У нацпарку «Прыпяцкі» пасялілі дваіх жарабят палескага каня
Пару незвычайных коней завезлі ў сафары-парк Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», паведамляецца на сайце парку. Двое жарабят з мянушкамі Дзіў і Лель — палескія коні, якіх у народзе называюць беларускімі поні.
20.12.2022 / 23:07
Ёсць версія, што палескі конь можа быць нашчадкам і носьбітам генаў старажытных лясных дзікіх коней — тарпанаў, папуляцыя якіх канчаткова знікла ў канцы ХІХ стагоддзя.
«Палескі конь стагоддзямі фармаваўся без ўмяшання чалавека ў суровых ізаляваных умовах Прыпяцкага Палесся. Балоты, разлівы рэк, высокая вільготнасць, багацце заедзі, бедныя асаковыя пашы, цяжкапраходныя тэрыторыі зрабілі гэтага коніка нізкарослым (вышыня ў карку ад 130 см да 140 см), мускулістым, цягавітым, непатрабавальным і незаменным памочнікам у сельскай гаспадарцы для палешукоў. Адрозніваецца ад іншых поні рахманым характарам», — удакладнілі ва ўстанове.
Цяпер палескі конь знаходзіцца на мяжы вымірання. У 2021 годзе экспедыцыям удалося выявіць усяго 65 галоў палескай абарыгеннай папуляцыі на Прыпяцкім Палессі. Пры гэтым спецыялісты не выключаюць, што асобныя жывёліны могуць яшчэ быць на прыватных падворках палешукоў. Экспедыцыі па іх пошуку трэба працягваць.
Для падтрымання папуляцыі неабходныя 1 тысяча кабыл і 20 жарабцоў. У нацпарку спадзяюцца, што новыя гадаванцы сафары-парку стануць пачаткам вяртання беларускіх поні на Палессе.