З'явіўся сэрвіс для разблакавання банкаўскіх картак
Банкаўскі працэсінгавы цэнтр запусціў новы сэрвіс для разблакавання картак. Ён запрацаваў у канцы снежня, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.
19.01.2023 / 17:57
Гаворка ідзе пра аператыўнае разблакаванне банкаўскай плацежнай карткі, калі тая была заблакаваная пасля няслушнага набору ПІН-кода.
Новы сэрвіс вяртае картку да жыцця з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы Interactive Voice Response. Ён даступны кліентам усіх банкаў, якія працуюць з працэсінгавым цэнтрам.
Разблакаваць картку без чакання і злучэння з аператарам можна
па тэлефоне +375 17 299 2525. Набраць нумар трэба з мабільнага тэлефона, які трымальнік пазначыў у анкеце банка пры афармленні банкаўскай карткі, а затым увесці апошнія 4 лічбы нумара карткі.
У банкаўскім працэсінгавым цэнтры ўдакладнілі, што абавязковая аўтэнтыфікацыя праходзіць аўтаматычна па нумары мабільнага тэлефона. У выпадку няўдалай аўтэнтыфікацыі сістэма злучыць трымальніка са спецыялістам службы сэрвісу кліентаў.
У кампаніі таксама звярнулі ўвагу, што для атрымання паслугі важна дакладна пазначаць і своечасова абнаўляць інфармацыю аб нумарах мабільных тэлефонаў у базе звестак банка.