Плоў па-уйгурску: сямейны рэцэпт Розы Турарбекавай
Да 2021 года дацэнтка кафедры міжнародных адносін БДУ, а цяпер запрошаная прафесарка Гісенскага ўніверсітэта (Германія) Роза Турарбекава па просьбе сяброў і калег падзялілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку рэцэптам уйгурскага плову. «Мяне заўсёды дзівіла любоў беларусаў да плову. Гэта не значыць, што беларуская кухня не прывабная. Гэта значыць, што беларусы — народ адкрыты і любіць усё новае», — адзначае выкладчыца.
07.01.2023 / 10:15
Фота: Eugene Krasnaok / Unsplash
Па словах спадарыні Розы, яна наогул не сустракала людзей, якія не любяць плоў. «Хіба толькі мой сын, які вельмі прыдзірлівы, бо я яго карміла ім занадта часта».
Рэцэпт дастаўся Розе Турарбекавай ад мамы, якую навучылі уйгуры. Маці нейкі час працавала настаўніцай у раёне казахска-кітайскай мяжы. У гэтай частцы Казахстана кампактна жыве уйгурскае (джунгарскае) насельніцтва.
Рэцэпт
Для добрага плову вам спатрэбіцца 500 г тлустага мяса, пажадана бараніна. Але я гатую таксама і з ялавічынай (толькі тлустай), і з курыцай. А беларусы любяць у плове і свініну.
Вялікая цыбуліна, дзве-тры морквы. Алей сланечнікавы. Соль. Можна адну галоўку часнаку. Рыс — 200 г.
1 этап
Мяса нарэзаць сярэднімі кавалачкамі. Лук — колцамі ці паўколцамі. Моркву ВЫКЛЮЧНА саломкай. Нават гародніну трэба нарэзаць пэўным чынам, каб смак і стан да канца гатавання былі адпаведныя.
2 этап
У нагрэтую жароўню або казан складаеце мяса і чакаеце, пакуль уся вада з яго выкіпіць. Рабіць гэта на дастаткова моцным агні. Як толькі вадкасць выкіпіць, дадаць крыху сланечнікавага алею (1-1,5 сталовыя лыжкі) і адразу пакласці моркву. Памяшаць. На моцным агні і пры закрытым вечку тушыць з мясам, пакуль яно не памякчэе (працэс зойме пару хвілін). Затым пакласці цыбулю і таксама тушыць, пакуль яна не стане празрыстай. Заліць усё кіпенем так, каб усё было патоплена ў вадзе на палец таўшчынёй. Калі ўсё закіпіць, пасаліць (дадаць крыху менш сталовай лыжкі солі). Знізіць агонь да сярэдняга. Мяса ў цэлым павінна тушыцца 1,5 гадзіны.
3 этап
За 1 гадзіну да канца гатавання мяса запарыць рыс. Пры выбары рысу вельмі важна глядзець на яго якасць. Не варта браць гатунак язмін і прапараны рыс. Лепш прапарыць самой. Я бяру як басмаці, так і і круглы рыс. Гэта не так важна.
200 грам рысу заліць кіпенем, утапіць на палец таўшчынёй. Накрыць вечкам і пакінуць на 20 хвілін.
4 этап
Перад тым, як пакласці рыс, уключыць агонь мацней. Дадаць крыху вады, каб яе колькасць пастаянна захоўвалася. З запаранага рысу зліць ваду старанна. Адразу дадаць яго ў кіпячую жароўню. Разраўнаваць яго так, каб усё было на адным узроўні, і пераканацца, што вада крыху вышэй за гэты ўзровень (на адзін палец). Вада пры гэтым павінна кіпець. Знізіць агонь да мінімуму. Прыадкрыць ледзь-ледзь вечка, каб пара выходзіла. Пакінуць так на 40 хвілін.
5 этап
Вядома, заўсёды ёсць рызыка, што рыс прыгарыць. Але ні ў якім разе за ўсе 40 хвілін не мяшайце яго. Рыс наогул мяшаць пры гатаванні не рэкамендуецца. Ён павінен проста варыцца ў стацыянарным становішчы. Калі ў вас узніклі падазрэнні, што рыс прыгарае, то лепш дадаць крыху кіпеню. Зусім крыху. І не мяшайце нічога!
Праз 40 хвілін пераканайцеся, што ўся вада выкіпела. Выключыце агонь і цяпер перавярніце рыс. Закрыйце шчыльна вечкам і пакіньце яшчэ на 5 хвілін. Часам за 10 хвілін да канца гатавання ў сярэдзіну ўкручваюць галоўку часнаку. Плоў можна падаваць з кропам. Добра спалучаюцца смакавыя якасці.
Усім удачы! Усіх з Новым годам! Хай Ваш стол (дастархан) ніколі не збяднее!