Стварылі Адзіны рэестр пустуючых дамоў, у ім можна нагледзець нешта для сябе
Рэестр пустуючых дамоў створаны дзяржаўнымі органамі для выяўлення, уліку і скарачэння колькасці такіх будынкаў. Атрымаць інфармацыю з рэестра можа кожны ахвотны. Пры гэтым можна ўдакладніць характарыстыкі дома, месцазнаходжанне, стан, узрост, паведамляе Дзяржкаммаёмасці.
03.01.2023 / 16:55
Фота ілюстрацыйнае
Пакуль у Адзіным рэестры пустуючых дамоў сабраная інфармацыя пра 1200 аб'ектаў жылой нерухомасці. У спіс патрапілі дамы, для якіх вядуць пошук ўласніка, і тыя, якія вырашана прадаваць.
Азнаёміцца з Адзіным рэестрам пустуючых дамоў можна на сайце eri2.nca.by, для гэтага пры аўтарызацыі трэба выбраць укладку «Увайсці як госць». Далей па фільтры можна пазначыць актуальныя параметры аб'ектаў.
Раней паведамлялася, што на 1 верасня 2022 года ў Беларусі ў сельскай мясцовасці зарэгістравана каля 7 тыс. пустуючых дамоў і каля 2,5 тыс. старых дамоў. Купіць такія дамы ў мясцовай улады можна праз аўкцыён або прамы продаж.