У Беларусь прыляцелі яшчэ два расійскія бамбавікі-ракетаносцы

Групоўка расійскіх Узброеных сіл у Беларусі папоўнілася яшчэ двума бамбавікамі Су-24 ваенна-касмічных сіл Расіі. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

19.01.2023 / 22:22

Паводле звестак «Беларускага Гаюна», 19 студзеня з Расіі на ваенны аэрадром Баранавічы прыляцелі два бамбавікі Су-24 ВКС РФ.

«Гэта самалёты з рэгістрацыйнымі нумарамі RF-54408 і RF-54409, якія прызямліліся на аэрадром «Баранавічы» ў прамежку паміж 11:00 і 11:15. Такім чынам, змянілася колькасць групоўкі ВС РФ у РБ», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама паведамляецца, што падчас вучэнняў у Беларусі адбываліся палёты расійскіх самалётаў МіГ-31К з ракетамі «Кінжал» на борце. Гэта бачна на апублікаваным Міністэрствам абароны Беларусі відэа сённяшніх узлётаў названых самалётаў з аэрадрома ў Мачулішчах пад Мінскам.

«На кадрах ведамства, а дакладней тэлеканала ВаенТВ, можна заўважыць, што МіГ-31К рабілі ўзлёты разам з гіпергукавымі аэрабалістычнымі ракетамі Х-47М2 «Кінжал», — адзначае маніторынгавая група.

Апроч таго, на відэа бачна, што на самалётах замазаныя бартавыя нумары.

Nashaniva.com