У Дзярждуме прапанавалі ўвесці папярэдні запіс для выезду з Расіі на машыне
Згодна з законапраектам, які прапануе дэпутат Яўген Масквічоў, расіянам, якія хочуць выехаць з краіны на аўтамабілі, прыйдзецца загадзя рэзерваваць дату і час перасячэння мяжы, піша Бі-бі-сі.
24.01.2023 / 10:39
Браніраваць дату і час выезду можна будзе праз платформу дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы электронных перавозачных дакументаў, падведамнай Мінтрансу.
Заяўнік зможа выбраць любыя дату і час, акрамя ўжо забраніраваных слотаў.
У верасні мінулага года, калі ў Расіі была абвешчаная мабілізацыя, на некаторых кірунках выезду з краіны ўтварыліся масавыя заторы. На пад'ездах да шэрагу пунктаў перасячэння мяжы людзі стаялі па некалькі сутак. Пры гэтым былі выпадкі, калі грамадзянам адмаўлялі ў выездзе.
Электронны запіс для браніравання месца ў чарзе для перасячэння мяжы на аўтамабілі ёсць і з другога боку мяжы Расіі — напрыклад, на прапускным пункце ў горадзе Нарва ў Эстоніі. На іншых пагранпунктах на расійска-эстонскай мяжы можна праехаць без запісу.
Дэпутат Масквічоў прапануе ўвесці такі парадак перасячэння мяжы ўжо з 1 сакавіка гэтага года.