Мэрыем Герасіменка далі тры гады «хатняй хіміі»

Спявачку Мэрыем Герасіменка, затрыманую ўлетку з-за песні на ўкраінскай мове, асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Такі прысуд вынесла суддзя Вікторыя Шабуня, піша «Вясна».

20.01.2023 / 19:21

Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня пасля канцэрта ў мінскім бары «Банкі-бутэлькі», дзе спявачка выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песні на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.

Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

Мэрыем — лідарка гурта Meriem Band і аўтарка шматлікіх сінглаў. Спявачка атрымала шырокую вядомасць пасля ўдзелу ў некалькіх вакальных шоу. Так, напрыклад, яна брала ўдзел ва ўкраінскім песенным конкурсе «Голос країни» ў 2018 годзе.

Nashaniva.com