«Падрываў аўтарытэт уладаў». Вынесены першы прысуд па справе аб завышэнні цэн

У Магілёве завяршыўся суд над дырэктарам крамы, які, па версіі абвінавачвання, неабгрунтавана, «наўмысна і з карыслівых меркаванняў» павысіў цану сыру, чым «падрываў аўтарытэт органаў улады». Гэта першы прысуд па справе аб парушэнні мараторыя на павышэнне цэн у Беларусі, звяртае ўвагу Officelife.media.

19.12.2022 / 14:17

На лаве падсудных апынуўся 46-гадовы магілёвец, дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю. Ён мае невялікі сямейны бізнэс — сельскі магазін у прыгарадзе Магілёва. Калі ўступілі ў сілу дырэктыва № 10 і пастанова Саўміна «аб часовых мерах па стабілізацыі цэн», прадпрымальнік, вядома, ведаў пра іх сутнасць. Але нюансы прымянення выклікалі ў яго разгубленасць, як і ў многіх юрыдычных асоб у тыя дні.

У выніку 8 кастрычніка цана на сыр сулугуні ад «Бабулінай крынкі» ў краме гэтага таварыства аказалася вышэйшай за тую, якая дзейнічала 5 кастрычніка. Парушэнне заўважыла прадстаўніца рабочай групы па маніторынгу цэн з мясцовага сельвыканкама. Напярэдадні, 7 кастрычніка, яна была ў краме і сфатаграфавала цэннікі. Параўнаўшы цэны да і пасля, жанчына заўважыла, што цана сыру вырасла на 26 капеек за кілаграм.

У судзе сведка патлумачыла, што інфармацыю пра гэта яна перадала ў райвыканкам. Уладальніку крамы заўвагі з гэтай нагоды не рабіла, вярнуць стары цэннік не патрабавала. Нібыта так яе праінструктавалі раённыя начальнікі.

На гэты факт звярнуў увагу і адвакат абвінавачанага, які ў гэтай справе спасылаўся на адсутнасць складу злачынства як такога. Прадпрымальнік кіраваўся простай логікай: вытворца адпусціў яму тавар па новай цане — адпаведна, падняў цану і ён.

Акрамя таго, аб'ёмы гандлю ў сельскай краме невялікія, прадпрымальнік замовіў і выклаў на прылавак менш за дзесяць упаковак сыру.

Агульная сума перавышэння склала ўсяго 78 капеек.

Ніводная з упаковак яшчэ не была прададзеная, калі бізнэсоўца затрымалі, а ўсю яго маёмасць арыштавалі.

У выніку ў ходзе спрэчак абвінавачванне запытала для абвінавачанага найменшае пакаранне, прадугледжанае ч. 2 арт. 424 («злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пры фарміраванні рознічных цэн»), — два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.

Калі цягам гэтага часу мужчына не будзе парушаць закон, прысуд не будзе прыводзіцца ў выкананне. Суд з гэтым пагадзіўся, а таксама не стаў прызначаць абвінавачанаму штраф. Аднак дырэктар ТДА пазбаўлены права займаць пэўныя пасады.

Nashaniva.com