Мяса, арэхі, шпінат: рацыён «жалезнага» здароўя
Жалеза ў нашым арганізме адказвае за клетачнае дыханне і метабалізм, але арганізм яго самастойна не выпрацоўвае. Як з гэтым быць?
08.01.2023 / 10:16
Гэты важны мікраэлемент уваходзіць у склад гемаглабіну, з якога складаюцца клеткі крыві — эрытрацыты. Менавіта яны дастаўляюць кісларод дакладна па прызначэнні — да органаў і тканак. Жалеза таксама адыгрывае важную ролю ў халестэрынавым абмене, падтрыманні імунітэту, піша «Звязда».
Наш арганізм гэты каштоўны мікраэлемент самастойна не выпрацоўвае. Таму важна, каб у рацыёне ён быў у дастатковай колькасці. Асабліва маюць патрэбу ў жалезе жанчыны дзетароднага ўзросту, паколькі рэгулярна губляюць гэта рэчыва падчас «крытычных» дзён. Па ацэнках спецыялістаў, мужчынам дастаткова атрымліваць з ежай 10 мг жалеза штодня, жанчынам трэба 15-18 мг, а падчас цяжарнасці 20 мг.
У якіх прадуктах ёсць?
Жалезам багата чырвонае мяса, прычым змяшчаецца мікраэлемент там у гемавай форме і лёгка засвойваецца. Катлеты з ялавічыны ці свініны, вяндліна і каўбасы, мяса труса і бараніна папоўняць запасы жалеза ў арганізме. Багатыя жалезам сэрца, ныркі жывёл, асабліва шмат яго ў печані. Каштоўная крыніца жалеза — вустрыцы і іншыя малюскі, якія да таго ж нізкакаларыйныя і не ўтрымоўваюць халестэрыну, а таксама арэхі.
Ёсць лідары па ўтрыманні мікраэлемента і сярод гародніны — гэта шпінат, брокалі, а сярод садавіны — яблыкі, гранат, разынкі. Дастаткова жалеза ў жытнім хлебе, грэчцы. Цёмны шакалад таксама можа дапамагчы насыціць арганізм жалезам. І, вядома, гематаген — салодкія пліткі з альбумінам, якія можна набыць у аптэках.
Як выяўляецца дэфіцыт?
Пастаяннае пачуццё стомленасці, галавакружэнне, адсутнасць апетыту, сухасць і бледны колер скуры, выпадзенне валасоў, ломкасць пазногцяў і незагойныя трэшчынкі ў кутках вуснаў могуць сігналізаваць пра дэфіцыт жалеза. А яшчэ людзі, якія пакутуюць ад недахопу жалеза, схільныя да частых прастуд і іншых інфекцый.
Чым выкліканы нізкі ўзровень жалеза ў арганізме? Часцей за ўсё — недахопам у рацыёне прадуктаў, якія гэты мікраэлемент утрымліваюць. Прычынай у жанчын могуць быць моцныя менструацыі, страта крыві ў выніку аперацыйных умяшанняў, траўмаў і г.д. Часам жалеза ў ежы дастаткова, але яго ўсмоктванне парушана. Гэта здараецца з-за некаторых захворванняў страўніка і кішэчніка.
Чым дапамагчы?
Калі ў вас няма сур’ёзных захворванняў ЖКТ, а дэфіцыт жалеза выкліканы толькі незбалансаваным харчаваннем, дастаткова змяніць яго характар, каб палепшыць сітуацыю. Дапамагчы могуць вітамінна-мінеральныя комплексы. Каб жалеза засвойвалася, у вашым рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць вітаміны А, С, Е, а таксама групы В, асабліва В12. Перш чым прымаць дабаўкі з жалезам, неабходна параіцца з доктарам.