У апошні дзень 2022 года каліноўцы штурмавалі расійскія пазіцыі, двух байцоў лёгка параніла. Новы год добраахвотнікі сустрэлі гімнам «Пагоня» ВІДЭА

Баец палка імя Каліноўскага Аляксандр «Кусь» Клачко расказаў «Нашай Ніве», як добраахвотнікі святкавалі Новы год, якая выдалася першая ноч 2023 года, і даслаў відэа, знятае апоўначы.

01.01.2023 / 17:26

Беларускія добраахвотнікі. Скрыншот з відэа навагодняга звароту палка імя Каліноўскага

Навагодні зварот палка Каліноўскага агучылі камандзір падраздзялення Дзяніс «Кіт» Прохараў, камандзір батальёна «Літвін» Кірэеў Ігнат «Булак» і камандзір батальёна «Волат» Ян «Беларусь» Мельнікаў. Яны адрасавалі яго суайчыннікам — як тым, якія змагаюцца супраць рэжыму Лукашэнкі, так і тым, хто «працягвае жыць пад прыгнётам дыктатуры» ці падтрымлівае яе. 

Першым прамаўляў Дзяніс Прохараў.

«Шаноўныя беларусы і беларускі, усе тыя, хто разам з намі змагаецца супраць расійскай агрэсіі ва Украіне, і ўсе, хто ў выгнанні з нашай роднай Беларусі, — сказаў ён. — Усе, каго лёс занёс у розныя куткі свету, і тыя, хто працягвае жыць пад прыгнётам дыктатуры.

Усе, хто ў поўнай меры адчувае катаванні, а таксама ўсе, хто да гэтага часу не заўважае гэтай самай дыктатуры ці робіць такі выгляд. Тыя, хто яе пакуль падтрымлівае. Усе, хто ля станка і пакуль што ў пагонах. Усе, хто вучыць, лечыць, займаецца бізнэсам, спортам і мастацтвам у гэты нялёгкі час. Падыходзіць да заканчэння 2022 год».

«У гэтым годзе, — працягнуў Ігнат Кірэеў, — мы стварылі беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, які стаў побач з украінцамі ў вайне супраць расійскай агрэсіі і паставіў сабе мэту — вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны.

Гэты год быў годам барацьбы, развіцця і сапраўдных выпрабаванняў. Мы ўдасканальвалі свае навыкі і выконвалі баявыя заданні ў найгарачэйшых месцах фронту».

«Нас становіцца ўсё больш і больш, — казаў ён. — На вялікі жаль, мы таксама трацім нашых пабрацімаў, чые імёны назаўжды застануцца ў нашай памяці і ў памяці ўсяго беларускага народа».

Камандзір палка Дзяніс Прохараў (зверху), камандзір батальёна Ігнат Кірэеў і камандзір батальёна «Волат» Ян Мельнікаў. Скрыншоты з навагодняга звароту палка імя Каліноўскага

«Наперадзе нас чакае яшчэ адзін год змагання, — працягваў Ян Мельнікаў. — Год, у якім трэба выстаяць дзеля тых, хто загінуў. Хто цяпер у турме і пакутуе. Дзеля тых, хто рабіў гісторыю ўчора і робіць яе сёння.

Мы — новая кагорта беларусаў, якія змагаюцца за сваю нацыю і за ганаровае імя нашчадкаў полацкіх дружыннікаў, рыцараў Вялікага Княства Літоўскага, ваяроў Каліноўскага, нашчадкаў БНР. Сэрцы ўсіх нашых людзей прагнуць перамогі над акупантам і іхнімі прыхваснямі ў Беларусі. Мы зробім усё магчымае дзеля гэтага», — казаў ён.

«Беларускі полк імя Каліноўскага абяцае і надалей стаяць у абароне Украіны і прыкласці максімум высілкаў, каб мэта нашага народа здзейснілася і Беларусь стала свабоднай у новым годзе, а дзяржава была для народа згодна з запаветам Кастуся Каліноўскага.

«Час прыйдзе, беларусы. З новымі сіламі ў новы 2023 год. Жыве Беларусь», — падсумаваў Ян Мельнікаў.

«Мая мэта — вызваліць Беларусь»

У апошні дзень 2022 года каліноўцы штурмавалі расійскія пазіцыі. Баец Аляксандр «Кусь» Клачко расказаў «Нашай Ніве», што ў складзе разліку падтрымліваў саслужыўцаў агнём. Паводле яго слоў, двое каліноўцаў атрымала лёгкія раненні, а ў праціўніка быў, прынамсі, адзін забіты.

Па выкананні задання каліноўцы вярнуліся на базу, накрылі стол. Навагоддзе сустрэлі песняю на словы Максіма Багдановіча «Пагоня».

«Гэта не было запланавана, але нехта ўключыў на тэлефоне нашу «Пагоню». Усе ўсталі, прыклалі руку да сэрца і падпявалі. Гэта быў вельмі моцны і кранальны момант. Яго нельга пераказаць словамі», — апавядае Аляксандр.

2022 год каліновец называе звычайным годам, у які адбываюцца «важныя гістарычныя падзеі».

Аляксандр кажа, што 2022 год дазволіў яму зразумець, што найвялікшымі для яго каштоўнасцямі з'яўляюцца воля і годнасць.

«Гэты год даў мне вайсковы досвед, які тым самым наблізіў мяне да здзяйснення маёй мэты. Мая мэта — гэта вызваленне Беларусі».

Аляксандр «Кусь» Клачко. Фота: архіў Аляксандра Клачко

Аляксандр Клачко верыць, што вызваленне Беларусі магчымае.

Гібель саслужыўцаў на вайне заўжды перажываецца надзвычай цяжка, кажа каліновец пра страты 2022 года.

Для яго асабіста пакутлівым выпрабаваннем стала гібель Вадзіма «Папіка» Шатрова ды Івана «Брэста» Марчука. Абодва загінулі ў баі пад Лісічанскам.

Іван «Брэст» Марчук. Скрыншот з навагодняга звароту палка імя Каліноўскага 

«Гэтыя страты не толькі для мяне, але і для ўсёй Беларусі», — даводзіць каліновец і дадае, што перажывае за лёс паланёнага Сяргея «Кляшча» Дзёгцева.

Аляксандр зычыць, каб у наступным годзе ён і саслужыўцы збераглі сябе маральна і фізічна, бо гэта «самае галоўнае, каб дасягнуць агульных мэтаў — вызваліць Беларусь».

Навагодні стол беларускіх добраахвотнікаў. Фота: Аляксандр Клачко

Каліновец адзначае, што павіншаваў з Новым годам відэазваротам сваіх родных і сяброў. З ім жа ён віншуе ўсіх беларусаў.

«Я лічу, што трапна, своечасова сказанае слова іншым разам дапамагае больш, чым зброя любога калібру», — падсумоўвае каліновец Аляксандр «Кусь» Клачко.

«Я паставіў на кон усё». Апошняе інтэрв'ю з Іванам «Брэстам», які загінуў каля Лісічанска

Хто такія «Атам», «Сябро» і «Папік». Расказваем пра траіх байцоў з палка Каліноўскага, якія, напэўна, загінулі

Працавала бухгалтаркай, жонка аднаго з байцоў. Хто такая Крысціна «Чабор» з палка Каліноўскага? 

Nashaniva.com