Вар'яцкая розніца тэмператур між Гарадоччынай і Берасцейшчынай захаваецца і ў нядзелю. Разбежка ў 20 градусаў
Пераменная воблачнасць і да мінус 25 градусаў чакаецца ў Беларусі 8 студзеня, паведамляе Белгідрамет.
07.01.2023 / 16:07
Ноччу па заходняй палове краіны чакаецца невялікі снег, днём пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, днём месцамі парывісты.
Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 20-22, месцамі па Віцебшчыне і Магілёўшчыне будзе да 23-25 градусаў марозу. Днём чакаецца мінус 4-10, па паўночным усходзе — да 13-ці ніжэй за нуль, у паўднёва-заходніх раёнах будзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў цяпла.
Прыкладна тое ж самае надвор'е стаіць цяпер. На тэмпературнай мапе можна пабачыць поўную карціну ночы з пятніцы на калядную суботу.
Халадней за ўсё ўначы з 6 на 7 студзеня было ў Езярышчы — мінус 22,5.
А цяплей за ўсё — у Тамашоўцы — мінус 2,2.
Розніца тэмператур між Гарадоччынай і Берасцейшчынай — ажно 20 градусаў.