Вярнуцца ў Беларусь плануюць 42%. Што паказала даследаванне беларусаў замежжа

Апублікавалі вынікі апытання беларусаў замежжа і тых, хто ўнутры краіны. Як выглядае тыповы эмігрант? Хто больш можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі — тыя, хто застаўся, ці тыя, хто з'ехаў? Публікуем самае цікавае.

20.01.2023 / 13:39

З 3 па 30 кастрычніка 2022 года Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне» правялі анлайн-даследаванне беларусаў замежжа. Быў апытаны 1631 рэспандэнт за межамі Беларусі і 1267 чалавек унутры краіны. 

Беларусы замежжа — хто яны?

Тыповы прадстаўнік беларускай дыяспары — гэта хутчэй мужчына, якому 30-35 гадоў, з вышэйшай адукацыяй і даходам вышэйшым за сярэдні. У 2021—2022 гадах ён пакінуў Беларусь па палітычных матывах і цяпер жыве ў Польшчы.

«У цэлым беларускую дыяспару можна ахарактарызаваць як маладую, адукаваную і нядрэнна забяспечаную, якая пакінула Беларусь з меркаванняў бяспекі», — адзначаецца ў даследаванні.

Пераважная большасць беларускай дыяспары — гэта людзі з вышэйшай адукацыяй (73,5% рэспандэнтаў). Яшчэ 12,8% маюць адукацыю пасля ВНУ.

Большая частка прадстаўнікоў беларускай дыяспары мае параўнальна высокія заробкі: 12% маюць вельмі высокія даходы; 33,5% валодаюць сродкамі, дастатковымі для куплі аўтамабіля; 27,8% могуць свабодна дазволіць сабе дарагія пакупкі.

Топ краін для пераезду — Польшча, Грузія і Літва

Тры краіны, дзе знаходзіцца найбольш актыўных беларусаў, — Польшча (45%), Грузія (10,1%) і Літва (8,4%). На чацвёртым месцы — Германія (6,4%).

Цікава, што найбольшую долю беларусаў у дыяспарах Старой Еўропы (Германія, Францыя, Англія і г.д.), Новага Свету (ЗША, Канада, Аўстралія і г.д.) і Расіі складаюць людзі, якія пакінулі Беларусь да 2015 года. На другім месцы — тыя, хто прыехаў у перыяд паміж 2015 і 2019 гадамі.

У Польшчы (як у іншых еўрапейскіх краінах, якія не ўваходзяць у Старую Еўропу) максімальнае папаўненне беларускай дыяспары адбылося ў 2021 годзе (адпаведныя даныя за 2022-гі — крыху ніжэйшыя). У грузінскай і літоўскай дыяспарах найбольшае папаўненне, згодна з апытаннем, адбылося ў 2022 годзе.

Ці вернуцца беларусы на радзіму?

42,1% беларусаў замежжа плануюць вярнуцца ў Беларусь, 35,6% цяжка адказаць на гэта пытанне. Не плануюць вяртацца 25,3%.

Асноўная перашкода — рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Скрыншот сумеснага даследавання Цэнтра новых ідэй і «Народнага апытання»

«Але гэта адказы ў фармаце «тут і цяпер». Калі ж глядзець на размеркаванне адказаў у часавым разрэзе, у прыватнасці скрозь прызму розных хваляў эміграцыі, то становіцца відавочным просты факт: чым даўжэй чалавек знаходзіцца нават у вымушанай эміграцыі, тым слабейшыя яго ўстаноўкі на вяртанне на радзіму», — дзеляцца назіраннямі аўтары даследавання.

З’ехаўшыя і тыя, хто застаўся, — палярна розныя?

Важнай задачай даследавання было вызначыць, наколькі адрозніваюцца (і ці адрозніваюцца) па ключавых пытаннях меркаванні беларусаў па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Для разумення сітуацыі можна параўнаць адказы на адны і тыя ж пытанні, якія даюць беларусы замежжа і беларусы ўнутры краіны.

Адно з пытанняў — хто цяпер мае больш магчымасцяў уздзейнічаць на сітуацыю ў Беларусі. Найбольш распаўсюджаным адказам з’яўляецца дастаткова аптымістычны варыянт: «і тыя, і іншыя». Сярод беларусаў, якія з’ехалі, такі варыянт выбрала амаль палова рэспандэнтаў (49,6%), а сярод тых, хто застаўся ў краіне, — траціна (33,6%).

На другім месцы песімістычнае: «ніхто не мае такой магчымасці». Яго часцей выбіралі беларусы ўнутры краіны (26,9%), сярод дыяспары такая ацэнка менш распаўсюджаная (16,4%).

На трэцім месцы — надзея на беларусаў замежжа. Прычым яе ўзровень вышэй унутры краіны, чым за мяжой (22,4% супраць 14,5%).

«У цэлым, і дыяспара, і беларусы ўнутры краіны разумеюць, што ўздзейнічаць на рэжым і дасягаць мэт пратэсту можна толькі сумеснымі намаганнямі. У той жа час для беларусаў унутры краіны больш характэрныя песімістычныя настроі, якія падводзяць іх да надзеі на дыяспару як на галоўнага актара ў абароне сваіх інтарэсаў і магчымым пазітыўным развіцці сітуацыі ў краіне», — падсумоўваецца ў публікацыі.

Адзін з блокаў пытанняў, накіраваных на параўнанне меркаванняў дзвюх груп беларусаў, складаўся са сцвярджэнняў, з якімі рэспандэнты выказвалі сваю згоду або нязгоду.

«У беларусаў за мяжой скажонае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і пра настроі беларусаў»? Беларуская дыяспара часцей лічыць свае ўяўленні разбежнымі з уяўленнямі беларусаў унутры краіны (43,5%), чым беларусы ўнутры краіны (35,1%).

Таксама падчас даследавання прагучала і дыскусійнае пытанне аб пратэстах у сучаснай рэчаіснасці. Рэспандэнтам прапанавалі выказаць сваё меркаванне да сцвярджэння «Беларусы за мяжой чакаюць ад беларусаў унутры краіны больш пратэснай дзейнасці, чым тыя могуць рэалізаваць».

«Распачатая вайна паміж Расіяй і Украінай, безумоўна, абвастрыла сітуацыю ў Беларусі. Міжнародная супольнасць, а разам з ёй і беларуская дыяспара за мяжой, для падтрымання наратыва аб адрозненні беларускага народа і рэжыму Лукашэнкі стала патрабаваць ад беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне, больш актыўных дзеянняў па супрацьстаянні беларускаму рэжыму, які падтрымаў расійскую агрэсію. Гэты ціск адчулі як беларусы ўнутры краіны, так і дыяспара», — пішуць аўтары апытання.

Таму і беларусы ўнутры краіны (59,8%), і сама дыяспара (50%) згодныя, што ад беларусаў унутры краіны чакаюць большага, чым тыя могуць рэалізаваць.

Ці дыскрымінуюць беларусаў у іншых краінах?

Пачатак ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны паслужыў падставай для прадузятых адносін не толькі да расіян, але і да беларусаў. Выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для наступу расійскіх войскаў на Украіну ў вачах абывацеля ў пэўнай ступені выраўнавала расіян і беларусаў у статусе агрэсараў.

Адносная даўнасць падзей беларускага пратэсту 2020 года, а таксама адсутнасць значных поспехаў гэтага руху ў наступным, прывялі да пэўнага інфармацыйнага зліцця рэжыму Лукашэнкі і беларускага народа.

«Аналіз атрыманых даных гаворыць пра тое, што элементы дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце адзначаюцца, аднак яны не маюць сістэмнага характару, а сама выява беларусаў не тоесная выяве агрэсара ў вайне на тэрыторыі Украіны. У той жа час вайна значна адбілася на іміджы беларусаў і прывяла да развіцця пэўных форм прадузятага да іх стаўлення», — адзначаюць сацыёлагі.

Паводле «Народнага апытання», 39,4% беларусаў у эміграцыі пасля пачатку вайны сутыкнуліся з прадузятым стаўленнем з прычыны свайго паходжання, сярод іх знаёмых з дыскрымінацыяй сутыкнуліся 57,9%.

Найбольш распаўсюджанымі формамі дыскрымінацыі, на якія звярнулі ўвагу рэспандэнты, былі абразы (16,5%) і пагрозы (4,1%) падчас стасункаў у інтэрнэце, адмова абслугоўвання ў банках (11,7%), абразы ў асабістых стасунках з боку незнаёмых людзей (10,6%), а таксама адмовы ў здачы жылля (6, 4%).

Амаль кожны 10-ты беларус ведае пра выпадкі наўмыснага псавання маёмасці і адмовы ў прыёме на працу ў асяроддзі сваіх знаёмых.

«У якасці праблемных абласцей далейшага вывучэння дыскрымінацыі беларусаў варта звярнуць увагу на дыскрымінацыю беларусаў у Грузіі і на Каўказе ў цэлым, на працу банкаўскай сферы ў краінах Паўднёвай Еўропы, а таксама выпадкі псавання маёмасці беларусаў у краінах Скандынавіі», — пішуць даследчыкі.

Nashaniva.com