы бачым з заходніх краін. У нас самыя «паштовачныя» — Гродна, Пінск і ўся лінія, дзе праходзіў фронт Першай сусветнай вайны. Дзе стаялі нямецкія часткі, там усё адфатаграфавана.
У Бабруйску публікавалі менш паштовак, але, тым не менш, дастаткова. За паўтара года я пабачыў шмат разнавіднасцяў старых бабруйскіх паштовак, каля 100 штук — часоў царскай Расіі. У Гродне, для параўнання, знойдзена 600 паштовак перыяду да 1917 года. Сярод іх — польскія, нямецкія.
Але нельга не ўзгадаць, што на пачатку ХХ стагоддзя ў нашым горадзе дзейнічала некалькі тыпаграфій, было сама мала пяць кніжных крамаў, прадавалася шмат паштовак з відамі тых жа Асіповічаў, Беразіно, Жлобіна, Глуска і іншых навакольных гарадоў і мястэчак. Можа, зусім не дарэмна «Бобруйск считался высококультурным местом».
— Якая самая дарагая паштоўка ў тваёй калекцыі?
— «Привет из Бобруйска». Я яе набыў у Адэсе за крыху больш, чым 100$.
Паштоўка «Привет из Бобруйска» з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: Паштоўкі з Бабруйска/vk.com
— Можна сказаць, што калекцыянаванне паштовак — не самае таннае хобі?
— Цяпер, калі заробкі змяншаюцца, а цэны растуць, так. Наогул, калекцыянаванне не таннае. Ну і чым даўжэй ты збіраеш, тым больш пераборлівы становішся, ужо не ўсё набываеш, пачынаеш паляваць на сапраўдныя рэдкасці.
«Шукаю паштоўкі часоў нямецкай акупацыі Бабруйска ў 1918 годзе»
Скрыжаванне вуліц Савецкай і Бахарава сёння і на старой паштоўцы з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: 1387.by
— На якія рэдкасці ты цяпер палюеш?
— Часоў нямецкай акупацыі 1918 года. Гэтых паштовак не так шмат, адну я нядаўна набыў, але яна пакуль за мяжой.
Але тыя ж тэатральныя паштоўкі, якія мне перадалі надоечы — ужо таксама рэдкасць, гісторыя.
— У якіх краінах ты найчасцей набываеш бабруйскія паштоўкі?
— Калі казаць пра старыя, то часцей у замежжы. Пераважна, у Расіі. Там можна натрапіць на такія рэдкасці, якія тут бачыш толькі на экране манітора. Некалькі паштовак у мяне з Украіны, але там набываць цяпер стала цяжка. Ёсць з Нямеччыны. Больш сучасныя паштоўкі можна знайсці і ў Бабруйску, як гэта адбылося з тэатральнымі.
— Якая самая каштоўная паштоўка ў тваёй калекцыі? Не па грашах, а па значэнні для цябе?
— Напэўна, як раз гэтыя апошнія тэатральныя паштоўкі. І так найчасцей і бывае — самае каштоўнае ў калекцыянера — апошні прыбытак. Тэатральныя паштоўкі не так дорага мне абышліся, але задавальнення даставілі вельмі шмат.
Паштоўкі, надрукаваныя Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў 2017 годзе да VI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі. Цяпер тры наборы паштовак — у калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: асабісты архіў Віталя Мурашкевіча
Дзякуючы паштоўкам, атрымалася даведацца назву Сацыялкі ў 1918 годзе
— Віталь, магчыма, дзякуючы паштоўкам атрымалася зрабіць нейкія цікавыя адкрыцці пра Бабруйск?
— У маёй калекцыі ёсць дакументальнае сведчанне візіту ў Бабруйск Томаша Гарыга Масарыка — першага прэзідэнта Чэхаславацкай рэспублікі. На фотапаштоўцы зафіксаваны ягоны выступ перад легіянерамі ўлетку 1917 года. Кажуць, Масарык быў вельмі цікавым чалавекам, пацыфістам, і што ўсе плакалі падчас ягонай прамовы, і свае, і чужыя салдаты сустракалі воклічамі. Фотапаштоўкі з выявамі тых падзей — адны з найбольш рэдкіх у маёй калекцыі.
Томаш Гарыг Масарык, першы прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі ў Бабруйску, 1917 год. Фотапаштоўка з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: асабісты архіў Віталя Мурашкевіча
Цікавую інфармацыю дае паштоўка з палацам Булгакаў у Жылічах недалёка ад Бабруйска. На ёй мы бачым подпіс: «Палац Добасна ў Літве». А бяром іншую паштоўку з тым жа самым палацам, і там ужо напісана, што гэта «краявіды Польшчы». Час той жа самы — 1918 год.
Палац Булгакаў у Жылічах. Фотапаштоўка з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: асабісты архіў Віталя Мурашкевіча
Ёсць у мяне фотапаштоўка з выявай польскага легіянера, нібыта звычайная. Але калі мы яе перавернем, то ўбачым надпіс: атэлье «Рэнесанс» Ш. Багаціна ў Бабруйску, вул. Беларуская, 87. Гэтая вуліца — будучая Сацыялістычная.
Мы чулі назвы Гаўпштрасэ, Керэнскага, Мураўёўская, але што яна была Беларускай, амаль ніхто не ведае. Гэтая назва з’явілася ў 1918 годзе, калі нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі дзейнасць культурна-асветніцкага таварыства ў горадзе. Гэты штамп на адваротным баку — самае каштоўнае, што ёсць на фотаздымку.
«Паштоўкай можна галасаваць за аднаўленне будынкаў»
Вуліца Сацыялістычная сёння і на старой паштоўцы з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: 1387.by
— Як змянілася функцыя паштоўкі з цягам часу?
— Раней на паштоўках адлюстроўвалася ўсё — нават забітых, трупы можна было ўбачыць. Паштоўка выконвала не толькі віншавальную функцыю, але і рэпартажную. Гэта цяпер іх сталі дарыць з пэўнай нагоды, як дадатак да падарунка.
Старыя паштоўкі сёння для нас — дакумент эпохі, крыніца ведаў пра мінулае. Але адначасова яны могуць мець цалкам практычныя функцыі.
Напрыклад, паштоўкі могуць паспрыяць выратаванню старога дрэва, як гэта здарылася з нашым дубам-волатам на рагу былых вуліц Альхоўскай і Буйной — сучасных Чангарскай і Гогаля.
Калі пачаліся размовы, каб пазбавіць гэты дуб статуса помніка прыроды, я прыгадаў, што ёсць дакументальны доказ таго, што ён ужо не адно стагоддзе расце ў Бабруйску — тое самае месца і той самы дуб ёсць на паштоўцы кніжнай крамы Хургіна. Я апублікаваў тады пост з гэтай паштоўкай у сваім блогу, і думаю, гэтым таксама спрычыніўся да прыцягнення ўвагі да неабходнасці захавання дуба.
Бабруйскі дуб-волат на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: Віталь Мурашкевіч/Facebook
Бабруйскі дуб-волат на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: Віталь Мурашкевіч/Facebook
З дапамогай паштовак можна галасаваць за рэстаўрацыю таго ці іншага будынка, як гэта адбылося, напрыклад, у Беластоку. Пра такі незвычайны плебісцыт распавёў у фэйсбуку пісьменнік Алесь Аркуш. Гараджане абіралі, які стары будынак трэба аднаўляць у першую чаргу. Аддаць свой голас можна было з дапамогай паштоўкі з выявай праекта рэканструкцыі абранага будынка. Вельмі цікавая ініцыятыва.
Галасаванне паштоўкамі за аднаўленне будынкаў у Беластоку. Фота: Віталь Мурашкевіч/Facebook
Галасаванне паштоўкамі за аднаўленне будынкаў у Беластоку. Фота: Віталь Мурашкевіч/Facebook
Паштоўкі могуць дапамагчы пры рэстаўрацыі былога выгляду будынкаў і вуліц. Напрыклад, у мяне ёсць паштоўка, на якой добра бачна, што да вайны на месцы цяперашняй плошчы Перамогі была шчыльная гандлёвая забудова. А на месцы сквера, дзе сёння знаходзіцца помнік ахвярам палітычных рэпрэсій, стаяла кніжная крама Гэршона Хургіна. Так пры дапамозе паштоўкі мы можам уявіць сабе, як раней выглядаў наш горад.
Яўрэйскія пагромы на паштоўках
— Можаш падрабязней распавесці пра паштоўкі з забітымі?
— Гэта той выпадак, калі паштоўкі сталі доказам яўрэйскіх пагромаў на Бабруйшчыне. Паводле звестак гісторыка Леаніда Смілавіцкага, у 1921 годзе ў Беларусі пагромы прайшлі ў 177 населеных пунктах, дзе пражывала 7 316 сем’яў (29270 чалавек). Іх ахвярамі сталі 1 748 семʼяў, у тым ліку 1700 забітых, 150 параненых, 1250 згвалтаваных. Наш горад, думалася мне, быў выключэннем, але ўсё ж такі і тут такое здаралася.
Па Бабруйску і мястэчках нашага павета ў згаданым 1921 годзе пракацілася серыя жудасных пагромаў, адзін з якіх і трапіў у абʼектыў фатографа. Як мінімум два здымкі трапілі на дабрачынныя фотапаштоўкі, што былі выдадзеныя ў Парыжы ў 1922 годзе ў дапамогу семʼям пацярпелых у пагромах. Імаверна, частка сродкаў ад рэалізацыі паштовак пайшла на дапамогу тым, хто змог выжыць у такіх страшных абставінах.
Не так даўно гэтыя паштоўкі былі прададзеныя на замежных аўкцыёнах, дзе я іх і заўважыў.
Надпіс на паштоўках дубляваны на ідыш, англійскай і французскай мовах:
«Бандыты прайшлі тут… пакінуўшы тут сляды свайго знаходжання. Усе гэтыя мерцвякі — нашыя браты. У іх засталіся дзеці. Ці будзем мы дастаткова жорсткімі, каб дазволіць ім збіцца са шляху?»
«Звычайнаму чалавеку няма на што глядзець, а для мяне гэта каштоўнае сведчанне»
Віталь Мурашкевіч з паштоўкай з уласнай калекцыі на вуліцы Сацыялістычнай. Фота: 1387.by
— Віталь, ты збіраеш таксама і сучасныя паштоўкі. У чым іх каштоўнасць?
— На пачатку я хацеў збіраць толькі старыя. Але хутка зразумеў, што і сучасныя могуць быць вельмі цікавымі. Напрыклад, гэтыя ж тэатральныя паштоўкі — на іх можна пабачыць Паўла Хаджаева. Ён у Бабруйску ўжо не жыве, і невядома, ці вернецца. Ці, напрыклад, спектакль «Точки на временной оси» — на паштоўцы мы бачым, што палова тых, хто ўдзельнічаў у спектаклі, ужо не працуе ў тэатры — Ала Грахава, Вадзім Бабініч. Прайшло ўсяго пяць гадоў. Такім чынам, гэта ўжо цалкам гістарычны дакумент. Хоць задумваўся першапачаткова як сувенір.
Віталь Мурашкевіч на вуліцы Гогаля, былой Буйной, з паштоўкай з выявай дуба-волата. Фота: 1387.by
Не ўсе разумеюць гэтую каштоўнасць. Напрыклад, каштоўную паштоўку-дакумент савецкіх часоў я знайшоў на сметніку. Гэта апавяшчэнне пра ўстаноўку тэлефона жыхару вуліцы Тухачэўскага ў 1974 годзе. Некалі такія карткі былі ў кожнай паштовай скрыні. І колькі з іх захаваліся? Амаль усе выкінулі. Для звычайнага чалавека тут няма на што глядзець, але для мяне гэта — каштоўнае сведчанне перыяду тэлефанізацыі ў Бабруйску.
«Мару, каб з’явілся бабруйсказнаўства»
— Як ты хочаш развіваць сваё хобі далей? І што б ты параіў бабруйцам, якія таксама хацелі б пачаць нешта збіраць?
— Мне шкада, што сёння не ўсе падзеі ў гісторыі горада фіксуюцца на паштоўках, хоць друкаваць іх, у адрозненне ад мінулага, мы можам вельмі шмат.
Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» сёння і на старой паштоўцы з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: 1387.by
Я б надрукаваў набор паштовак пра мастакоў Бабруйска, спартоўцаў, яшчэ нейкіх дзеячаў. Але найперш я б хацеў перавыпусціць рэпрынты паштовак з маёй калекцыі. Хацеў бы сабраць калекцыю паштовак пра людзей — ураджэнцаў Бабруйска з цікавымі гісторыямі. А яшчэ мару пра тое, каб аднойчы ў нас з’явілася паўнавартасная галіна — бабруйсказнаўства.
Бабруйцам я б хацеў параіць прыглядацца да таго, што падаецца самым звычайным — там можна адшукаць сапраўдныя скарбы. А старое фота ці паштоўка могуць стаць як знаходкай, так і натхненнем на нейкую добрую справу.