Кіраўнік медцэнтра «Нардзін» Дзмітрый Сайкоў аднавіў прыём пацыентаў

Кіраўнік медыцынскага цэнтра «Нардзін» Дзмітрый Сайкоў, якім у маі 2022 года зацікавіліся сілавікі, вярнуўся да працы і зноў прымае пацыентаў.

06.01.2023 / 14:38

Так, на сайце медцэнтра паведамляецца, што найбліжэйшая дата запісу на прыём да Сайкова — 21 студзеня. Доктар праводзіць лячэнне залежнасцяў, залішняй вагі, заікання, энурэзу і некаторых скурных захворванняў.

Да працы ён прыступіў у снежні мінулага года, паведамілі выданню Smartpress у медустанове.

Праблемы ў «Нардзіна» пачаліся ў пятніцу 13 мая, калі ў медцэнтр прыйшоў ДФР. Была канфіскавана дакументацыя, у тым ліку старыя журналы рэгістрацыі пацыентаў. Сайкова і яго жонку затрымалі ва ўласным доме падчас адпачынку на Браслаўскіх азёрах. Увечары іх адпусцілі.

Пазней ў «Нардзіне» выявілі парушэнні пры правядзенні артапедычных умяшанняў і факты ўхілення ад выплаты падаткаў.

У жніўні Мінздароўя прыпыняла дзейнасць медцэнтра на нейкі час.

Чым вядомы доктар Сайкоў, у чыю клініку наведаўся ДФР

Nashaniva.com