Чаму падчас навагодніх святаў павышаецца колькасць сардэчных прыступаў

Праблемы з сэрцам найчасцей узнікаюць у снежні, але хуткае распазнаванне сімптомаў і своечасовы зварот да доктара вам дапамогуць, піша The Wall Street Journal.

26.12.2022 / 22:19

Фота: Pexels / Pixabay

Падчас святаў людзі часта адкладаюць наведванне доктара, але не варта ігнараваць сімптомы, якія сведчаць пра праблемы з сэрцам, якія могуць узнікнуць у святочны перыяд. 

Па словах медыкаў, зіма і асабліва калядныя канікулы — час, калі здараюцца ўсплёскі сардэчных прыступаў і іншых праблем з сардэчна-сасудзістай сістэмай. Даследаванні паказалі, што 25 і 26 снежня, а таксама 1 студзеня адбываецца больш сардэчных смерцяў, чым у астатнія дні года. 

Іншыя праблемы з сэрцам, такія, як сардэчная недастатковасць, калі сэрца не можа перапампоўваць дастатковую колькасць крыві і кіслароду для працы іншых органаў, таксама ўзмацняюцца падчас зімовых святаў, кажуць кардыёлагі. Часта фіксуюцца выпадкі пульсуючай арытміі — нерэгулярнага і пачашчанага сардэчнага рытму. Напрыклад, наведванне аддзялення хуткай дапамогі з нагоды пульсуючай арытміі ў Каліфорніі значна ўзрастае падчас Калядаў і Новага года, паводле даследаванняў, апублікаваных сёлета ў Nature Cardiovascular Research.

Медыцынскія праблемы, звязаныя з сэрцам, узмацняюцца зімой, магчыма, збольшага таму, што рэспіраторныя вірусы і халоднае надвор'е выклікаюць некаторае звужэнне крывяносных сасудаў, што можа аказваць на сэрца большы ціск. Рэспіраторныя вірусы, у тым ліку COVID-19 і грып, могуць уплываць на дыхальную сістэму і ўзровень кіслароду і прыводзіць да запалення. А святы дабаўляюць парушэнні распарадку дня, дыеты і сну, што можа павялічыць рызыку.

Святочныя перабоі

Галоўная праблема святочных дзён, як адзначаюць кардыёлагі, — людзі радзей звяртаюцца па медыцынскую дапамогу і часцей забываюць прыняць лекі.

«Тыя, хто адчувае лёгкія сімптомы, часта адкладаюць паход да доктара да новага года, таму што яны занятыя або падарожнічаюць», — кажа Мітч Элкінд, галоўны навуковы супрацоўнік Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі і неўролаг з Калумбійскага ўніверсітэта ў Манхэтэне. Пажылым людзям, якія залежаць ад апекуноў, можа быць цяжка трапіць да доктара, калі іх апекуна няма побач.

Стрэс ад падарожжаў, сямейных сустрэч, меншага сну і напружанага графіку таксама спрыяе праблемам з сэрцам. «Важна не забываць пра свой тэмп», — кажа Ціна Шах, кардыёлаг медыцынскай кампаніі Kaiser Permanente ў Сіэтле.

Змены ў харчаванні

Спакуслівыя святочныя стравы — асабліва з высокім утрыманнем солі — таксама павышаюць рызыку праблемаў з сэрцам. Такім жа чынам уплывае і алкаголь.

Па словах доктара Шах, яна бачыць, што сардэчная недастатковасць павялічваецца ў пацыентаў, якія няўважліва ставяцца да спажывання солі і выбару ежы і напояў. У такіх пацыентаў можа назапашвацца вадкасць, што выклікае задышку і патрабуе лячэння прэпаратамі, якія ўводзяцца ўнутрывенна.

Адной салёнай нездаровай стравы можа быць дастаткова, каб выклікаць сімптомы і празмернае назапашванне вадкасці. Згодна з даследаваннем, агучаным на канферэнцыі Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі ў 2000 годзе, рызыка сардэчнага прыступу ў людзей павялічваецца прыкладна ў чатыры разы на працягу дзвюх гадзін пасля прыёму цяжкай ежы.

«Для людзей з высокім крывяным ціскам адзін прыём ежы з высокім утрыманнем натрыю можа значна павысіць артэрыяльны ціск», — адзначае Джон А. Осбарн, кардыёлаг з Даласа.

Алкаголь можа быць асабліва небяспечным для людзей з фібрыляцыяй перадсэрдзя або пульсуючай арытміяй. «Даследаванні паказалі, што калі людзі з такім дыягназам п'юць больш алкаголю, у іх павялічваецца рызыка эпізоду ФП на працягу чатырох гадзін», — кажа Грэгары М. Маркус, кардыёлаг і прафесар медыцыны Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска. Па словах доктара, нават адна чарка павялічвае рызыку прыкладна ўдвая.

Ён рэкамендуе людзям з пульсуючай арытміяй звесці да мінімуму спажыванне алкаголю або цалкам адмовіцца ад яго.

Трывожныя прыкметы

Калі вы маеце праблемы з сэрцам, то, чым раней вы звернецеся па дапамогу, тым лепшы будзе вынік. Таму важна тэрмінова звярнуцца да доктара, калі ў вас выявіліся трывожныя прыкметы, кажуць кардыёлагі.

Прыкметы сардэчнага прыступу могуць уключаць боль у грудзях, якую часта апісваюць як пачуццё цяжкасці або адчуванне, «быццам слон сядзіць у вас на грудзях». Часам боль можа ўзнікаць у левай руцэ, у шыі або сківіцы, а некаторыя людзі адчуваюць задышку.

У жанчын сімптомы сардэчнага прыступу могуць быць і іншымі. Гэта можа быць млоснасць, галавакружэнне, боль у спіне і стомленасць.

«Прыкметы сардэчнай недастатковасці — гэта задышка (асабліва калі вы не займаліся фізічнай актыўнасцю) і ацёкі ног», — кажа доктар Шах. Уздуцце жывата або дыскамфорт у жываце — яшчэ адзін магчымы сімптом, як і страта апетыту.

Нязводны сухі кашаль — яшчэ адзін сімптом. Таксама і раптоўнае павелічэнне вагі — на кілаграмы два за тыдзень.

Што рабіць

Калі ваш блізкі або сябар адчувае сімптомы сардэчнага прыступу, патэлефануйце ў хуткую або дастаўце яго ў аддзяленне неадкладнай дапамогі. Калі нехта губляе прытомнасць і выглядае на тое, што ў яго спыняецца сэрца, патэлефануйце ў хуткую і пачніце сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

Амерыканская кардыялагічная асацыяцыя раіць выкарыстоўваць ручную сардэчную рэанімацыю (як яе рабіць, можна даведацца з відэа на сайце). Націсканне на грудную клетку робіцца адной рукой, пакладзенай на другую, з хуткасцю каля 100 разоў на хвіліну.

Не адмахвайцеся ад сімптомаў, нават калі іх можна зблытаць з іншымі распаўсюджанымі захворваннямі, напрыклад, з пякоткай.

«Не думайце, быццам ведаеце, што гэта такое. Лепш праверце», — кажа доктар Элкінд.

Nashaniva.com