Slipknot. Amorphis. Epica. Найлепшыя альбомы металістаў у 2022-м
Музычныя топы, што падсумоўвалі год ад «Нашай Нівы», ахоплівалі разнастайныя жанры. Аднак цяжкі рок ды метал у іх не трапілі. Расказваем асобна, што з навінак гэтага года варта паслухаць аматарам такой музыкі.
29.12.2022 / 12:24
Oceans. «Hell Is Where the Heart is»
Нягледзячы на тое, што калектыву ўжо больш за 20 гадоў, Робін Штапс працягвае эксперыменты. У чарговай працы «акіянаў» можна пачуць і ўплывы грува Slipknot, і ню-метальны драйв Korn, і экстрэмальшчыну, якая пакрысе ўнітавалася ў палатно ўсёй плыткі. Пры гэтым можна сутыкнуцца і з нечакана пранізлівай чуллівасцю, якая ахоплівае слухача, калі той менш за ўсё гэтага чакае.
The Devil Wears Prada. «Color Decay»
Каму са слухачоў плыткі сказаць, што ў 2005-м гурт пачынаў з хрысціянскага метала, наўрад ці хто паверыць. Цяпер тут няма нічога, што яднала б амерыканцаў са Skillet ці іншымі флагманамі гэтага кірунку. «Д'яблы» фантануюць эмоцыямі, тасуюць мелодыку, урываюцца ў прастору металкора ды не забываюцца на лірычнасць, калі трэба даць слухачу перадышку. Відавочна, што Color Decay — найбольш сакавітая праца калектыву, якую цягне пераслухоўваць зноў і зноў.
Three Days Grace. «Explosions»
Адразу папярэдзім: чакаць былога альтэрнатыўнага метала ці пост-гранжа ў гэтай працы не варта. Канадцы быццам наўмысна адмаўляюцца ад стылістыкі, што прынесла ім поспех з Адамам Ганцье на чале. Ужо трэцюю плытку запар яны шукаюць іншы шлях да людскіх сэрцаў — праз стаўку на голас Мэта Уолста ды меладычныя аранжыроўкі на мяжы альтэрнатыўнага рока ды пост-гранжа. На дзіва, з Explosions гурт пацэліў амаль у яблычак, бо трэкі і прапісаны якасна, і зведзены ледзьве не па класічных канонах метала для шырокай аўдыторыі.
Bad Omens. «The Death of Peace of Mind»
Давайце прызнаем: поп-метал — гэта ўжо не проста спарадычная анамалія ў плыні цяжкай музыкі, а з'ява, якую «стараверам» трэба прыняць ды змірыцца. Новыя гурты, арыентаваныя на камерцыйны поспех, усё часцей аблягчаюць гучанне, а ў якасці кампенсацыі (ды кампрамісу) прапануюць масаваму слухачу высокую якасць гуку і прадакшна ў цэлым.
Bad Omens у трэцім поўнафарматным альбоме нічога сусветна новага не адкрылі. Аднак прыдумалі, як прыцягнуць увагу да плыткі фанатаў з розных метал-лагераў. Упляценнем электроншчыны прывабілі прыхільнікаў Linkin Park і да іх падобных, тады як вакальныя павароты адгукнуліся адэптам Bring Me The Horizon. Ёсць тут нешта і ад готыкі, аднак не ў класічным разуменні, а хутчэй у адчуваннях, флёры. Таму на выхадзе «зборная салянка» амерыканцаў чапляе — і пакуль ты разбіраешся, чым менавіта, яны прайграюць увесь трэк-ліст The Death of Peace of Mind.
Epica. «The Alchemy Project»
Пакуль большасць сімфа-металічных банд вандравала па Еўропе ды кампенсавала фанам канцэрты, адмененыя ў апошнія гады з-за пандэміі, Epica колькі тыдняў правяла ў студыі. І не толькі для таго, каб звесці live-альбом старых песень (у тым ліку некалькі акустычных варыяцый ды дэмак), але і каб запіліць арыгінальную плытку. На поўнафарматны дыск твораў не хапіла, аднак EP атрымаўся магутным за кошт гасцей. Fleshgod Apocalypse, Шарлота Весэльс, God Dethroned, Shining — наколькі вядомыя, настолькі разнастайныя па стылістыцы выканаўцы выклаліся па поўнай праграме, каб адпавядаць выклікам нідэрландцаў. Ну і, зразумела, бездакорная Сімона Сіманз зноў сцвердзіла, што застаецца адной з найлепшых метал-спявачак сучаснасці.
Cave In. «Heavy Pendulum»
Пасля таго, як Калеб Скофілд сышоў у лепшы свет, падавалася, што амерыканцы паставяць кропку ў сваёй гісторыі плыткай Final Transmission. Аднак яны вырашылі ісці далей, запрасіўшы на бас ды бэк-вакал Нэйта Ньютана (ён вядомы па гуртах Converge ды Old Man Gloom). Да таго ж калектыў звярнуўся па прадзюсіраванне да Курта Балоу — чалавека, які вывеў іх у свет метал-музыкі падчас дэбюту ў 1998-м.
Як выявілася, Cave In стварылі адну з найлепшых плытак у дыскаграфіі, якая захавала ў тым ліку дух Скофілда — яго аўтарству належыць шэраг музычных партый і некаторыя тэксты. Квінтэсенцыяй альбома атрымаўся фінальны трэк Wavering Angel. Ён за 12 хвілін раскрывае гурт з самых разнастайных бакоў і штурхае крытыкаў назваць Cave In сучаснай рэінкарнацыяй Pink Floyd ад метала на піку кар'еры.
Slipknot. «The End, So Far»
Альбом, які немагчыма абмінуць увагай — як мінімум з-за вакалу Коры Тэйлара. На сёмым альбоме гурта (дарэчы, апошнім на лэйбле Roadrunner Records, што можна пабачыць у назве плыткі) спявак выдае максімальна шырокі дыяпазон магчымасцей. Тут не толькі скрым, які ўспрымаецца як неад'емная частка стылістыкі, але і пранікнёны чысты спеў, што правакуе бег мурашоў па скуры. Як падаецца, гэта самая дарослая і спелая праца Тэйлара, што арганічна аздабляе альбом.
Ды і ў цэлым плытка ў «Сліпоў» атрымалася багатай на разнастайныя элементы, дзякуючы чаму патрабавальны слухач знойдзе на ёй мінімум два-тры блізкія сабе трэкі.
Amorphis. «Halo»
Легенды фінскага метала па-ранейшаму ў парадку. Нягледзячы на тое, што выхад плыткі некалькі разоў адкладаўся з-за кавіду, вынік працы задаволіў не толькі творчы тандэм Томі Кайвусаары — Эса Халапайнен, але і шматлікіх прыхільнікаў гурта. Фінальная кропка ў альбомнай трылогіі, што базіравалася на фінскай ды эстонскай міфалогіях, атрымалася дастаткова тлустай за кошт сумесі death-метала з паўэрам, сімфонікай ды фолкам.
Цікава, што жорсткі вакал Томі Ютсэна не ідзе ў канфлікт з тонкімі музычнымі мелодыямі, а толькі выгодна падкрэслівае кантрасты ў трэках Amorphis.
Sumerlands. «Dreamkiller»
Новы вакаліст гурта Брэндан Радзіган бліскуча здаў іспыт на прафпрыгоднасць. Хаця пасля прац у Pagan Altar, Battle Ruins ці Stone Dagger пытанняў да спевака нават у тэорыі быць не магло. Аднак мала таго, што былы франтмен Філ Суонсан паставіў даволі высокую планку, яшчэ і папярэдняя плытка ў Sumerlands атрымалася ледзьве не ўзорнай.
На шчасце, альбом атрымаўся з усіх бакоў годным: эфектныя рыфы, гучныя бубны, энергічны меладычны малюнак — усё, як мае быць у традыцыйным хэві-метале. Таму калі вы сумавалі па класічным падыходзе да гэтага музычнага пласта, Sumerlands дапаможа выйсці з дэпрэсіі.
Alter Bridge. «Pawns & Kings»
Марк Трэмонці і Майлз Кенэдзі зноў на кані. Валадар складаных гітарных рыфаў вярнуўся да хэві-метала — і тым самым быццам дэманстратыўна пайшоў насуперак усім эксперыментатарам сучаснасці. А вакаліст вярнуў нас ледзьве не ў рапсадычныя часы ўпэўненым выкананнем не самых простых партый.
За шэсць папярэдніх альбомаў «брыджы» прывучылі слухачоў да пэўнай эстэтыкі. І выбітна, што на новай плытцы яна захавалася — разам з меладызмам і энергетыкай гурта.
А якія альбомы цяжкай музыкі падаліся самымі яркімі вам? Дзяліцеся ў каментарах!