У Афганістане прэзентавалі першы нацыянальны суперкар ФОТА

Над яго стварэннем працавалі пяць год, і ён мае рухавік ад «Таёты Карола».

12.01.2023 / 15:39

Афганскія распрацоўшчыкі прэзентавалі прататып свайго першага суперкара Mada 9, паведамляе нацыянальны тэлеканал ToloNews. Над стварэннем аўтамабіля пяць гадоў працавалі 30 інжынераў з Кабульскага прафесійна-тэхнічнага інстытута.

Прадстаўнік талібаў Забіула Муджахід размясціў у твітары фота аўтамабіля, заявіў, што распрацоўка ёсць гонарам для яго краіны, і падзякаваў за арганізацыю работ па ёй Міністэрству прафесійнай адукацыі.

د افغانستان له خوا لومړنی جوړ شوی سپورټي موټر

دغه موټر د تخنیکي او مسلکي تعلیماتو ادارې د یوې ۳۰ کسیزې کاري ډلې له خوا د کابو پنځو کلونو په لړ کې جوړ شوی دی.#طلوع‌نیوز pic.twitter.com/1VeThhxGwZ

— TOLOnews (@TOLOnews) January 11, 2023

Тэхнічныя характарыстыкі Mada 9 пакуль не выдаюцца. Як адзначае Daily Mail, на дадзены момант вядома, што ў суперкары ўстаноўлены мадыфікаваны рухавік Toyota Corolla, здольны вытрымліваць павелічэнне хуткасці.

Таксама ў планах вытворцы абсталяваць аўтамабіль электрычнай трансмісіяй.

Кузаў Mada 9 выраблены з лёгкіх кампазітных матэрыялаў, а сілавы агрэгат размешчаны пад кіроўцам. Акрамя гэтага, ёсць верагоднасць, што суперкар часткова атрымае характарыстыкі ўседарожніка. У выданні гэта звязваюць з тым, што аўтамабіль адаптаваны пад ўзгорысты ландшафт Афганістана.

Вытворца дадаў, што Mada 9 хутка паставяць на тэсты для ацэнкі хадавых якасцяў. Першапачаткова кампанія мае намер выпусціць аўтамабіль на ўнутраным рынку, аднак не адмаўляе, што ў будучыні пачне экспартаваць Mada 9 на міжнародныя пляцоўкі, а таксама прымаць удзел у сусветных выставах і аўтасалонах.

Nashaniva.com