«Нельга выгнаць Беларусь з ЕГУ». Што кажуць былыя выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пра сваё навучанне там

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце выбіраюць рэктара — пасада, з якой у гэтай навучальнай установе традыцыйна звязана шмат скандалаў. Мы спыталі ў трох былых студэнтаў ЕГУ, як ім вучылася пры мінулых рэктарах, а таксама — што б яны пажадалі новаму прызначэнцу на гэты пост.

12.01.2023 / 12:31

«ЕГУ — не найлепшы ўніверсітэт, але шмат для каго ён стаў добрым трамплінам»

Кірыл Насякайла, праграма «Медыя і камунікацыя», 2013-2017

Кірыл расказвае, што паступіць у ЕГУ было яго свядомым рашэннем: «Недзе ў дзявятым класе я знайшоў інфармацыю пра ЕГУ, пачаў сачыць за ім праз сацыяльныя сеткі. Мне было цікава, бо там ствараўся вобраз універа, які вельмі адрозніваецца ад беларускага».

Хлопец расказаў бацькам, што жадае вучыцца толькі ў Еўрапейскім гуманітарным. Тыя першы час былі супраць, маўляў, трэба ж адпусціць дзіцяці ў іншую краіну, але хлопец патлумачыў ім, што Вільня не так і далёка — бліжэй да яго роднага горада, чым любы беларускі абласны цэнтр. І пачаў з дзесятага класа рыхтавацца да паступлення, перш за ўсё вучыў нямецкую мову.

У выніку атрымалася паступіць на праграму «Медыя і камунікацыя», дзе беларус вывучаў новыя медыя. Меў мэту вучыцца бясплатна або атрымаць максімальную зніжку на навучанне, і выйшла так, што плаціў самую меншую з магчымых сум — 600 еўра, прытым што поўная сума тады была 2500 еўра. Паступіць было няцяжка, толькі Насякайла не мог разабрацца, як правільна пісаць эсэ, у выніку па ім адзнака была не найлепшая.

Кірыл згадвае першы час ва ўніверсітэце:

«Ты 17-гадовы падлетак і яшчэ проста не разумееш, што адбываецца. Маеш іншы расклад дня. Але было цікава, бо, калі я трапіў на першы курс, яшчэ працавала шмат крутых выкладчыкаў, якім пазней не працягнулі кантракты. Агульнагуманітарныя курсы накшталт філасофіі мне спачатку не надта ішлі, але потым разумееш, чаго ад цябе патрабуюць, і робіцца цікава. Тым больш на першым курсе яшчэ не моцна нагружаюць, там збольшага творчая праца: праекты, перформансы, прэзентацыі.

Фота: архіў Кірыла Насякайлы

Другі курс, калі ты бярэш канкрэтныя прадметы, ужо больш складаны. Але ён усё роўна агульнаўніверсітэцкі. Часта ўзнікалі пытанні: а навошта мне гэта трэба? Калі я на медыя, навошта мне вучыць права? Поўны выбар прадметаў узнікае толькі на трэцім курсе».

Кірыл згадвае, як у 2014 годзе сышлі некалькі выкладчыкаў: «Яны тады выказалі вотум недаверу адміністрацыі, а тая, у сваю чаргу, не працягнула ім кантракты. І гэта былі найлепшыя выкладчыкі, тыя, якія падабаліся студэнтам, з якімі было цікава сядзець на парах і размаўляць, ад якіх можна было даведацца нешта новае».

Пазней быў скандал вакол выбараў рэктара. Кірыл тады ўжо браў удзел у студэнцкім жыцці і самакіраванні. Студэнты патрабавалі магчымасці паўдзельнічаць у выбарах рэктара, кожны з кандыдатаў прыйшоў і пагаварыў з імі, але па выніку студэнты ўсё роўна мелі толькі 10% галасоў на выбарах. Перамог кандыдат з ЗША Дэвід Полік.

«Памятаю, што кампанія Deloitte правяла незалежны аўдыт ЕГУ, вынікі якога не публікаваліся, але хтосьці зліў справаздачу ў інтэрнэт. Па ёй было бачна, што ўніверсітэт траціў на Поліка дзікія грошы — на машыны для яго, пералёты з Вільні ў Штаты, куды ён лётаў даволі часта.

На адной студэнцкай сустрэчы ён расказаў, што, маўляў, спакойна адпачываў на беразе Ціхага акіяна, і тут яму пазваніў сябар з Кіруючай рады ЕГУ. Дык вось, сябар яму нібыта сказаў: Дэвід, нам трэба твая дапамога, табе трэба прыехаць у Вільню і стаць рэктарам універсітэта».

Выпускнік ЕГУ Серж Харытонаў правёў сваё журналісцкае расследаванне і знайшоў інфармацыю з былога месца яго працы. Там у дакументах было прапісана, што Полік нерацыянальна траціў універсітэцкія грошы.

Кірыл згадвае таксама гісторыю вакол цэн на навучанне. Ва ўсіх студэнцкіх дамовах было зафіксавана, што максімальны кошт для ўсіх — 2500 еўра, але кожны плаціць у залежнасці ад таго, які ў яго рэйтынг, сістэма зніжак таксама была замацаваная.

Пазней адміністрацыя патлумачыла, што хоча крыху змяніць рэйтынгавую сістэму, так што было б цяжэй атрымаць зніжку. Але ж сістэма прапісаная ў дамове. Тады дабіліся таго, што новыя правілы ўвялі толькі для першакурснікаў.

Пры ўсім гэтым Кірыл не шкадуе пра годы ў Еўрапейскім гуманітарным: «ЕГУ — не найлепшы ўніверсітэт, але шмат для каго ён стаў вельмі добрым трамплінам. Багата маіх аднакурснікаў вучыліся па міжнародных стыпендыях, працавалі ў ЗША, пазнаёміліся шмат з якімі цікавымі людзьмі.

Мне, напрыклад, было цікава паслухаць у ЕГУ Шарамета за год да яго смерці. Пры ўсім тым, што там запэцканая ўнутраная кухня, там ёсць усе магчымасці, і калі б мне зноў было 17, я б паступіў у ЕГУ яшчэ раз. Прычым не абавязкова ж там давучвацца, можна забраць акадэмічную даведку і пайсці кудысьці яшчэ.

Наступнаму рэктару я б пажадаў больш прыслухоўвацца да студэнтаў, бо ў ЕГУ іх рэальна не чуюць. Трэба неяк узнавіць студэнцкае самакіраванне, каб яно было не намінальным, а рэальным. Зразумела, што ты паступаеш ва ўнівер, каб атрымаць адукацыю, але, калі ў цябе акрамя ведаў ёсць і іншыя пытанні, трэба і іх вырашаць. Самі вучыце крытычна мысліць, а потым спрабуеце ад нас адмахнуцца? Нездарма кажуць, што можна выгнаць ЕГУ з Беларусі, але нельга выгнаць Беларусь з ЕГУ».

«Няма людзей, абыякавых да ЕГУ, калі яны ўжо сутыкнуліся з універсітэтам»

Максімас Мілта, праграма «Культурная спадчына і турызм», 2009-2013 

Фота: архіў Максімаса Мілты

Максімас не толькі вучыўся ў ЕГУ, але і працаваў там. Мілта чатыры гады выкладаў у ЕГУ агульнагуманітарныя прадметы для студэнтаў першага курса, таксама займаўся у адміністрацыі ўніверсітэта яго развіццём, піярам, інтэрнацыяналізацыяй. Так што ў яго, як кажа сам Максімас, было бачанне ўніверсітэта з усіх бакоў.

Сям’я мужчыны родам з Вільні, але ў дзяцінстве ён жыў у Мінску. Таму яму хацелася вучыцца ў месцы, якое б спалучала ў сабе беларускае і літоўскае.

Вучыцца Мілце падабалася: «Думаю, найбольш яскравая акалічнасць ЕГУ — гэта тое, што цябе вучаць бачыць і шырыню, і глыбіню праблем. Гэта характэрна для любой навучальнай установы, што працуе па прынцыпах liberal arts (вывучэнне шырокага кола гуманітарных прадметаў. — НН). Там спрабуюць і паставіць цябе ва ўмовы міждысцыплінарнасці, і падштурхнуць да крытычнага мыслення, умення выказваць думку не толькі крэатыўна, але і перфарматыўна.

Шмат залежыць і ад таго, якую праграму навучання ты выбіраеш. У маім выпадку гэта была бакалаўрская праграма «Культурная спадчына і турызм», куды я паступіў у 2009 годзе, і думаю, што Вільня — дакладна не найгоршы горад у свеце, дзе можна вывучаць такую тэму. Мяркую, тое, што адбываецца ў класе і па-за класамі, звязанае».

Максімас расказвае, што ў супольнасці ЕГУ яму было вельмі камфортна, і літовец не меў думак спыніць навучанне ва ўніверсітэце або заняцца чымсьці іншым. Ён згадвае яскравых асобаў, з якімі сутыкаўся ва ўніверсітэце: прафесара Рыгора Мінянкова, у якога пісаў бакалаўрскую працу, ці прафесара Анатоля Міхайлава. Мілта падкрэслівае, што, хаця ўніверсітэт і мае невялікі памер, у ім не адчуваеш сябе нібыта ў правінцыйным коле, а бачыш сувязь з большай часткай інтэлектуальнай традыцыі, і гэта, на яго думку, істотна.

Што да мінусаў, то Максімас згадавае наступнае: «Усе ўспрымалі праграму па праве як больш прэстыжную, адчуваўся разрыў паміж ёй і астатнімі праграмамі. Таксама шкада, што ў 2009 годзе, калі я паступаў, скончылася праграма па тэорыі і практыцы сучаснага мастацтва, бо першапачаткова я думаў паступаць у тым ліку на яе.

У нас было вельмі канкурэнтнае асяроддзе з пункту гледжання фінансавай дапамогі. У маёй групе, напрыклад, было 35 студэнтаў, і толькі чатыры з іх вучыліся бясплатна. Увогуле студэнты былі падзеленыя на катэгорыі па адзнаках, і кожная з катэгорый атрымлівала свой узровень зніжкі, але з таго часу сістэма ўжо шмат разоў змянялася».

2009-ты, калі Мілта паступіў, быў годам фінансавага крызісу ў Еўропе. Тыя, хто паступаў пазней, мелі шанс атрымаць стыпендыю, але ў першым семестры ў яго курса стыпендый не было. Літовец таксама памятае, што тыя, хто хацеў накіроўвацца па міжнародных абменах, мелі значна менш магчымасцяў, чым тыя, хто паступіў у апошні год яго навучання, бо з’явілася багата новых партнёраў.

Але да негатыўных момантаў Максімас ставіцца спакойна і ўвогуле згадвае пра Еўрапейскі гуманітарны з цеплынёй: «Універсітэт заўжды знаходзіцца ў працэсе пераасэнсавання сябе, асабліва калі ён такі малады, як ЕГУ. Калі там сутыкаліся розныя бачанні ўніверсітэта, яны абмяркоўваліся. Няма людзей, абыякавых да ЕГУ, калі ўжо сутыкнуўся з універсітэтам, ты прымаеш яго вельмі блізка да сэрца. Гэта нешта сярэдняе паміж сям’ёй і прафесійным асяродкам».

У ЕГУ, успамінае Мілта, заўсёды была вельмі моцная беларуская прысутнасць: па яго адчуваннях, на яго наборы было недзе 95% беларусаў. Паводле Максімаса, калі б там было трошкі больш людзей з іншых краін, напрыклад, з Літвы ці Украіны, было б лепей, таму што ў яго час унутраная разнастайнасць сярод студэнтаў была невялікай.

Мілта лічыць, што ўспрыманне ЕГУ як беларускага ўніверсітэта для беларусаў штучна абмяжоўвала тую супольнасць: «Звычайна чакаеш ад універсітэта раскрыцця гарызонтаў, і ў акадэмічным плане гэта і адбывалася. Напрыклад, універсітэт стварыў чалавек, які займаецца філасофіяй Хайдэгера, а значная частка філасофскай супольнасці ЕГУ ўзрасла ў сучаснай сацыяльна-крытычнай тэорыі. Гэта зусім розныя канцэптуальныя падыходы да разумення рэчаіснасці, у якой ты жывеш, і гэта нерэальна крута.

І ўсё роўна было б някепска, калі б унутры супольнасці было трошкі больш галасоў, якія б прадстаўлялі не толькі Беларусь. Вядома, што гэта ўніверсітэт для Беларусі, таму там мусіць быць шмат беларусаў. Але, калі іх будзе 85%, гэта ўсё роўна будзе большасць».

Што пажадаць новаму рэктару? На думку Максімаса, якога б новага рэктара ні выбралі, ЕГУ — праект, які можа забяспечыць прысутнасць Беларусі ў еўрапейскай і ў шырокім сэнсе заходняй цывілізацыі. Важна тое, наколькі паспяхова ЕГУ будзе інтэграваны ў заходнюю інтэлектуальную і палітычную традыцыю.

Мілта ўпэўнены, што галоўная каштоўнасць ЕГУ — тое, што ён арыентаваны менавіта на еўрапейскае бачанне Беларусі. Па сваім акадэмічным ракурсе ўніверсітэт быў на некалькі крокаў наперадзе беларускіх канкурэнтаў, мяркуе ён. Гендарныя даследаванні, урбаністыка, тэалогія (калі ЕГУ працаваў у Мінску) — усё гэта было там развіта дзякуючы ўнутранай энергіі ўніверсітэта.

«Тая сістэма, якая там ёсць, мне нагадвае рэжым Лукашэнкі»

Сабіна Аліева, праграма «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза», паступіла ў 2019-м

Фота: архіў Сабіны Аліевай

Калі Сабіна яшчэ вучылася ў школе, яна шмат валанцёрыла ў беларускіх НДА, і багата хто з яе сяброў з тых арганізацый навучаліся ў ЕГУ. Да таго ж беларуска хацела працаваць у праве, і сябры ёй вельмі раілі ЕГУ, казалі, што там шмат класных выкладчыкаў.

Аліева разумела, што ў яе меркаванай альма-матар не ўсё добра, але гэта яе не збянтэжыла: «Ведала, што ва ўніверсітэце шмат праблем, парушаная камунікацыя паміж студэнцтвам і адміністрацыяй, але вырашыла, што пайду на гэтую рызыку. Таксама разумела, што ў беларускіх ВНУ не той падыход і не тая праграма, што я б сабе хацела, бо хаця і вучылася ў вясковай школе, там былі класныя падыходы да працы і супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі».

Каб паступіць у ЕГУ, дзяўчына здавала англійскую мову і пісала эсэ, потым збірала партфоліа для гранта на навучанне і атрымала зніжку 50%. У выніку ў 2019 годзе Сабіна апынулася ў ЕГУ на праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза», і ўжо самы пачатак навучання стаў выпрабаваннем:

«Праз чатыры дні пасля таго, як я пачала вучыцца, адбылося пасяджэнне ўніверсітэцкага Сената разам са студэнтамі, на якім здарыўся грандыёзны скандал, бо тады студэнты пратэставалі супраць зменаў сістэмы зніжак на навучанне. Адміністрацыя нас, першакурснікаў, адштурхоўвала, каб мы не ведалі, што адбываецца. Я сама была на тым пасяджэнні.

У той жа дзень я выпадкова сустрэла дзяўчыну, якая моцна плакала. Яна мне расказала, што хутка будуць выбары ў студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ (СП ЕГУ), але той прэзідэнт СП, што падымаў пратэсты, ужо не пойдзе туды, а замест яго вылучыцца нейкі праадміністрацыйны кандыдат. Я паабяцала той дзяўчыне, што сама вылучуся, і 24 кастрычніка стала прэзідэнткай СП, хаця навучалася ва ўніверсітэце менш за месяц. Прыйшлося хутка вучыцца сумяшчаць гэтую працу і студэнцкія праблемы з навучаннем».

Сабіна расказвае, што кіраўніцтва пазіцыянавала ЕГУ як міжнародны прыватны ўніверсітэт, студэнты ж ім нагадвалі: маўляў, вам выдаюць грошы не за тое, што вы міжнародны прыватны ўніверсітэт, а за тое, што вы — беларускі ўніверсітэт у выгнанні. Яшчэ студэнты пратэставалі супраць звальненняў выкладчыкаў, казалі, што пагаршаецца якасць праграм, бо звальняюць выкладчыкаў, якія іх стваралі.

Выхад на пратэсты і размовы з донарамі ЕГУ — адзінае, што дапамагала, дзеліцца Сабіна, бо спробы вырашаць пытанні ў кабінетах нічым не заканчваліся.

Сабіне давялося сутыкнуцца і з цкаваннем: «Неяк прыехаў Дзірк Шубель, былы пасол ЕС у Беларусі, і я яму ўручыла пазіцыю СП па тых прадметах, што ёсць у ЕГУ. Пасля гэтага супраць мяне пачалася хейт-кампанія: студэнтам, якія вучыліся анлайн з Беларусі, дасылалі фэйкавую інфармацыю пра мяне. Потым гэтыя студэнты прыязджалі да нас, і аказвалася, што ім расказалі, нібыта праз Сабіну Аліеву хутка закрыюць ЕГУ».

Калі гаварыць пра сам вучэбны працэс, то, перш за ўсё, дзяўчына прыйшла да тых выкладчыкаў, пра якіх ёй расказвалі сябры, а іх не было, бо ім не працягнулі кантракты.

Некаторыя выкладчыкі, лічыць Сабіна, не маглі аддзяліць яе асабістую пазіцыю і працу ў СП ад навучання, і таму ёй заніжалі адзнакі. Быў выпадак, калі эсэ дзяўчыны абралі найлепшым у групе і яна яго нават чытала перад усім курсам, а потым выкладчык, прадстаўнік адміністрацыі, паставіў ёй шэсць.

Сабіна правучылася ў ЕГУ крыху менш за тры курсы, а потым сышла ў акадэмічны адпачынак. Праўда, яе заяву на гэты адпачынак ва ўніверсітэце згубілі, і дзяўчыну ў выніку адлічылі.

Аліева згадвае, што ў ЕГУ было шмат добрага, але сваркі з адміністрацыяй гэта перакрэсліваюць: «ЕГУ — гэта такое месца, дзе ты можаш рабіць амаль што хочаш у прыкладных рамках сваіх курсаў, і я карысталася гэтым. Ладзіла праекты, звязаныя з нашымі НДА, прыводзіла розных спікераў ва ўніверсітэт. Шмат з таго, што мы вучылі, мы маглі выкарыстоўваць у праектах, маглі ўдзельнічаць у міжнародных конкурсах. Багата ў якіх выкладчыкаў былі добра пабудаваныя праграмы, з намі працавалі высокакласныя літоўскія спецыялісты, але з імі ў нас было не так шмат вучобы.

Мяне ўжо даўно няма ў ЕГУ, і я нават не хачу згадваць гэты час. Гэта быў і добры вопыт, і балючы, бо такі цудоўны праект існуе ў такіх умовах, дзе, калі ў цябе іншае меркаванне, з цябе могуць смяяцца, і пры гэтым мы знаходзімся ў дэмакратычнай краіне».

Новаму рэктару Сабіна параіла б перабудаваць ЕГУ.

«Тая сістэма, якая там ёсць цяпер, мне нагадвае рэжым Лукашэнкі — тое, што трэба знішчаць пад корань. Яшчэ варта правяраць людзей, якія застаюцца на працы, разглядаць кейсы, на якія не звярталася ўвага раней, падняць навуку, слухаць студэнтцва і грамадзянскую супольнасць. Яму трэба быць адкрытым чалавекам, бо, каб перабудаваць ЕГУ, патрэбныя намаганні і жаданне ўсіх — і студэнцтва, і настаўнікаў, і адміністрацыі», — падсумоўвае дзяўчына.

Сакрэтныя выбары рэктара ў ЕГУ: што пра іх вядома

«Усе пакуль стаіліся і чакаюць». Сем'і адзінаццацікласнікаў — аб зменах ва ўступнай кампаніі

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

Nashaniva.com