Цяпер і архівамі будзе кіраваць генерал
Сярод сённяшніх кадравых прызначэнняў Лукашэнкі звяртае на сябе ўвагу тое, што кіраваць Дэпартаментам архіваў і справаводства Міністэрства юстыцыі прызначылі Алега Воінава. Дагэтуль ён кіраваў Нацыянальным гістарычным архівам.
17.01.2023 / 18:58
Зрэшты, нягледзячы на папярэдняе месца працы, прафесійным архівістам Алега Воінава назваць складана. На кіраванне гістарычным архівам ён быў «кінуты» толькі ў маі 2022 года, а дагэтуль усю сваю кар'еру рабіў у войску. Апошняе ягонае месца працы на вайсковай службе — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, а вайсковае званне — генерал-маёр.
Звольнілі Алега Воінава з вайсковай службы не за нейкія грахі, а па ўзросце. У сакавіку 2022-га яму споўнілася 55 гадоў — а гэта для вайскоўцаў з ягоным званнем гранічны тэрмін. Паводле закону тэрмін службы, праўда, можа падаўжацца Лукашэнкам, але ў выпадку Воінава ён гэта рабіць чамусьці не палічыў патрэбным.
Аднак і ў апалу адстаўны генерал не патрапіў, проста яму знайшлі прымяненне ў іншай галіне — як вядома, былыя вайскоўцы цяпер у цане для таго, каб «наводзіць парадак» у разуменні рэжыму і ў цывільных сферах. Міністр юстыцыі, непасрэдны цяперашні начальнік Воінава, дарэчы, таксама генерал-маёр, былы высокапастаўлены функцыянер з Унутраных войскаў.
Пра тое, што Воінаў на пасадзе дырэктара асобнага архіва доўга не затрымаецца, а яму збіраюцца даручыць усю архіўную галіну, гаварылі, дарэчы, адразу пасля ягонага афіцыйнага прызначэння. Папярэдняму дырэктару Дэпартамента архіваў і справаводства Віктару Курашу, таксама ў фрондзе адносна рэжыму не заўважанаму, проста вырашылі перад выхадам на пенсію даць адзначыць на пасадзе 100-годдзе архіўнай службы Беларусі.
Цікавы штрых з біяграфіі Алега Воінава — ён нарадзіўся ва украінскім Днепрапятроўску (цяпер Дняпро). Ягоныя сваякі і цяпер жывуць там, а пасля нападу Расіі на Украіну запісалі відэазварот да свайго сваяка, заклікаючы яго не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаванне. Аднак гэты зварот ніякага ўплыву на яго не аказаў.
Наколькі нам вядома, сам украінец Воінаў у вайне Расіі супраць Украіны на расійскім баку, а захоп расійскімі войскамі тэрыторый на поўдні і ўсходзе Украіны ўспрымае як іх «вызваленне».
Разам з іншымі высокапастаўленымі беларускімі вайскоўцамі Алег Воінаў унесены ў адзін з санкцыйных спісаў Еўрасаюза.