Прайдзіце гастранамічна-гістарычную віктарыну па беларуска-яўрэйскай кухні

Віктарына — частка трэцяга беларуска-яўрэйскага фестывалю, па традыцыі прымеркаванага да свята Ханука.

18.12.2022 / 22:01

Фота з сайта netcostmarket.com

«Гэта ж звычайныя дранікі!»

«А мая мама так гатавала «бабку»!»

«Вось што прыдумалі: самыя звычайныя коржыкі са школьнага буфета».

Падобнае здзіўленне можна зразумець, калі чалавек упершыню чуе пра латкес, кугель і земелах.

Вядома, што яўрэйская грамада, у якой бы частцы свету яна не знаходзілася, заўсёды была вельмі закрытая. Але нават нягледзячы на гэта, у яе кухню — у спосабы гатавання і набор прадуктаў — нязменна пранікалі традыцыі мясцовага насельніцтва. Беларусь — не выключэнне з гэтага правіла.

Сёлета сумесна з гісторыкам і кулінарным этнографам Алесем Белым беларуска-яўрэйскі фестываль падрыхтаваў гастранамічна-гістарычную віктарыну: 12 пытанняў пра тое, чаму яўрэйскае «кішке» зусім не кішка, якая яўрэйская страва была ў меню на «Тытаніку» і пра што спявалася ў папулярным rock-n-roll хіце 50-х?

Вы не толькі зможаце праверыць свае веды пра асаблівасці беларуска-яўрэйскай кухні, але таксама даведаецеся шмат новых і незвычайных фактаў. Упэўненыя, што пытанні прымусяць вас добра задумацца.

Зычым поспеху і не забудзьцеся падзяліцца вынікамі тэсту з сябрамі, ну і з мамай, вядома.

Віктарына — частка 3-га беларуска-яўрэйскага фестывалю, па традыцыі прымеркаванага да свята Ханука. Сёлета яно пройдзе ў незвычайным фармаце: арганізатары, Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, вырашылі правесці некалькі сустрэч у розных краінах, каб даць магчымасць убачыць адно аднаго і адчуць адзінства насуперак разлучанасці. А таксама ўзгадаць тую глыбокую гісторыю, якая аб'ядноўвае беларускіх яўрэяў і звязвае іх з сусветнай культурай.

Падрыхтавана шмат цікавых праектаў у Тэль-Авіве, Вільні, Варшаве, Лондане і анлайн на платформе фестывалю: https://belarusianjewish.com

Nashaniva.com