Ніна Багінская расказала, што з ёй здарылася на Новы год
Мілую святочную гісторыю, якая здарылася з вядомай актывісткай, напісала ў фэйсбуку журналістка Любоў Лунёва. «Мы ўсё ж засталіся пры ўсёй гэтай навале беларусамі. І салідарнасць наша нікуды не падзелася», — канстатуе яна.
02.01.2023 / 12:31
«Ніна Багінская распавяла сёння: «Еду ўчора на аўтобусе 100 у бок плошчы Незалежнасці. Недзе ў раёне Кастрычніцкай плошчы заўважыла, што на мяне глядзіць жанчына сярэдняга ўзросту. Сустрэліся вачыма і яна:
— Вы Ніна Багінская?
— Так.
— Так рада Вас пабачыць. Дзякуй Вам за ўсё, беражыце сябе.
Яна праціснулася да выхаду і, выходзячы, нешта сунула мне ў руку. Я гляджу, а гэта сторублёвая купюра. Я толькі паспела ёй сказаць: «Вы што? Мне не трэба ніякіх грошай». А тут і дзверы зачыніліся і я засталася з гэтай купюрай.
Ай, неяк няёмка. Ну што гэта такое».
Гэта навагодні падарунак ад жанчыны, якой дастаткова было ўсяго толькі пазнаць нашу любімую Ніну, каб зрабіць для яе нешта добрае ў гэты перадсвяточны дзень. Можа, яна і сама адчула сябе лепей ад гэтага».