Дактары перасцерагаюць: не рабіце гэтага перад паходам да медыкаў
Некаторыя рэчы ў нашым жыцці могуць паўплываць на вынікі аналізаў ці візіту да доктара. Чаго нельга рабіць перад паходам у паліклініку?
21.01.2023 / 21:48
Фота: pixabay.com
Калі вы збіраецеся наведаць тэрапеўта ці прайсці абследаванне ў кардыёлага, не піце каву ці іншыя напоі з кафеінам за гадзіну да прыёму. Гэтыя рэчывы могуць штучна павысіць ваш ціск. Таксама скараціце ўжыванне табачных вырабаў і супрацьацёкавых лекаў.
Калі вы звычайна не ясце вельмі тлустую ежу, не трэба яе ўжываць і перад аналізам крыві. А некаторыя аналізы крыві лепш і ўвогуле рабіць на галодны страўнік. Сярод іх аналіз крыві на цукар, трыгліцэрыды, а таксама на халестэрын ды іншыя тлушчы. За суткі да здачы аналізу не варта піць алкаголь, есці зашмат салодкага і пераядаць.
У выпадку наяўнасці сімптомаў інфекцыі пастарайцеся не прымаць у дзень візіту да доктара безрэцэптурныя лекі, што маскіруюць сімптомы прастуды і грыпу. Гэта можа прывесці да няправільных высноў доктара.
Перад візітам да дэрматолага не рабіце манікюр і педыкюр, бо некаторыя хваробы праяўляюцца праз знешні выгляд пазногцяў. Сярод іх анемія, дыябет, хваробы сэрца і грыбковыя захворванні. Таксама, калі хочаце пракансультавацца наконт праблем з тварам, не ідзіце да дэрматолага з макіяжам.
Тры гадзіны да кардыяграмы пацыенту лепш не есці і не курыць, за 12 гадзін трэба адмовіцца ад моцных фізічных нагрузак. Напоі з кафеінам таксама могуць паўплываць на вынікі.
Эксперты раяць не карыстацца перад мамаграфіяй дэзадарантамі, антыперспірантамі, духамі, ласьёнамі і іншымі крэмамі для цела, а таксама пудрамі для цела, бо яны могуць скажаць вынік. Нарэшце, за сем дзён да калонаскапіі адмоўцеся ад прэпаратаў жалеза, а прыкладна за тры дні — ад прадуктаў цёмнага колеру і багатай на клятчатку ежы.