Протаіерэй Лемяшонак пахваліў Лукашэнку за падтрымку Расіі ў вайне і не толькі
Духоўнік Свята-Елізавецінскага манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак падчас каляднага прыезду Лукашэнкі падзякаваў яму за тое, што шмат хто лічыць злачынствамі.
07.01.2023 / 18:25
Лемяшонак са словамі «асоба мае вялікае значэнне» выказаў захапленне Лукашэнкам, што падчас пандэміі той не закрыў вытворчасць, не закрыў храмы для наведвання.
Пратэсты пасля выбараў 2020 года Лемяшонак назваў смутай. «Людзі не разумелі, што яны рабілі. Вы — з народам. І наша краіна засталася незалежнай і цэласнай».
Паводле Лемяшонка, сёння трэба быць адважным, каб сказаць «Мы з Расіяй». «Гэта сапраўды па-праваслаўнаму, і за гэтую праўду, за тое, што не шукаеце незразумелых хадоў, а кажаце, што ў вас на сэрцы, і бог чуе вас і дапамагае вам, і будзе дапамагаць. І мы заўсёды будзем з вамі», — сказаў Лемяшонак.
Гэтую прамову Лемяшонка канал «Пул першага» выклаў з рэмаркай, што Лукашэнка нібыта не любіць пахвалы, але гэта трэба паслухаць.
«У Каляды не толькі пра Хрыста, але і пра ірадаў», — адрэагавала на візіт Лукашэнкі ў манастыр тэолаг Наталля Васілевіч.
«Храмам для наведвання на свята і для палітычнай прамовы Лукашэнка абраў самае ўдалае месца ў Беларусі — Свята-Елізавецінскі манастыр». Васілевіч піша, што прыезд «даў нам новы матэрыял на гэтых бізнэсоўцаў ад рэлігіі, новыя пацвярджэнні таго, што яны цалкам падтрымліваюць і абслугоўваюць рэжым Лукашэнкі».
Акрамя таго, яна заўважыла, што візіт «чарговы раз паказаў, што Фёдара Поўнага больш не варта браць пад увагу як фігуру ўплыву, на яго месца заступілі Мітрапаліт Веніямін і протаіерэй Андрэй Лемяшонак».