Навоша: Перамога Арыны Сабаленка нават пад нейтральным сцягам — рэдкая нагода для самасцвярджэння людажэрнай дыктатуры
Вядомы медыяменеджар, сузаснавальнік папулярных спартовых рэсурсаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша абурыўся прапановай кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта дапусціць расійскіх і беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды.
28.01.2023 / 23:04
«Адхіленне з-за пашпарта не адпавядае каштоўнасцям», — кажа кіраўнік МАК Томас Бах, і прамацвае цяпер ваду ідэяй «ну згуляюць пуціністы/лукашысты на Алімпіядзе пад нейтральным сцягам, што тут такога».
Я раскажу вам, што. На сённяшнім прыкладзе, Сабаленка і лукашыстаў.
Перамога жыхаркі Штатаў Арыны Сабаленка (домам яна ў інтэрвʼю называе Маямі) нават пад нейтральным сцягам — рэдкая нагода для самасцвярджэння людаедскай дыктатуры. Удалы акампанемент праклёнам і пагрозам на адрас тых, хто з дыктатурай змагаецца. А таксама праваеннай, антыўкраінскай і антызаходняй рыторыкі на ўсіх прапагандысцкіх рэсурсах.
Думаю, МАК і Томас Бах дзейнічаюць з лепшых, ідэалістычных памкненняў.
Выбухаў з Лазаны не чуць, злачынствы дыктатур не змяшчаюцца ў галаве (і таму ігнаруюцца як тыя, што не маюць дачынення да справы), вайна глыбока на перыферыі іх свядомасці. Прапанова Зяленскага Баху нанесці візіт у Бахмут — больш чым каламбур. Гэта праўда дапамагло б кіраўніку МАК зразумець больш.
Спорт не проста «можа» выкарыстоўвацца расійскай і беларускай дыктатурамі для нармалізацыі ненармальнага, для апраўдання ранейшых злачынстваў і планавання новых. Ён будзе для гэтага выкарыстоўвацца. Цяпер, калі дыктатурам тэрмінова патрэбныя хоць нейкія пацверджанні сваёй праваты, хоць нейкія поспехі, новыя рэсурсы мабілізацыі, ён будзе выкарыстаны толькі так», — напісаў Дзмітрый Навоша.
Сёння Арына Сабаленка выйграла Australian Open. Лукашэнка і прапагандысты выкарысталі гэта напоўніцу. І, зразумела, гэта толькі пачатак.
Таксама сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў супраць удзелу расіян і беларусаў у Алімпіядзе пад нейтральным сцягам.
«Алімпійскія прынцыпы і вайна — фундаментальна процілеглыя адно аднаму. Расія павінна спыніць агрэсію і тэрор, і толькі пасля гэтага можна будзе казаць пра расійскі ўдзел у кантэксце алімпійскага руху», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Свой пост у тэлеграм-канале Зяленскі суправадзіў серыяй фатаграфій разбураных залаў і футбольных палёў, а таксама ўкраінскіх спартсменаў, якія трэніруюцца там.
Раней кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах, разважаючы ў кулуарах пра магчымасці ўдзелу Расіі ў Алімпійскіх гульнях 2024 года, заявіў, што адхіленне спартсменаў толькі з-за іх пашпартоў не адпавядае каштоўнасцям і місіі Алімпійскай хартыі.