Бацька палітвязня Міколы Дзядка: Падтрымкі вельмі не хапае
Палітвязень і актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок за кратамі ўжо 800 дзён. Цяпер ён адбывае пакаранне ў турме Гродна. Бацька хлопца Аляксандр расказаў «Новаму часу» апошнія навіны ад сына.
22.01.2023 / 16:54
Бацька палітвязня распавёў, што таму дазволілі званок.
«Мікола тэлефанаваў, яму дазволілі 5 хвілін размовы. Я пачуў яго голас, адчуў ягоны настрой. Хачу сказаць, Мікола ў нас проста вялікі чалавек! Нават у гэтых абставінах з ім застаецца пачуццё гумару. Размова была, як звычайна, даволі сумбурная, бо шмат што хочацца сказаць, але стараліся паспець вымавіць адзін аднаму самае патрэбнае.
У Міколы ўсё добра. Праўда, нядаўна адсядзеў сем сутак у ШІЗА, пакуль не ведаю, за што. Але цяпер усё ў парадку. Сядзіць ён у камеры, чытае кніжкі. Са здароўем крыху ёсць праблемы, але мы рыхтуем для яго медыцынскую перадачу, з мясцовым доктарам ён яе ўзгадніў», — падзяліўся Аляксандр.
У лістах Мікола піша, што досвед няволі для яго — спосаб самаўдасканалення.
Бацька прызнаецца, што не атрымлівае дастатковай падтрымкі з боку беларусаў і міжнароднай супольнасці.
«Ніякай. Я стараюся заўсёды быць у сацсетках, усё чытаць… Але пра Міколу даўно нічога не чытаў.
Пра матэрыяльную падтрымку не кажу, патроху самі спраўляемся, нам гэта не ў навінку. Але маральнай падтрымкі вельмі не хапае», — адзначыў ён.
Палітыку ў лістах абмяркоўваць нельга, таму навіны пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце, Мікола чуе па беларускім радыё.
«Але Мікалай разумны чалавек, ён усё бачыць, усё правільна аналізуе. Што самае галоўнае — ён хоча, каб людзі жылі ў міры, дабрыні і шчасці! Таму тое, што адбываецца, для Міколы адназначна непрымальна», — кажа бацька.
Нагадаем, Мікалай Дзядок атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі. ГУБАЗіК катаваў хлопца пры затрыманні. У ліпені 2022-га палітвязня перавялі з калоніі на турэмны рэжым.