Bloomberg: ЕС прапануе новыя санкцыі супраць лукашэнкаўцаў за суўдзел у вайне. Роўныя расійскім
Еўрапейскі Саюз прапанаваў новы пакет маштабных санкцый, накіраваных супраць Беларусі за яе ролю ў падтрымцы ўварвання Расіі ва Украіну. Так сцвярджае агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на атрыманыя ім дакументы.
26.01.2023 / 23:58
Прапанаваныя меры прывядуць санкцыі супраць Мінска ў адпаведнасць з многімі санкцыйнымі пакетамі, якія ЕС раней наклаў на Расію, уключаючы абмежаванні на ключавыя тэхналогіі і энергетычны сектар краіны.
Да прапанаваных мер адносяцца:
- экспартныя забароны на тавары і тэхналогіі падвойнага прызначэння, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах і якія могуць павысіць прамысловы патэнцыял краіны;
- санкцыі ў дачыненні да нафты, вугалю, металапрадукцыі і золата;
- гандлёвыя абмежаванні на прадметы раскошы, інвестыцыі і аказанне пэўных паслуг;
- мерапрыемствы, якія ўдараць па авіяцыйным і энергетычным сектарах краіны і ключавых крыніцах даходаў.
Падобна да санкцый, уведзеных супраць Расіі, прапановы ўтрымліваюць выключэнні для лекавых сродкаў, сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі.
Прапанаваныя меры патрабуюць падтрымкі ўсіх дзяржаў-членаў ЕС.
Паралельна Еўрасаюз працуе над дзясятым пакетам санкцый, накіраваным супраць Расіі, а таксама цэнавым абмежаваннем на расійскія нафтапрадукты. Абодва дакументы хочуць прыняць да пачатку нафтавага эмбарга на наступным тыдні.